Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Масква

Расея, студзень 2011
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

У горадзе шэра, холадна і льдзіста.

 

Краі тратуараў выкладзеныя тактыльнай пліткай для сьляпых пешаходаў. Якасьць яе ўстаноўкі ў Маскве ня лаяў толькі лянівы.

 

Слупы сталі абносіць сеткай, каб на іх ня клеілі саматужных аб’яваў.

 

А саматужныя аб’явы перабраліся на тратуар — усюды наземная трафарэтная рэкляма.

 

Рэаґенты ператварылі сьнег у слоту, а таджыкі разграбаюць яе рыдлёўкамі, як у песьні Трафімава.

 

Ледзяшы хоць і прысутнічаюць, але не так страшныя, як іх піцерскія субраты.

 

Маскоўскі дворык (самы цэнтар гораду).

 

Каля Ленінскай бібліятэкі давялося пагутарыць зь Дзедам Марозам. Мароз схаваўся за калёну , адшпіліў бараду і запаліў. Ён адмовіўся сфатаґрафавацца ў такім выглядзе, патлумачыўшы гэта нежаданьнем разбураць веру дзяцей, якія б маглі ўбачыць фатаґрафію. Але наўзамен распавёў пра тонкасьці сваёй прафэсіі. Дзеда Мароза ён на тым жа месцы грае каля двух сьвяточных тыдняў. Грошы атрымлівае за фатаґрафіі з сабой і Снягуркай, аддаючы частку канторы-арґанізатару. У іншы час году працуе ў гарадах накшталт Санкт-Пецярбурга, Анапы і іншых месцаў скапленьня турыстаў, граючы якіх-небудзь пэрсанажаў або гістарычных асоб, ці ж працуе аніматарам на турыстычных маршрутах на Волзе.

 

Спроба збору пустых бутэлек.

 

«Дзяржаўны навукова-дасьледчы музэй архітэктуры ім. А. В. Шчусева» апынуўся даволі ўнылым. Будынак, падобна, не рамантаваўся яшчэ зь сямідзесятых гадоў. З экспанатаў — эскізы ґрандыёзных збудаваньняў, якія плянавалася ўзьвесьці ў Маскве ў 30-х гадах XX стагодзьдзя.

 

Пры іх разглядзе адчуваеш таталітарнае захапленьне, падобнае на тое, што выклікалі велізарныя сталінскія прашпэкты Менску.

 

Будынак у працэсе рэканструкцыі.

 

У гэты дзень я пасьнедаў у карчме «Тарас Бульба», а павячэраў у рэстарацыі «Белая Русь» . Што цікава, пры аднолькавых памерах рахунку, у першым месцы я ледзь замарыў чарвячка, а ў другім ледзь вылез з-за стала , што ў агульным выніку прымусіла ўспомніць анэкдоты пра асаблівасьці ўкраінскае шчодрасьці. Але затое ў «Тарасе» размаўляюць па-ўкраінску, а ў «Белай Русі» па-беларуску разумеюць толькі назвы страў, якія напісаныя ў мэню шрыфтам Комік Санс. У якасьці беларускай фонавай музыкі круцяць «Песьняроў» , якія і хоць пахнуць нафталінам, але падыходзяць ўсё ж лепш, чым непрыемны слыху суржык Веркі Сярдзючкі.