Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Гамбурґ. ХафэнСіці, Рэпэрбан, Фармзэн; мэтро

Вольны і ганзейскі горад Гамбурґ, Нямеччына, верасень 2015
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Порт Гамбурґа, які зьявіўся яшчэ ў 12 стагодзьдзі, цяпер зьяўляецца трэцім па велічыні ў Эўропе і першым у Нямеччыне — на яго прыпадае чвэрць усяго грузаабароту ў краіне. Уласна кажучы, сваім памерам і значэньнем у гістарычнай пэрспэктыве Гамбурґ абавязаны менавіта порту, дзякуючы якому ён стаў адным зь лідзіруючых гарадоў Ганзейскага зьвязу, а ў Новы час — галоўным эўрапейскім хабам трансатлянтычных грузавых і пасажырскіх перавозак.

У 1871 вольны горад Гамбурґ увайшоў у склад новастворанай Ґерманскай імпэрыі і ўжо ня мог праводзіць сваю ўласную мытную палітыку. Каб мытныя абмежаваньні не перашкаджалі порту працаваць, у 1888 годзе ён атрымаў статус порта-франка, («вольнага порта», якій не ўваходзіць у мытную тэрыторыю краіны, то бок увоз і вываз тавараў непасрэдна з порта не абкладаецца мытамі). Для бязмытнага захоўваньня тавараў былі пабудаваныя вялізныя па тых часах складзкія памяшканьні, з-за якіх правабярэжны партовы раён атрымаў назву Speicherstadt, даслоўна, «горад складоў». У такой якасьці ён выкарыстоўваўся на працягу наступнага стагодзьдзя. Аднак, да канца 20 веку неабходнасьць у ім адпала. Па-першае, ён быў занадта малы і не падыходзіў для вялікіх сучасных караблёў, па-другое, са стварэньнем адзінай эўрапейскай эканамічнай прасторы значнасьць порта-франка панізілася, і бязмытная зона порта была паменшаная. HafenCity Hamburg стаў маштабным доўгатэрміновым праектам гарадзкое рэканструкцыі, мэтай якога зьяўляецца пераўтварэньне былога прамысловага раёна ў жыльлёва-камэрцыйны. Складзкія памяшканьні пераабсталёўваюць пад кватэры і офісы, узводзяцца новыя будынкі, на прылеглай тэрыторыі ствараюцца новыя грамадзкія прасторы, адкрываюцца крамы, кафэ і іншыя прадпрыемствы.

Былыя складскія памяшканьні пабудовы канца 19 стагодзьдзя маюць архітэктурную і гістарычную каштоўнасьць, таму ў 2015 годзе Шпайхерштадт быў уключаны да складу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Старыя склады Шпайхерштадта

 

Завадзкія трубы з будынкаў былі прыбраныя, але для прыгажосьці пакінулі іх сымбалічныя рэпрэзентацыі.

Будынкі Шпайхерштадта

 

У адным з гэтых будынкаў у 2001 годзе быў адкрыты музей «Мініяцюрная краіна цудаў», які стаў сусьветна вядомай гарадзкой славутасьцю.

Старыя склады Шпайхерштадта

 

Каналы, куды заходзілі караблі, страцілі сваё практычнае значэньне, але затое глядзяцца вельмі прыгожа.

Каналы ХафэнСіці

 

Уначы ўсё вельмі прыгожа падсьвятляецца.

ХафэнСіці

 

Там, дзе раней стаялі грузавыя караблі, цяпер прычалы для прыватных чоўнаў.

Прычалы

Прычалы

 

Пабудаваны новыя грамадзкая прасторы.

Грамадзкія прасторы

 

Грамадзкая спартовая пляцоўка.

Спартовая пляцоўка

 

Пустку можна проста засадзіць травой, можна проста закласьці каменьнем. А можна зрабіць прыгожа і арыґінальна.

Прыгожа

 

Папулярны цяпер стыль эўрапейскай архітэктуры.

Новыя будынкі

 

Вуліцы.

ХафэнСіці

ХафэнСіці

ХафэнСіці

ХафэнСіці

 

Рэпэрбан

Гэты раён, разьмешчаны на захад ад цэнтра горада, мае мянушку «die sündige Meile» — «грахоўная міля». Тут сканцэнтраваныя розныя начныя забаўляльныя ўстановы, клюбы, бары і бардэлі.

Рэпэрбан

 

«Reeperbahn» (Reep — канат, трос; Bahn — дарога, шлях, лінія) на беларускую перакладаецца як «канатны двор» — месца, дзе вырабляюць вяроўкі і канаты. Канат робіцца зь некалькіх вяровак, пераплеценых паміж сабою, і каб яго зьвіць, трэба доўгую прастору, дзе вяроўкі можна цалкам расьцягнуць. Як можна здагадацца, сваёй назьве вуліца абавязаная тым, што некалі тут знаходзілася такое прадпрыемства, важнае для горада зь вялікім портам.

Рэпэрбан

 

Рознакаляровенька, каляровай гамай нагадвае «элітную» архітэктуру постсавецкіх краін. Насамрэч гэта сьветладыёды, якія зьмяняюць колер, уночы, напэўна, выглядае па-ласвэгаску.

Будынак

 

Усюды вісіць рэкляма сэкс-паслуг і бардэляў.

Рэкляма бардэляў

Рэкляма бардэляў

 

Навокал клюбы, стрыптыз, бардэлі і гульнявыя залы.

Забаўляльныя ўстановы

 

Але народу мала — ня той час сутак. Вулічныя прастытуткі маюць права «працаваць» толькі ў пэўныя начныя гадзіны, удзень ім стаяць на вуліцы забаронена.

Пустая вуліца

 

Пажыўныя месцы заўсёды прыцягваюць нейкіх дзіўных асоб. Пад мостам начуюць панкі.

Панкі

 

Па раёне вісяць таблічкі, якія паведамляюць пра відэаназіраньне і прынятую ў 2007 годзе забарону на нашэньне ў межах раёна любой зброі.

Забарона зброі

 

У самой сярэдзіне — паліцэйскі пастарунак, у такім месцы трэба з падвышанай увагай сачыць за парадкам.

Паліцыя

 

Каталіцкая царква. У ранейшыя часы каталікам забаранялася практыкаваць сваю рэліґію ў лютэранскім Гамбурґу, аднак, Рэпэрбан тады ня быў часткай горада, таму тут ім гэта дазвалялася.

Каталіцкая царква

 

Карціна.

Карціна

 

Бясплатны вулічны туалет. У парадку выключэньня вырашылі, што няхай лепш падпітыя аматары забаў ходзяць сюды, чым на сьцены дамоў.

Бясплатны туалет

 

Кампазыцыя, прысьвечаная гурту «The Beatles». Здавалася б, прычым тут яны? То, хто гэта пытае, кепска ведае гісторыю гурту — у 1960 годзе музыкі зьехалі зь Лівэрпуля і 2 гады правялі ў Гамбурґу, паліруючы свае музычныя навыкі частымі выступамі ў розных клюбах Рэпэрбана. Папулярнасьць гурту, які пару гадоў пасьля заваяваў сусьветную славу, пачала расьці менавіта тут («магчыма, я й нарадзіўся ў Лівэрпулі, але вырас я ў Гамбурґу», казаў Джон Ленан). Тагачасны склад «Бітлоў» адрозьніваўся ад «кананічнага» — замест Рынґа Стара, які далучыўся да гурту толькі ў 1962 годзе, на ўдарных у гамбурскі пэрыяд гралі Сьцюарт Саткліф і Піт Бэст.

Помнік «The Beatles» ў Гамбурґу

 

Фармзэн

«Ага, фотасесія!» — усклікнуў Фёдар Аляксандравіч, убачыўшы мяне на гаўбцы з фотаапаратам. Фармзэн — раён на ўскраіне горада, дзе я жыў. Так выглядаюць спальныя раёны буйных нямецкіх гарадоў.

Нямецкі спальны раён

 

Лугавіны, дрэвы, роўныя дарожкі — прыгажосьць. Ніякіх аблезлых пустак, ніякіх выстаў бязладна настаўленага ў брудзе аўтахламу ў двары, як гэта бывае ў нас.

Нямецкі спальны раён

 

Кантэйнэры збору сьмецьця («памыйніцай» язык не паварочваецца назваць) — ніякага бруду, ніякага раскіданага сьмецьця, ніякага паху.

Стаянка сьмецьцевых кантэйнэраў

 

Проста вуліца.

Нямецкі спальны раён

 

Гамбурскае мэтро.

Мэтрапалітэн вялікі, у цэнтры горада лініі падземныя, за яго межамі ідуць паверсе. Як і ў іншых нямецкіх гарадах, мэтро падзяляецца на U-Bahn і S-Bahn, прынцыповай розьніцы паміж якімі няма.

Падземная станцыя мэтро ў Гамбурґу

 

Кантактная рэйка складаецца з асобных фраґмэнтаў

Надземная станцыя мэтро ў Гамбурґу

 

Усе станцыі даступныя людзям з абмежаванымі магчымасьцямі.

Эскалятары ў мэтро

 

На адных і тых жа лініях могуць быць розныя маршруты, таму трэба сачыць, каб ня зьехаць не туды.

Разьвілка

 

Ваґоны маюць фірмовую шэра-чырвоную размалёўку, з-за чаго ўзьнікае асацыяцыя з Расейскімі чыґункамі.

Рухомы састаў метро Гамбурґа

 

Усярэдзіне саставу. У ваґонах старога тыпу дзьверы трэба адкрываць самастойна, для чаго на іх усталяваныя спэцыяльныя ручкі. У новых — кнопкі. Трымаць дзьверы зачыненымі, калі ніхто не ўваходзіць і не выходзіць — больш практычна, бо з ваґона не выходзіць цяпло (у сьпякоту — халоднае кандыцыянуемае паветра).

Ваґоны гамбурскага мэтро

 

У галаўных ваґонах шкляныя дзьверы. Можна глядзець, што робіць машыніст і адкуль ці куды едзе цягнік.

Вагоны гамбурґскага метро

 

Аднадзённы праязны, што дзейнічае зь 9 гадзін раніцы, каштуе 6,50 € (прыкладна 500 ₽). Турнікеты цалкам адсутнічаюць.

Станцыя мэтро ў Гамбурґу