Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Пецяргоф

Санкт-Петербург, Расея, жнівень 2010
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Падчас турыстычнага сэзону ў Пецяргоф можна дабрацца на «мэтэоры» — цеплаходзе на падводных крылах кляса 342Э. Цікава, што пасажырскія караблі гэтага тыпу пастаўляліся ў многія капіталістычныя краіны. Ішлі мы з хуткасьцю каля 70 км/г.

Салён Метэора

 

Усё лета 2010 стаяла анамальна гарачае і сонечнае надвор’е. Аднак, варта было толькі кудысьці выехаць, як раптам пахаладала і задажджыла.

Мэтэор

 

Прама на прыстані знаходзяцца касы для ўваходу ў музэйны комплекс. Тут жа бегалі нейкія хлопцы якія прапануюць поліэтыленавыя плашчы — замежнікам па 400 рублёў, рускім па 100.

 

Гэтае месца на беразе Фінскага заліва вельмі прыгожае. З аднаго боку бачна выспу Кранштат, з другога — Пецярбург. У 1710 годзе Пётр I пачаў будаваць тут загарадную рэзыдэнцыю.

Фінскі заліў

 

Галоўная славутасьць — Вялікі пецяргофскі палац. Пабудаваны ён быў, аднак, не пры Пятры, а ўжо пры Лізавеце. Перад палацам знаходзіцца Ніжні парк, вядомы сваімі фантанамі.

Палац Пятра ў Петергофе

 

Можна замовіць экскурсію ў ґроты і паглядзець, як да фантанаў падводзіцца вада.

Трубы ў ґротах Петергофского палаца

 

Тут жа выстаўленыя гістарычныя трубы, якія выкарыстоўваліся, калі фантаны былі толькі пабудаваныя. Фантаны, спраектаваныя інжынэрам Васіліем Туволкавым, працуюць бяз помпаў — бо ў XVIII стагодзьдзі не было электрычнасьці, таму трэба было сканструяваць іх так, каб вада паступала ў іх самацёкам. Для іх працы быў пабудаваны 40-кілямэтровы вадавод, які складаецца з 18 сажалак.

 

У спалучэньні з дажджом парк запомніўся мне, напэўна, самым вільготным месцам на зямлі. Калі я чую слова «Пецяргоф», то прама фізычна адчуваю ваду :-)

 

Імпэратар быў той яшчэ забаўнік, таму акрамя фантанаў ў парку таксама маецца вялікая колькасьць «шуціх» — схаваных пырскалак і фантанчыкаў, якія абліваць мінакоў. Працуюць яны не спантанна, а кіруюцца людзьмі, таму пырскаюцца заўсёды ў самы нечаканы для вас момант.

 

Але калі гасьцям Пятра такое абліваньне вадой магло даставіць толькі сапсаваны настрой, то сучасныя турысты могуць паплаціцца дарагой фотатэхнікай.

 

Парк.

 

У палац можна зайсьці. Унутры вельмі прыгожа, але фотаапарат даставаць забараняюць.

 

Палац з боку Верхняга парку.

 

Арлы тут таксама трохгаловыя.

Трохгаловы арол

 

У савецкі час Пецяргоф называўся Петрадварцом. Перайменавалі яго ў 1944 годзе — пасьля блякады Ленінграда нямецкая назва падавалася недарэчнай. Але ў 1997 годзе гістарычную назву вярнулі. Зараз Пецяргоф гэта горад, які ўваходзіць у склад Петрадварцоўскага раёна Санкт-Пецярбурга, і які мае статус навукаграду.

Петрадварэц

 

Чамусьці здалося, што сабор Пятра і Паўла нагадвае Спас на Крыві.

 

Мне б тут спадабалася жыць.