Елґава
Елґаўскі край, Латвія, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы
Елґава — горад, дзе прайшлі маё дзяцінства і раньнепадлеткавыя гады. Я прыехаў сюды ва ўзросьце 3 месяцаў, а зьехаў за месяц да 16-годзьдзя. Перад тым, як пачаць пра яе пісаць, я доўга думаў, у якім фармаце гэта рабіць. Паглядзець на яе як турыст, або ж як чалавек, што праз 20 гадоў вярнуўся ў знаёмыя мясьціны. У рэшце рэшт вырашыў, што зраблю і тое, і іншае, а таксама апублікую асобную падборку здымкаў з паветра.
Агульны выгляд і славутасьці
Е́лґава (націск на першым складзе, хоць усе мясцовыя расейскамоўныя кажуць Елґа́ва) знаходзіцца ў гадзіне язды на паўднёвы захад ад Рыгі. Тут жыве каля 58 000 чалавек, што па мерках Латвіі даволі шмат. Нямецкая назва горада — Mitau, адсюль старая руская назва Міта́ва, якая выкарыстоўвалася да 1918 году. Да другой сусьветнай вайны горад быў вельмі прыгожым, тут было шмат старой нямецкай архітэктуры, але да канца вайны 90% пабудоў было разбурана. Савецкая ўлада замарочвацца з рэканструкцыяй ня стала, горад проста забудавалі аднастайнымі панэльнымі пяціпавярхоўкамі. Таму для большасьці турыстаў Елґава цікавасьці не прадстаўляе. Звычайна калі тут хтосьці бывае, то толькі праездам, каб паглядзець палац Растрэлі. Зь яго й пачнем.
Мітаўскі замак (Mitauburg, Jelgavas pils) — палац у стылі барока на беразе Ліелупе, пабудаваны па праекце архітэктара Барталямэо Растрэлі, і падобны на іншыя творы архітэктара, найвядомейшы зь якіх — Зімовы палац у Пецярбургу. Палацам Елґава абавязаная Курляндзкаму герцагу Эрнсту Бірону (1690—1772), які быў фаварытам расейскай імпэратрыцы Лізаветы Пятроўны, меў вялікі ўплыў і атрымліваў зь дзяржаўнай казны шмат грошай. Акрамя гэтага будынка, Растрэлі таксама спраектаваў для герцага летні палац у Рундале. У адрозьненьне ад Рундальскага палаца, у якога захавалася ўсё ўнутранае ўбраньне, гэты быў у 1918 годзе начыста разрабаваны і спалены. Цяпер унутры разьмяшчаецца Латвійскі сельскагаспадарчы унівэрсытэт.
Шыкоўны архітэктурны помнік. Памятаю, што захапляўся ім яшчэ ў дзяцінстве, хоць і ня мог тады ацаніць, наколькі гэта магутны твор.
Чымсьці падобны на палац будынак Пятроўскай Акадэміі (Academia Petrina), заснаванай сынам Эрнста Бірона Пятром (1724—1800). Будынак Акадэміі па праекце архітэктара Сэвэрына Енсэна быў пабудаваны ў 1775 годзе. Цяпер у ім гарадзкі музэй гісторыі і мастацтва.
У горадзе таксама захавалася некаторы колькасьць старых цэркваў. Галоўны каталіцкі храм — сабор Беззаганнай панны Марыі. Вельмі падобны на цэрквы, якія можна ўбачыць у нямецкіх гарадах.
А гэта лютэранскі сабор сьвятое Ганны (праз дарогу ад яго знаходзіўся мой дзіцячы садок). У адрозьненьне ад летувісаў, якія пераважна каталікі, і эстонцаў, якія пераважна лютэране, у латышоў няма такой выразнай большасьці — лютэран каля 708 тысячаў, каталікоў — цэлых 430 тысячаў. Зрэшты, рэлігійныя адрозьненьні ў Латвіі ніякай ролі ня граюць, у адрозьненьне ад культурна-этнічных.
Паколькі ў Латвіі шмат расейцаў, трэцяй па велічыні групай зьяўляюцца праваслаўныя. Галоўны праваслаўны храм — Сабор Сымона і Ганны, адноўлены ў 1990-я.
У самым цэнтры гораду калісьці знаходзіўся сабор Сьвятой Тройцы. Па словах дзядзі Аўстрыса, у гэтую царкву хадзілі толькі немцы, а латышоў туды не пускалі. Пасьля вайны ад сабора засталася толькі каменная частка вежы без званіцы, якая некалькі дзесяцігодзьдзяў стаяла закінутай. Сабор так і не аднавілі, але пазьней ператварылі вежу ў музэйны аб’ект. Цяпер наверх можна падняцца, каб паглядзець на галоўную плошчу праз шкляны дах.
Ад старой Елґавы захавалася шмат раскіданай па горадзе гістарычнай забудовы. Нажаль, гэта пераважна прасьценькія дамы з тагачасных ускраін. Парадная архітэктура цэнтра была страчаная, але па старых фота можна зразумець, што ён быў падобны на тое, што цяпер можна сустрэць у невялікіх нямецкіх гарадах. Калі б ён захаваўся, тут было б нашмат цікавей з турыстычнага пункту гледжаньня.
Адна з вуліц старога гораду захавалася амаль у цэласнасьці (яшчэ раз падкрэсьлю, што гэта непарадная вуліца, якая калісьці была ўскраінай). У савецкі час яна была вельмі запушчанай, дамы былі паўразбураныя, а жылі тут пераважна цыґаны.
Цяпер яе больш-менш рэстаўруюць.
Дамы пераважна драўляныя. Сустракаецца фахвэрк. На вуліцы захаваўся арыгінальны брук, а тратуарную плітку паклалі нядаўна.
Рэч, якая мне вельмі падабалася ў дзяцінстве — у старых драўляных дамах, вокны якіх часта выходзяць прама на тратуар, прынята ставіць розныя фігуркі й цацкі.
Узоры цікавейшай архітэктуры ўсё ж сустракаюцца. У дзяцінстве кожнага дня хадзіў паўз гэтыя дамы, але ня ведаў, наколькі яны каштоўныя.
Гарадзкая гарбарня, цікавы індустрыяльны помнік пачатку 20 стагодзьдзя. Раней заводы таксама будавалі з ґустам. Стан, праўда, вымушае жадаць лепшага. Міма гэтага будынка я шмат гадоў хадзіў спачатку ў дзіцячы садок, а затым у пачатковую школу.
Цікавая занедбанка, падобна, калісьці тут быў часткова каменны, часткова драўляны дом, потым драўлянай часткі ня стала, а каменны касьцяк дагэтуль стаіць.
Часам сустракаюцца дамы з бакавой вежкай, як у Юрмале.
Даўніны, калі прыглядацца, вельмі шмат, праўда, яе стан часта пакідае сумнае адчуваньне, асабліва калі гэта невялікія прыватныя дамы.
У любым выпадку, прайсьціся тут цікава.
Будынкі, пабудаваныя напачатку 20 стагодзьдзя і ў часы першай незалежнасьці (1918—1940 гг.).
Прыклады будынкаў міжваеннага пэрыяду — былы паштамт і (на другім фота) гасьцініца «Елґава»
Савецкага нэаклясыцызму («сталінак») амаль няма — у трыццатыя Латвія была незалежнай, у саракавыя была вайна, пасьля яе да такіх маленькіх гарадоў рукі не даходзілі, а потым прыйшоў Хрушчоў і пачалося змаганьне з празьмернасьцямі. Мабыць, адзіны будынак, пабудаваны ў гэтым стылі — былы кінатэатр (а цяпер бізнэс-цэнтр) «Зэмґале» (1954). Будынак тыпавы, пабудаваны па масавым праекце «кінатэатр на 600 месцаў» Гіпракіно — у яго ёсьць дзесяткі клонаў у многіх гарадах былога СССР. У 2008 годзе яго адрэстаўравалі, прымайстраваўшы шкляныя элемэнты, што абсалютна ня ўпісваюцца ў стыль.
Асноўную ж частка жылога фонду складаюць розныя тыпавыя пяціпавярхоўкі праектаў 1960-х, 1970-х і 1980-х гадоў.
Ёсьць панэлькі 9 і 12 паверхаў, але іх можна пералічыць па пальцах.
Як ужо гаварылася вышэй, пра Елґаўскую архітэктуру савецкага пэрыяду сказаць асабліва няма чаго — усё забудаванае тыпавымі савецкімі праектамі крам, школ, адміністрацыйных будынкаў ніжняга сэгмэнту, т. б. простых, таньнейшых у будаўніцтве, прызначаных для невялікіх гарадоў і райцэнтраў.
Дом спорту Сельскагаспадарчага унівэрсытэту (тут я 5 гадоў займаўся плаваньнем) пабудаваны па тым жа праекце, што і Белгародзкі палац спорту «Спартак».
У пэрыяд пасьля атрыманьня незалежнасьці новых будынкаў было пабудавана вельмі мала (вострай неабходнасьці ў новым будаўніцтве няма, бо насельніцтва з 1989 году працягвае скарачацца). Пра іх таксама нічога асаблівага сказаць нельга.
Што зьмянілася да лепшага
Давайце паглядзім, што тут бясспрэчна палепшылася. У першую чаргу хочацца адзначыць ператварэньне цэнтральных вуліц.
Вуліцы добраўпарадкаваны, тратуары адрамантаваныя, будынкі акуратна адрэстаўраваны.
Вакол клумбы і плітка.
У горадзе спрабуюць ствараць роварную інфраструктуру, і хтосьці ёй нават карыстаецца.
Пешаходная інфраструктура таксама добрая. Шмат пераходаў, усюды сьветлафоры. Падземных пераходаў у Елґаве няма, але ў гэтым ёй проста пашанцавала з-за памеру — горад быў невялікі, машын мала, інтэнсыўнага руху не было, пераходаў ня выкапалі. У Рызе яны ёсьць.
Правільны нерэгулюемы пераход — прыпадняты над узроўнем дарогі, што прымушае аўтамабілі прытармажваць.
Часам сустракаюцца пераходы з падсьветкай і фірмовымі латвійскімі паласатымі слупамі.
Дарогі ўсе вельмі годныя, нават на другарадных вуліцах. Калдобіны сустракаюцца вельмі рэдка, усюды бачная разьметка.
Знайшлася такая пешаходная вуліца. Ня памятаю, ці была яна ўжо пры мне, ці яе пабудавалі потым. Вуліца вядзе ад аўтавакзала да новага пешаходнага маста.
Найлепшае, што зьявілася ў горадзе, гэта новая набярэжная Дрыксы, а таксама добраўпарадкаваньне выспы паміж ёй і Ліэлупэ. Вось тут рэальна крута зрабілі, асабліва пешаходны мост, пабудаваны па цікавым і арыгінальным праекце, які стаў адным з новых сымбалаў Елґавы.
Тут усталявалі помнік беднаму студэнту.
Таксама вельмі клясную грамадзкую зону зрабілі ў прывакзальным парку.
Тут стаіць помнік Лачплесісу (пра тое, хто гэта, я пісаў у апавяданьні пра Юрмалу). Помнік зьяўляецца рэплікай — арыгінал быў усталяваны ў 1932 годзе, а ў 1941 быў разбураны немцамі. Яго захаваны абломак выстаўлены ля Пятроўскай акадэміі, а новы помнік узьведзены ў 1992 годзе.
Некаторыя хрушчоўкі прайшлі капрамонт. Праўда, гэта хутчэй выключэньне.
Усе гарадзкія аўтобусы новыя, прычым, раптам, мясцовай зборкі — у 2004 годзе Лужкоў (тагачасны мэр Масквы) пабудаваў у горадзе завод па вытворчасьці аўтобусаў і трактароў, які атрымаў назву «AMO Plant». Прадпрыемства займалася фінальнай зборкай некалькіх ліцэнзійных мадэляў тэхнікі замежных фірмаў, у тым ліку аўтобусаў «Ambassador» нідэрляндзкай кампаніі VDL Berkhof, якімі ўкамплектавалі гарадзкі аўтобусны парк. Нажаль, у 2015 годзе прадпрыемства абанкруцілася і зачынілася.
Пра кепскае
Зараз давайце паглядзім на недахопы. Яны адразу кідаюцца ў вочы, як толькі вы зварочваеце з цэнтральных вуліц.
У савецкі час Елґава была пераважна прамысловым горадам — тут знаходзілася некалькі заводаў, найбуйнейшым зь якіх быў RAF, што забясьпечваў увесь СССР «рафікамі» (мікрааўтобусамі RAF-2203 «Латвія»). З гэтага можна здагадацца, што істотная частка насельніцтва была некарэннай. Латышы знаходзіліся ў меншасьці (іх было 49%), астатнія былі прыежджымі зь іншых рэспублік СССР (расейцы, беларусы, украінцы і г. д.). Калі Латвія стала незалежнай, попыт на прадукцыю заводаў практычна цалкам упаў, прадпрыемствы зачыніліся, людзі засталіся бяз працы. Сытуацыю пагаршала тое, што некарэннае насельніцтва ня ведала латыскай мовы і не атрымала латвійскага грамадзянства, што яшчэ больш пагаршала іх эканамічнае становішча. Гэта справакавала вялікі адток жыхароў (у 1989 годзе ў Елґаве жыло 74 тысячы чалавек, сёньня толькі 58 000), які працягваецца і сёньня. Усе гэтыя фактары прывялі да таго, што эканамічны крызыс тут адчуваўся асабліва востра, і нават сёньня Елґава зьяўляецца адным з найменш дабрабытных гарадоў Латвіі.
Адно з самых дрэнных уражаньняў пакінулі двары. Падобна, што асфальт тут апошні раз клалі яшчэ за савецкім часам. І так амаль усюды, незалежна ад блізкасьці да цэнтру.
Гэта ж тычыцца тратуараў і дамоў. Большасьць зь іх ніколі не рамантаваліся.
Двары.
Як і ў нас, тут шмат аматараў паркавацца на газонах.
(Хоць у цэлым паркоўка ў дварах больш арганізаваная).
Многія старыя дамы ветхія.
Пляцоўка аўтавакзала як пасьля бамбёжкі.
Сюды добраўпарадкаваньне яшчэ не дабралася.
З тратуарамі ня ўсюды ўсё гладка.
Самая жэсьць чакала мяне на гарадзкім рынку, што захраснуў у дзевяностых. Прама тут на мяне напаў нейкі п’яны гопнік (што цікава, ён быў латыш, хоць большасьць асацыяльных асоб у Латвіі расейскамоўны), які спачатку пачаў прасіць грошай, а калі я яму адмовіў, пачаў мяне хапаць і пагражаць. Нашчасьце, ён быў сільна нападпітку, таму справіцца зь ім было ня цяжка. Даўно на мяне не нападалі гопнікі, прама згадаў дзяцінства :-)
У цэлым, стан Елґавы мне падаўся лепшым, чым стан Коўні, але далёка не ідэальным.
Дэталі
У Елґаве выявілася свая цалкам унікальная асаблівасьць: плястмасавыя слупкі, якія паказваюць на блізкасьць люка з пажарным кранам. Гэта ня вонкавы гідранты, як бывае ў Паўночнай Амэрыцы, а менавіта паказальнік. Самі гідранты, як прынята ў Эўропе, знаходзяцца ў люках, дакладнае разьмяшчэньне якіх паказана на таблічках, што стаяць побач. Слупкі бываюць 2 відаў — тонкія і тоўстыя.
Сьветлафорная кнопка. Дзесьці я дакладна такую ж ужо бачыў, але хоць забі ня памятаю, дзе менавіта. У Даніі, здаецца.
Сьмецьцевыя бакі таксама перадаюць прывітаньне Коўні.
Ґрафіці.
Паліцэйскі аўтамабіль. Аўтамабілі зь зялёнай паласой належаць паліцыі самакіраваньня (то бок той, якая знаходзіцца ў падпарадкаваньні муніцыпалітэту), а калі паласа чорная, то дзяржаўнай паліцыі. Муніцыпальная паліцыя адказвае ў асноўным за грамадзкі парадак, затрымлівае дробных парушальнікаў і выпісвае штрафы за паркоўку. Больш сур’ёзнай злачыннасьцю займаецца дзяржаўная паліцыя. Яна ж адказвае за дарожны рух. У большасьці выпадкаў зелёная стужка гэта будзе аналяґ нашых ППС, а чорная — ДПС.
Скрыня для пяску.
Піктаграмы.
Электралічыльнікі і паштовыя скрыні часам вешаюцца звонку.
Латвійскі ride with pride. Як ужо гаварылася, у Латвіі адзначаецца Дзень незалежнасьці, на вуліцы шмат сьцягоў. У краіне існуе закон, паводле якога ў дзяржаўныя сьвяты кожны ўладальнік кожнага будынка абавязаны вывесіць сьцяг. Хтосьці робіць гэта з задавальненьнем, а хтосьці прымусова, бо за невыкананьне штрафуюць.
Пагоня — беларусам і літоўцам спадабаецца.
Прыгожы помнік эстраднай сьпявачцы Норы Бумбіэрэ. Помнік ілюструе найвядомейшую песьню ў яе выкананьні, «Par pēdējo lapu» («Skaties, ceļiniek! Tur augstu, augstu gaisā / Staigā ziemelis un māsas lapas kaisa»), у расейскім варыянце — «Листья жёлтые над городом кружатся». У сямідзесятыя гады гэтая песьня на музыку Райманда Паўлса была ўсесаюзным шлягерам.
На дзень незалежнасьці ёсьць традыцыя ў сквэры каля плошчы выкладваць фігуры са сьвечак. Прыгожа!
Увечары 18 лістапада быў фэервэрк. А ў наступным апавяданьні будуць віды Елґавы з вышыні.