Лас-Вэґас
Штат Нэвада, ЗША, сакавік 2014
Google Мапы, Яндэкс.Мапы
Акрамя паездак ў пустыню і на каньён, адной з мэтаў гэтай паездкі было скочыць зь вежы «Стратасфэра».
Ёсьць там такі атракцыён, згодна рэкламе, «захапляльная прыгода ўсяго жыцьця» — вас прывязваюць за трос, і вы скачаце зь вежы. Адразу скажу, што гэты атракцыён — поўнае УГ. Ніякага адчуваньня вольнага падзеньня няма, вас проста спускаюць на тросе і ўсё. Вы нават зь вежы самастойна не скачаце — вас сьпіхваюць, не папярэдзіўшы (напэўна, прывыклі, што большасьці кліентаў сцыкотна, і яны бяз гэтага ня скокнуць). Потым ты павольна спускаешся на сінюю пляцоўку.
За дадатковую плату вам на руку прывязваюць ҐоПро, каб вы маглі паздымаць, як крычыце. Ці, у маім выпадку, як апускаецеся з каменным выразам няголенага твару.
Калі хочаце скокнуць, рэзэрвуйце загадзя ў інтэрнэце, у іх шчыльны ґрафік. Ці хаця б прыйдзеце хвілін за 20 да адкрыцьця, вас хутчэй за ўсё возьмуць. Пасьля скачка таксама дадуць бясплатны квіток на вежу. У мінулую паездку я там быў без фотаапарата, але ў гэты раз пакажу від зь яе, напрыклад.
Вялікая вёска.
На вежы 3 атракцыёна. Карусэль, якая круціцца на вышыні.
Ваґончык, які едзе па рэйцы, а потым яна «нечакана» правальваецца.
На самым шпілі — седзішчы на хуткасьці выстрэльваюць дагары.
Ні на чым катацца я ня стаў, не было жаданьня (у тым ліку і псаваць ўражаньні ад мінулага разу — важней за ўсё ня што і дзе, а з кім).
Жыў у гатэлі «Цыркус-Цыркус», дзе таксама ёсьць падобныя атракцыёны. Як госьцю гатэля, мне выдалі бясплатны білет на іх, і бясплатны ваўчар на 10 даляраў у казыно. З атракцыёнамі быў аблом — яны не працавалі (у міжсэзоньне яны працуюць толькі па выходных). З ваўчарам я пайшоў пагуляць у рулетку, дзе выйграў цэлых 4 даляры. Афігець, ды я ж ўлюбёнец фартуны.
Раз ужо прыехаў, можна яшчэ трохі прагуляцца туды-сюды.
Пашукаць скрыню для паштоўкі.
Паглядзець расклад шоў «Сірэны выспы скарбаў», якое мы тады не паглядзелі, і даведацца, што яно было канчаткова закрыта ў лістападзе 2013 году. Уяўленьне пра яго цяпер можна атрымаць толькі на ютубе, пашукаўшы па словах "Sirens of TI» (спойлер: там шмат цёлак у майтках).
Столь у гатэлі «Вэнэцыянскі» (бюро знаходак пашпартоў, лол).
Яшчэ тут ёсьць фабрыка шакаляду, на якой можна паглядзець на працэс. На яе варта ехаць толькі тады, калі ў вас шмат часу, а рабіць зусім ужо няма чаго. Канвэер працуе не заўсёды, а паглядзець вам дадуць толькі здалёку з-за шкла. Побач зь ёй знаходзіцца крама прадукцыі, што вырабляецца, дзе кошты па ідэі павінныя быць ніжэй, але чамусьці задраныя разы ў 3 ў параўнанні з тымі, што ў крамах.
Побач з фабрыкай, каб палепшыць ад яе ўражаньне — ґалерэя кактусаў.
І яшчэ адтуль можна займацца спотынґам — там якраз праходзіць пасадачная ґлісада.
Гатэль «Люксор».
У комплексе «Мандалай Бэй» наткнуўся на рэстарацыю «Красная плошча», побач зь якой стаяў сапраўдны заседажаны птушкамі безгаловы Ленін (галава ў яго раней была, але потым з-за скаргаў рэакцыйнай буржуазіі, якая наведвала гатэль, яе выдалілі, і зараз яна знаходзіцца ў халадзільніку рэстарацыі). Чамусьці на захадзе любяць зьбіты прыём стылізацыі пад кірыліцу, калі лацінскія літары замяняюць на падобныя ў форме кірылічныя (як у тытрах фільма «Чырвоная сьпякота» ). У чалавека, які кірыліцу ведае, гэта выклікае завісаньне мозґу, які пераключаецца ў кірылічны рэжым распазнаньня літар і бачыць абракадабру. НАРРУ НФЦЯ?
Там жа можна паглядзець на акіянарыюм з акуламі.
Сьмешная рыба.
Рыба-зэбра.
Крануў ската, ён не спалохаўся.
Асаблівасьць жылых раёнаў Лас-Вэґаса — яны часта агароджаныя агульным плотам і абсталяваныя шляґбаўмам.
Аднапавярховы город.
Каньён Рэд-Рок
Вельмі спадабаўся запаведнік Каньён Рэд-Рок, які знаходзіцца недалёка ад гораду.
Конік.
Прыгожае месца.
Калі вы ў добрай фізычнай форме, на скалу можна забрацца.
Я залез на самы верх. Мабыць, найлепшае ўражаньне дня.
Наблізім.
З-за добрай натуры і блізкасьці да гораду парк — папулярнае месца для фотасэсіяў. Вось здымаюць электрамабіль «Тэсла».
А вось — нейкіх дзяўчын.
Надыходзіць цемра. Размешчаны ў акружанай гарамі даліне, Лас-Вэґас падобны на кацёл з расплаўленым мэталам. Такое адчуваньне ўзьнікае заўсёды, калі вам даводзіцца прыязджаць у яго ўночы — вакол чорная цемра, а перад вамі — зіхоткае мора агнёў, у якое вы рыхтуецеся пагрузіцца. Сьвятло, якое ён выпраменьвае ў неба, бачнае за дзясяткі кілямэтраў (слуп сьвятла зьлева — пражэктар, усталяваны на пірамідзе «Люксора»).
Напрыканцы можна прагуляцца па начным горадзе.
Цікава, ці ёсьць у гарадоў памяць?
— Аґата Крысьці, «Аўтабіяґрафія»
У гэтага яе дакладна няма. Тут адбываецца столькі падзей і разгортваецца столькі страсьцей, што яму да цябе няма ніякай справы. А ты ідзеш адзін па шумнай вуліцы, поўнай радасных і бяздзейных людзей, успамінаючы самае вядомае выказваньне Аґаты Крысьці, і думаеш пра тое, што нічога тут не зьмянілася, і ў той жа час зьмянілася ўсё. Нельга двойчы ўвайсьці ў адну і тую ж раку, бо ўцячэ вада. Нельга двойчы прыйсьці ў адно і тое ж месца, бо ўцячэ час, які зьмяняе месцамі дарожныя знакі і абыякава пакідае табе толькі яркую пляму на засьветленай плёнцы тваёй памяці. Памяці пра лета ў сьвеце вечнай зімы.
Не, у гарадоў памяці няма. Яна — ўласьцівасьць людзей. Асабліва тых, у каго акрамя яе ў жыцьці нічога не засталося.
Глядзіце таксама Лас-Вэґас у верасьні 2012.