Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Елґава з вышыні

Елґаўскі край, Латвія, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Сёньня будзе падборка фотаздымкаў Елґавы з вышыні. Каб справіцца з завадзкім дэфэктам дрыготкай камэры ў Мавіка, давялося рабіць па некалькі здымкаў з кожнага ракурсу, але нават пры гэтым некаторыя ўсё адно не атрымаліся. Агульным чынам было зроблена 4 запускі — каля палаца Растрэлі, у цэнтры, каля царквы сьвятой Ганны і ля раёна, дзе мы жылі. На большае не хапіла батарэек, бо яны даволі хутка сядаюць.

У Латвіі вельмі адэкватныя правілы для беспілётнікаў. Лёгкія дроны не патрабуюць рэгістрацыі. Нельга лётаць у радыусе 5 кілямэтраў ад аэрапортаў, над урадавымі або ваеннымі аб’ектамі, вышэй за 120 мэтраў, а таксама над скопішчамі людзей, і трэба наклеіць на дрон сваё імя і кантактныя даныя. Калі вы не парушаеце гэтых правілаў, дазволаў і ўзгадненьняў ня трэба. Велізарны кантраст з усялякімі вахцёрска-мянтоўскімі краінамі накшталт Расеі і Беларусі, або краінамі, у якіх законы аб абароне прыватнасьці даходзяць да маразму, накшталт Аўстрыі і Швэцыі.

Палац Растрэлі трошкі зь іншага ракурсу, чым у мінулым апавяданьні. Частка яго знаходзіцца на рэканструкцыі. Дарэчы, зьвярніце ўвагу на тое, што задняе крыло прыкметна адрозьніваецца ад астатняга палаца па стылі. Гэта таму, што яго пабудавалі ўжо ў 20 стагодзьдзі, паміж 1936 і 1939 гадамі на месцы былых герцагскіх стайняў. Такія прыбудовы гэта дрэнная ідэя, але нажаль, гэтага як тады не разумелі, так і цяпер.

Палац Растрэлі ў Елґаве

 

За палацам знаходзіцца рака Дрыкса (рукаў Ліэлупе), а далей — горад. У правай частцы здымка можна разгледзець гарадзкі рынак і гандлёвы цэнтр «Tonuss» (у мінулым у ім былі лазьні і басэйн, цяпер толькі крамы).

Елґава з вышыні

 

Сам востраў амаль не забудаваны, бо яго часта падтапляе. Будынак у самым нізе — гасьцініца «Елґава», пабудаваная ў 1938 годзе.

Гасьцініца «Елґава»

 

Цэнтр і галоўны ўезд у Елґаву. Там наступны пункт нашага запуску.

Уезд у горад

 

Галоўная вуліца называецца «Liela iela», што даслоўна значыць проста «Вялікая вуліца». У савецкі час называлася, вядома ж, вуліцай Леніна, а помнік правадыру пралетарыяту стаяў на галоўнай плошчы. У 1991 годзе помнік апэратыўна дэмантавалі, а плошча атрымала даваеннае імя герцага Якаба (Hercoga Jēkaba ​​laukums), у гонар Якаба фон Кетлера (1610—1682), пры якім Курляндзкае герцагства, сталіцай якога была Мітава, дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасьці.

Галоўная вуліца Елґавы

 

Tā izskatās Jelgava no putna lidojuma augstuma (šis teikums ir paredzēts attēlu meklētājprogrammām).

Jelgava no putna lidojuma augstuma

 

Калі павярнуцца на поўнач і прыгледзецца, на заднім пляне віднеецца аэрадром. Унізе бачная вуліца Uzvaras.

Uzvaras iela

 

Від у іншы бок я ўжо паказваў у мінулым ападяваньні. Прыгожая новая набярэжная, пешаходны мост, захаваная вежа разбуранага Сабора Сьвятой тройцы. Каля вежы знаходзіцца помнік Янісу Чакстэ.

Вежа сабора Тройцы ў Елґаве

 

Чакстэ — самы першы прэзыдэнт Латвіі, які займаў гэтую пасаду з 1918 па 1927 год. Пасьля яго зьмянілася яшчэ два прэзыдэнты, а ў 1934 годзе адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Карліса Ульманiса, што праіснаваў да анэксіі Латвіі Савецкім Саюзам.

Помнік Янісу Чакстэ

 

Навясны пешаходны мост. Удалечыні бачны чыґуначны.

Пешаходны мост у Елґаве

 

Правей добра відаць дзьве царквы і Пятроўскую акадэмію. Удалечыні ў левай частцы здымка можна ўбачыць чыґуначны вакзал.

Цэрквы і акадэмія

 

Гістарычныя будынкі бліжэй.

Акадэмія, праваслаўная і каталіцкая цэрквы ў Елґаве

 

Ззаду застаўся палацавы парк. Далей дарога ідзе на Рыгу, праходзячы праз мікрараён РАФ, калісьці пабудаваны адмыслова для працоўных савецкага аўтагіганта.

Палацавы парк

 

Зараз давайце перанясемся да царквы сьвятой Ганны. Сабор, пабудаваны пры герцагу Фрыдрыху ў 1641 годзе зьяўляецца найстарэйшым у горадзе. Ззаду ідзе галоўная вуліца, а крама ў пяціпавярхоўцы ля пераходу была для мяне ў дзяцінстве адным з найзапаветнейшых месцаў, бо прадавала цацкі.

Царква сьвятой Ганны

 

Калі ледзь павярнуцца направа, можна ўбачыць мой дзіцячы садок — вось ён, унізе. Садок называўся «Звёздочка», па-латыску — «Zvaigznīte» («Зорачка»), туды хадзілі ў асноўным дзеці савецкіх вайскоўцаў, якія жылі ў горадзе. Крыху далей віднеецца вялікая колькасьць невялікіх гістарычных дамоў, гэта тая старая вуліца, фота якой таксама былі паказаныя ў мінулым апавяданьні. Справа удалечыні бачны гарбарны завод.

Дзіцячы сад «Zvaigznīte»

 

А гэта погляд з таго жа пункту ў бок цэнтру (у сярэдзіне добра відаць Сьвятатраецкую вежу). У левым ніжнім куце бачныя дахі карпусоў Елґаўскага машзаводу. Пасьля распаду СССР завод змог выжыць у новых умовах, і па-ранейшаму вырабляе прамысловае змазачнае абсталяваньне.

Елґава

 

Калі ж паглядзець у іншы бок, то там будзе Дубовы сквэр (Ozolskvērs), названы так у гонар старадаўняга дуба, што расьце пасярэдзіне. Дуб відаць у самым цэнтры здымка. Прама над ім можна разглядзець белы трохпавярховы будынак з шэрым спусьцістым дахам — у ім раней знаходзілася мая пачатковая школа.

Ozolskvērs

 

Удалечыні віднеецца мікрараён Satiksme, а таксама 3 пяціпавярхоўкі, дзе мы жылі — яны асобна стаяць сярод прыватнага сэктару. Перанясемся туды.

Елґава

 

Нашая вуліца, Lidotāju iela. У перакладзе з латыскай ейная назва значыць «вуліца лётчыкаў». У гэтых 3 пяціпавярхоўках жылі ў асноўным тыя, хто быў неяк зьвязаны зь Елґаўскім ваенным аэрадромам. Мы жылі спачатку ў першым доме справа, а ў 1986 годзе пераехалі ў левы.

Lidotāju iela

 

З усіх бакоў гэтыя пяціпавярхоўкі атачаў прыватны сэктар. Але калі ў шматпавярхоўках усе былі расейскамоўнымі, то прыватныя дамы былі латыскімі. Цяпер дзіўна думаць пра тое, што нягледзячы на ​​блізкае суседзтва, паміж намі і латыскімі дзецьмі была нейкая адчужанасьць, мы з імі не гулялі, а яны з намі, і калі даводзілася зь імі перасякацца, то толькі выпадкова, напрыклад, да іх у двор залятаў мяч. Так ужо атрымліваецца, што адны людзі ствараюць нейкія штучныя бар’еры, а іншыя ўспрымаюць іх як нешта натуральнае, не задумваючыся, што ўсе гэтыя бар’еры прыдуманыя і навязаныя. Бо ў рэальнасьці агульнага ў нас усіх значна больш, і паразуменьне заўсёды знаходзіцца вельмі хутка і проста, калі хацець і спрабаваць яго знайсьці.

Прыватны сэктар

 

Ззаду нашай пяціпавярхоўкі раней была пустка, які мы называлі «балотам». «Балота» было ў нас адным з галоўных месцаў для гулянак. Калі мне не зьмяняе дзіцячая памяць, у сярэдзіне васьмідзесятых там яшчэ былі старыя прыватныя дамы, потым па нейкай прычыне яны былі закінутыя і паступова разбураныя. Цяпер «балота» забудавана зноўку, пусткі больш няма.

Вуліца Лідотаю

 

Наш двор і дом. Зялёнай стрэлкай пазначаная кватэра, дзе мы жылі з 1986 па 1991 год, а чырвонай — з 1991 па 1996.

Наш дом

 

Прама побач з нашымі дамамі знаходзілася латышская сярэдняя школа №1 (цяпер Елґаўская сярэдняя школа тэхналёгіяў). Школа знамянальная тым, што менавіта ў ёй ў 1989 годзе зарадзіўся найпасьпяховейшы ў гісторыі Латвіі рок-гурт Prāta vētra, за межамі краіны больш вядомы як Brainstorm. Гурт заняў 3 месца на Эўравізіі-2000 і цяпер папулярны ня толькі ў Латвіі, але і ў Эўропе і Расеі (на «Нашем радио» можна часта пачуць іх расейскамоўныя песьні, яны пэрыядычна зьяўляюцца ў розных тэлеперадачах і даюць канцэрты). Prāta vētra (назва перакладаецца як «бура розуму» або як «мазґавы штурм») была створана пяцьцю сябрамі, што вучыліся ў старэйшых клясах гэтай школы. Сёньня ўдзельнікаў засталося 4, бо адзін з музыкаў трагічна загінуў у 2004 годзе. Наогул рэкамендую іх паслухаць, музыка вельмі якасная і песьні з сэнсам.

Jelgavas tehnoloģiju vidusskola no augstuma

 

За школай у савецкі час знаходзілася будаўнічая ваенная частка. А вышэй па вуліцы Meiju ceļš (у савецкі час — Dzilnas iela) была прадуктовая крама, тут яе відаць у левай ніжняй частцы здымка (цяпер там «Maxima», гэта літоўская сетка супэрмаркетаў). Круглае возера з востравам удалечыні выкапалі ў дзевяностых, раней там было балота. За возерам знаходзіцца гаражны масыў, у якім калісьці быў татаў гараж. Лес у левай частцы здымка раней быў аэрадромам.

ўскраіна

Як бачыце, я тут ужо напалову ва ўспамінах дзяцінства, і ў наступным апавяданьні будуць менавіта яны.