Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Італія — Піза, Чынквэ-Тэрэ

Правінцыя Спэцыя, Ліґурыя, Італія, травень 2009
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Усе, з кім даводзілася размаўляць пра Пізу, раілі не марнаваць на яе цэлы дзень, бо «акрамя вежы там няма нічога цікавага». А сястра параіла зьездзіць у нацыянальны парк Чинквэ-Тэрэ («Пяць земляў»), разьмешчаны на паўночным беразе Тырэнскага мора. Паколькі Піза ляжала акурат на шляху ад Флярэнцыі да Чынквэ-Тэрэ, выбар маршруту быў відавочны.

Піза — правінцыйны горад.

 

Выдатная ідэя — выпуклае люстра паляпшае бачнасьць на скрыжаваньні з дрэнным аглядам.

 

Старажытны акведук арґанічна ўпісваецца ў сучасную забудову.

 

Цэнтар, як і належыць, запоўнены турыстамі і прыемна абшарпаны.

 

Нэґры ня проста просяць міласьціну, як у Нэапалі, а нават працуюць, спрабуючы прадаць турыстам падробленыя гадзіньнікі. Турыст, які іх купляе рызыкуе атрымаць буйны штраф.

 

Усе дамы забясьпечаныя аканіцамі з кратамі, якія абараняюць ад сонца і злодзеяў, і якія можна адкрыць, а можна проста прыўзьняць. У Пізе яны амаль заўсёды зялёныя.

 

Стаянкі для ровараў пазначаныя разьметкай.

 

Фіят 500 Л. Спачатку я падумаў, што гэта тая самая машына, зь якое быў скапіяваны першы «Запарожац», але правобразам апошняга варта лічыць больш буйны шасьцісоты Фіят.

 

Берагі Анро нават у цэнтры маляўніча пакрытыя чаротам і травой.

 

Сярэднестатыстычны турыст звычайна прыязджае сюды для таго, каб ўзьлезьці на слупок і сфатаґрафавацца з выцягнутай рукой, каб на фатаґрафіі здавалася, што ён падпірае рукой Пізанскую вежу. Цёлкі таксама робяць дадатковую фатаґрафію, дзе яны нахіляюцца наперад і выцягваюць вусны трубачкай, выяўляючы пацалунак. Падчас усяго дзейства яны махаюць рукамі, бо слупкі зверху круглявыя і на іх складана трымаць раўнавагу. Потым фатаґрафіі выкладваюцца на розных фэйсбуках.

 

Часу, як заўсёды, не хапае, таму перанясемся далей.

 

Чынквэ-Тэрэ

Дарога туды ляжыць праз нецікавую частка горада, які называецца Спэцыя. Дзіўны знак пасярэдзіне адлюстроўвае ня тое сьмецьцявоз, ня тое кампэр, які вісіць у паветры над адтулінай у дарозе.

 

Ехаць прыходзіцца па пакручастым сэрпантын безь якіх-небудзь агароджаў. Як высьветлілася ўвечары, і без асьвятленьня таксама.

 

Езьдзіць тут зь нязвычкі даволі хвалююча, асабліва ўлічваючы тое, як езьдзяць тыя, хто ўжо прызвычаіўся.

 

Месца для стаянкі было ўрэшце рэшт знойдзена, а мужык зь Мілана, у якога тут дача, і які выпадкова апынуўся побач, падкінуў на вяршыню гары па зубчастай манарэйцы.

 

Чынквэ-Тэрэ - гэта такі нацыянальны парк, які складаецца з суцэльных паштовачных відаў.

 

Раней гэта былі бедныя рыбацкія вёскі. Вікіпэдыя паведаміла, што ў дадзеным рэґіёне традыцыйна размаўлялі на ліґурскай мове, якая бліжэй да францускай, чым да італійскай, і якая, што цікава, была роднай для Паґаніні і Ґарыбальдзі, але цяпер знаходзіцца ў заняпадзе.

 

Цяпер — дачна-турыстычныя пасёлкі.

 

Дачы далёка не фэшанэбэльныя, як можна было б падумаць.

 

Паміж пяцьцю пасёлкамі для зручнасьці ходзяць электрычкі.

 

Але лепш прайсьціся пешшу.

 

Бо тут навокал прыгажосьць.

 

Пекнасьць.

 

Ідылія.

 

Ва ўсім.

 

Менавіта гэтым і запомнілася мне Італія.