Накатнэ
Елґаўскі край, Латвія, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы
Увечары пасьля Юрмалы я накіраваўся ў горад, у якім прайшло маё дзяцінства — у Елгаву, дзе спыніўся ў дзядзі Аўстрыса, які ў тыя часы быў спартоўцам-парашутыстам на аэрадроме, дзе працавала мая мама. Менавіта туды раніцай наступнага дня мы зь дзядзям Аўстрысам перш за ўсё і паехалі. Пра гэты цяпер неіснуючы аэрадром у На́катнэ я некалькі гадоў назад напісаў апавяданьне-ўспамін, і вось цяпер трэба было зноў убачыць тыя мясьціны. У другой палове васьмідзесятых аэрадром выглядаў так (фота з асабістага архіву дзядзі Аўстрыса, націсьніце, каб уключыць подпісы).
Едзем зь Елґавы. На скрыжаваньні ў Дорупэ (налева — Ґлуда, направа — Накатнэ) па-ранейшаму стаіць вялікі надпіс.
Вакол — сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі.
Празь некалькі хвілін зьяўляецца знаёмы зь дзяцінства, але цяпер ужо цяжкапазнаваемы ракурс. Вось і наша лётнае поле.
Шмат вады сплыло з тых часоў. З таго, што было, захаваліся толькі частка ангара ды асьвятляльная вышка побач зь ім.
На павароце, зрэшты, усё так жа — той жа цаґляны дамок, і тая жа пуня для хімікатаў.
Асфальту на дарозе як не было, так і няма.
Ад ангара засталася дзесьці чвэрць (астатняе парэзалі на мэтал). На першым паверсе зьлева знаходзіўся склад парашутаў, што было справа — ня памятаю. На другім былі інструктарская, кабінэт начальніка Марціна Міхайлавіча Дырнэнса, яшчэ нейкія кабінэты, а таксама мэдпункт (бакавыя вокны). На трэцім быў вялікі пакой з жалезнымі ложкамі (напэўна, там спартоўцам можна было спаць падчас збораў).
У вокнах ніжэйшых паверхаў, нагадваючы пра былыя часы, па-ранейшаму стаяць рашоткі ў выглядзе парашутаў.
Асноўная частка ангара, якая яшчэ існавала, калі я хадзіў сюды ў 1998 годзе, сёньня не захавалася. У ангары захоўвалася шмат усякае гаднаты — аўтамабілі, запчасткі, лопасьці, печкі для абагрэву самалётаў зімой, самалётны лыжы (у савецкі час аэрадромы ДОСААФ не зачыняліся на зіму), аўтапакрышкі і куча ўсяго яшчэ.
Дзіка прашу прабачэньня, што не залез усярэдзіну. Гэта, у прынцыпе, было магчыма — хаця ўсё заклалі цэґлай, у адным месцы быў прабіты невялікі лаз, але мне было неяк не ахвота распранацца і пэцкацца, у яго пралязаючы. Калі патраплю сюды яшчэ раз, абавязкова пабываю ўнутры.
Гэтая фатаґрафія зроблена Еленай Петрачэнкай летам 1983 году. У ангара былі вялікія вароты, а перад ім была пляцоўка з бэтонным пакрыцьцём. Надпіс «Airways Co.», паводле ейных слоў, быў нанесены падчас здымак нейкага фільму. У другой палове васьмідзесятых вароты ангара перафарбавалі ў суцэльны чырвоны колер.
Цяпер перад ангарам толькі лужыны і бруд.
Фота ўнутры, зробленае ў той жа час. На пярэднім пляне — разгонны самалёт PZL-104 «Wilga», ззаду бачныя плянёры Blaník L-13. Пры мне самалётную тэхніку там ужо не захоўвалі, ЛА плянэрыстаў базаваліся на стаянках ззаду стаянак Ан-2.
Цяпер тут нейкая звалка каменьня.
Запускаю дрон. У квадракоптэра DJI Mavic выявіўся вельмі непрыемны завадскі дэфэкт — у халоднае надвор’е ягоная камэра ня можа нармальна сфакусавацца (у інтэрнэце на гэта шмат скаргаў уладальнікаў), з-за чаго вялікая частка здымкаў атрымліваюцца расплывістымі. Паколькі гэта была першая здымка ў холад, аб гэтай асаблівасьці я яшчэ ня ведаў (а пры праглядзе на маленькім экране тэлефона гэтага не відаць), і ў выніку большасьць здымкаў з Накатнэ давялося забракаваць. Потым ужо стаў рабіць па некалькі здымкаў з кожнага ракурсу (зь якіх толькі пару выходзілі нармальна). Кашмар, такі дарагі беспілётнік, і не маглі нармальна пратэставаць ва ўсіх умовах. Калі думаеце аб куплі Мавіка, майце гэта на ўвазе.
Усё, што засталося ад аэрадрома. На месцы, дзе стаялі вагоны, цяпер нейкае возера. Стаянак самалётаў не захавалася. А на месцы ліманскай хаткі вялікая гаспадарка.
На гэтай фатаґрафіі (таксама 1983 г.) намаляваны Ту-104 рэг. СССР-42328, кабіна ад якога захавалася ў Рыскім музэі авіяцыі. Унутры Тую-104 праводзіліся тэарэтычныя заняткі па парашутнай падрыхтоўцы. Пазьней яго крыху перасунулі наперад (гл. першае фота гэтага аповеду), а на яго месцы быў усталяваны сьпісаны Ан-2, які выкарыстоўваўся для адпрацоўкі аддзяленьня. Ззаду Ту-104 бачныя 3 накатнаўскіх Ан-2.
Яшчэ адзін рэтра-від з поля. Аэрадромныя пабудовы і тэхніка бачныя на заднім пляне. Аўтар фота — Наталья Садовая.
Што за куча шпал? Няўжо засталіся ад вагонаў?
Крыху далей знаходзіцца былы сельскагаспадарчы аэрадром (там стаяла некалькі Ан-2СХ). У яго была свая ўзьлётная паласа зь цьвёрдым пакрыцьцём, якое цяпер амаль цалкам разабранае. Будынак таксама ніяк не выкарыстоўваецца і выстаўлены на продаж.
Паблізу відаць, што комплекс ужо даўно стаіць закінутым.
Увогуле, сік тразіт ґлорыя мундзі, або што ў такіх выпадках кажуць. Нічога не засталося, акрамя настальгіі. Давайце зьезьдзім у сам пасёлак.
Па шляху знаходзіцца вёска Бакулі.
А пасьля яе — невялікая сажалка, на якую парашутысты хадзілі купацца. Цяпер пляж добраўпарадкавалі.
А вось і само Накатнэ.
Небагата, але акуратна.
Тут, напэўна, адміністрацыя.
Спартовая пляцоўка.
А ў гэтым будынку знаходзілася сталовая, куды ўсе з аэрадрома езьдзілі на абед. Нават я яе запомніў)
Сталовая знаходзілася на другім паверсе. Што там цяпер, незразумела. На першым нейкая крама.
Усё захавалася ў першапачатковым выглядзе. Нават плітка савецкая.
У савецкі час калгас «Накатнэ» (утвораны ў 1946 годзе, першым у Латвійскай ССР) быў перадавым, узорна-паказальным прадпрыемствам са ўсесаюзнай славай і велізарнай рознапрофільнай гаспадаркай.
Але сёньня яшчэ шмат плянаў, таму ня будзем тут затрымлівацца.
На зваротным шляху зноў праяжджаем міма былога аэрадрома. Прыпынак, на якой спартоўцы пасьля заканчэньня зьмены чакалі аўтобуса ў горад, па-ранейшаму на месцы.