Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Абхазія. Пачатак

Абхазія*, травень 2016
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

* Абхазія — часткова прызнаная дзяржава. Пераважная большасьць краінаў не прызнаюць ейнай незалежнасьці і лічаць яе часткай Грузіі. Грузія лічыць рэґіён часткай сваёй тэрыторыі, але дэ-факта не кантралюе. На гэтым сайце прыналежнасьць спрэчных тэрыторыяў адлюстроўваецца ў адпаведнасьці з фактычным станам спраў, незалежна ад палітычных перавагаў.

Паездку ў Абхазію арґанізавала мая белгародзка-сочынская сяброўка Ліля Гонтарева, за што я ёй непамерна ўдзячны. У Абхазію мы паехалі зь ейным сябрам Сяргеем. Першага дня Ліля склала нам кампанію, але потым мусіла вярнуцца ў Сочы, мы ж зь Сярогам засталіся, што называецца, шукаць на свае азадкі прыгоды.

Нядзельнай раніцай мы выехалі з Сочы. Усё-ткі нельга адмаўляць, што зь 50 мільярдаў даляраў, вылучаных на Алімпіяду, нейкая частка ўсё-ткі пайшла на нешта патрэбнае і карыснае. Інфраструктура ў Сочынскім раёне блізкая да ідэалу: дарогі роўныя, з разьметкай, падзельнікамі і шумавымі бар’ерамі, усюды добрае асьвятленьне, знакі і зьезды. Скардзіцца няма на што, не пакідае адчуваньне, што едзеш дзе-небудзь па італійскай аўтастрадзе.

Сочынскія аўтабаны

Сочынскія аўтабаны

Парк атракцыёнаў

 

Неўзабаве мы ўпіраемся ў мяжу. Прапускны пункт даволі вялікі, відаць, што машынаў на ім часам бывае шмат. Але нам пашанцавала — праезд мяжы заняў крыху больш за гадзіну. На расейскім баку — звычайны пашпартны кантроль, падобны на той, што праходзіш у аэрапорце, з памежнікамі ў будках і з турнікетамі. Пасажыры павінныя выходзіць з машын. Замежны пашпарт не патрабуецца — выпускаюць па ўнутраным. Мы зь Ліляй вызваліліся даволі рана, і пакуль Сяргей праходзіў на машыне мытню, сядзелі ў зоне чаканьня і сьнедалі.

На абхазскім баку ўсё значна прасьцей. Выходзіць з машыны ня трэба — памежнік у расейскім камуфляжы, але з абхазскімі нашыўкамі ляніва глядзіць пашпарты, таксама ўнутраныя, для ўсяе машыны, і прапускае, не асабліва нават у іх унікаючы. Мытнага кантролю няма навогул.

Пачынаецца звычайная дзьвюхпалосная дарога, якая пасьля сочынскіх хайвэяў здаецца даволі сьмешнай. Якасьць у яе, зрэшты, ад мяжы і да Сухумі цалкам добрая.

Дарога ў Абхазіі

 

Аднак, пра віды, што адкрываецца ўздоўж яе, гэтага ня сказаш.

Дарога ў Абхазіі

 

Уражаньне пра Абхазію нават без заезду ў горады даволі хутка складваецца не асабліва вясёлкавае.

Закінуты будынак

 

Хоць прыродныя краявіды шыкоўныя.

Прырода Абхазіі

Перш чым пачаць аповедзь пра асаблівасьці, я зраблю кароткі экскурс у нядаўнюю гісторыю рэґіёну.

 

Кароткая гісторыя грузіна-абхазскага канфлікту

У савецкі час Абхазія была аўтаномнай рэспублікай у складзе Грузінскай ССР. Дзякуючы свайму клімату, мору і рэльефу рэґіён лічыўся адным з галоўных курортных напрамкаў краіны. Абхазія мела вельмі разнастайны этнічны склад. Большасьць насельніцтва складалі грузіны (46%), за імі ішлі абхазы (18%), армяне (15%), расейцы (14%), грэкі (3%) і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў (4%).

Гасьцініца ў Гагры

 

Нарастаньне напружаньня пачалося ў канцы 1980-х гадоў, па меры ўзмацьненьня ў Грузінскай ССР антысавецкіх настрояў. У 1989 годзе абхазскія нацыяналісты запатрабавалі аднаўленьня асобнай ад Грузіі Абхазскай ССР (якая існавала ў 1925—1931 гадах), што выклікала моцную незадаволенасьць прадстаўнікоў грузінскага руху за незалежнасьць. Недапушчальнасьць аддзяленьня Абхазіі была адным з распаўсюджаных лёзунґаў на дэманстрацыі 9 красавіка, якую жорстка падавіла савецкая армія (20 загінулых).

Першыя сутыкненьні паміж грузінамі і абхазамі адбыліся ў Сухумі ў ліпені 1989 году. Прычынай паслужыла рашэньне пераўтварыць Сухумскі дзяржаўны унівэрсытэт у філіял Тбіліскага. Пратэсты перарасьлі ў беспарадкі, у выніку якіх загінула 18 чалавек. Для разгону беспарадкаў МУС СССР выкарыстала ўнутраныя войскі. Але ўсё ж, пакуль існаваў СССР, канфлікт адбываўся галоўным чынам у юрыдычнай плоскасьці. Пасьля распаду ж Саюзу сытуацыя стала імкліва абвастрацца. Гэтаму паспрыяла ў тым ліку і аґрэсыўная этнічная палітыка ўльтранацыяналіста Зьвіяда Гамсахурдыя, які ўзначальваў Грузію з 1990 па пачатак 1992 году.

Вайна пачалася ўлетку 1992 году. Штуршком да яе стала абвяшчэньне ўрадам Абхазіі 23 ліпеня 1992 году сувэрэнітэту. У адказ на гэта ўрад Грузіі пад кіраўніцтвам Эдуарда Шэварнадзэ аддаў загад увесьці ў аўтаномію войскі. Грузінскія фармаваньні ўвайшлі ў Абхазію 14 жніўня, а наступнага дня ў Гантыядзі высадзіўся грузінскі дэсант, які ўзяў пад кантроль мяжу з Расеяй. Грузінскія фармаваньні былі ўкамплектаваныя дзясяткамі адзінак бронетэхнікі і артылерыі, якія дасталіся Грузіі пасьля распаду СССР, у распараджэньні ж абхазаў першапачаткова была толькі стралковая зброя. Празь яшчэ 4 дні пасьля ўводу войскаў урад сэпаратыстаў уцёк з Сухумі ў Гудауту. Грузінскія войскі пры падтрымцы мясцовых грузінскіх апалчэнцаў пачалі прасоўваньне на захад і хутка занялі большую частку рэспублікі. Наступ суправаджаўся марадзёрствамі, рабаваньнямі, забойствамі, ґвалтам і разбурэньнем аб’ектаў культурнай спадчыны, так, напрыклад, жаўнеры спалілі нацыянальны архіў Абхазіі. Да верасьня грузінская армія ўзяла пад кантроль амаль усю тэрыторыю рэґіёну.

Трэцяга верасьня 1992 году ў Маскве прайшлі перамовы аб прыпыненьні вагню, па выніках якіх грузінскім войскам належала сысьці з Гагрскага раёну. Кароткачасовае перамір’е было парушанае абхазскімі сіламі, склад якіх папоўнілі тысячы добраахвотнікаў з Расеі — рускія казакі, чачэнцы (камандзірам якіх стаў яшчэ нікому невядомы тады Шаміль Басаеў), кабардынцы, адыгі і іншыя (расейскія ўлады ніяк не перашкаджалі працэсу). Акрамя таго, абхазскія фармаваньні былі значна ўзмоцьненыя трафэйнай зброяй і бронетэхнікай (па вэрсіі, якая Расеяй адмаўляецца, сэпаратысты таксама атрымлівалі ўзбраеньні непасрэдна з Расеі). 1 кастрычніка расейскія ваенныя караблі блякавалі порт Гагры, а абхазы атакавалі горад. Першая атака была адбітая, але ўжо наступнага дня горад быў захоплены. Грузінскае насельніцтва было вымушана ўцякаць, а тыя, хто не пасьпеў, падвергнуліся ґвалту і этнічным чысткам (было забіта 429 чалавек). Асаблівую жорсткасьць праяўлялі чачэнцы.

Помнік браневіку

 

Узяцьце Гагры дазволіла абхазам усталяваць кантроль над стратэґічна важнай тэрыторыяй, якая прымыкала да расейскай мяжы, захапіць вялікую колькасьць зброі і пачаць падрыхтоўку да наступу на Сухумі. На тэрыторыі канфлікту яшчэ з часоў СССР засталося некалькі расейскіх базаў. Фармальна Расея ў канфлікт ня ўмешвалася, аднак, па грузінскіх дадзеных, усё ж аказвала абхазам дапамогу ўзбраеньнямі, ГЗМ, а таксама ажыцьцяўляла выведвальныя дзеяньні на іх карысьць. Паміж грузінскімі і расейскімі войскамі часам узьнікалі перастрэлкі.

У сакавіку 1993 году абхазы пачалі масаваную атаку на Сухумі, вынікам якой сталі масавыя разбурэньні і ахвяры сярод мірнага насельніцтва, але атака была адбітая грузінскімі войскамі. Было заключанае нядоўгае перамір’е, што пратрымалася да пачатку ліпеня. Затым наступ аднавілася — па вэрсіі Грузіі, абхазскім фармаваньням таксама садзейнічалі расейская армія і авіяцыя. Было захоплена некалькі бліжэйшых вёсак (захоп суправаджаўся забойствамі, катаваньнямі, зґвалтаваньнямі грузінскага мірнага насельніцтва). У канцы месяца было заключана яшчэ адно перамір’е, якое працягвалася да 16 верасьня, і было зноў парушанае абхазамі — пачалася жорсткая і крывавая бітва, якая атрымала назву Бітвы за Сухумі. 27 верасьня горад быў узяты, а 30 верасьня абхазы кантралявалі ўжо ўсю тэрыторыю аўтаноміі.

Будынак Вярхоўнага савету Абхазіі

 

Захоп Сухумі суправаджаўся жорсткімі актамі ґвалту і масавых забойстваў грузінскага мірнага насельніцтва. Ахвярамі спраўленага ўдзельнікамі абхазскіх узброеных фармаваньняў генацыду стала ад 8 000 да 10 000 чалавек. Было зьбіта некалькі грузінскіх грамадзянскіх бартоў, якія заходзілі на пасадку ў аэрапорце Сухумі. Было таксама разбурана каля 20 000 дамоў. Каля 250 000 мірных жыхароў, пераважна грузінаў, пад пагрозай этнічных чыстак былі вымушаныя пакінуць свае хаты і ўцякаць у Грузію па моры або праз горныя перавалы.

Выбоіна ад снарада ў сьцяне

 

Пасьля паразы ў Абхазіі Грузія аказалася на парозе грамадзянскай вайны. Актывізаваліся прыхільнікі зьвергнутага прэзыдэнта З. Гамсахурдыя, частка войскаў перайшла на іх бок. У гэтых умовах Шэварнадзэ пагадзіўся на ўступленьне Грузіі ў СНД і на прысутнасьць на тэрыторыі Абхазскай аўтаноміі расейскіх войскаў. Расея «рэкамендавала» абхазам спыніць наступ, а грузінская армія змагла засяродзіцца на падаўленьні бунту прыхільнікаў Гамсахурдыя ў заходняй Грузіі.

Пасьля гэтага канфлікт, па сутнасьці, быў замарожаны. Большая частка тэрыторыі Абхазіі, якая паводле канстытуцыі Грузіі лічыцца яе складальнай часткай, засталася пад кантролем сэпаратыстаў (пад кантролем Тбілісі знаходзіцца толькі Кадорская цясьніна). Дэ-факта незалежная ад Грузіі абхазская дзяржава мае цесныя сувязі з Расеяй — у якасьці валюты выкарыстоўваецца расейскі рубель, пераважная большасьць насельніцтва акрамя абхазскага мае таксама расейскі пашпарт, практычна ўсё, ад уніформы і афарбоўкі машын экстраных службаў да заканадаўства зроблена паводле падабенства Расеі, палітыку Абхазіі шмат у чым вызначаюць расейскія куратары. Незалежнасьць Абхазіі прызнаюць толькі Расея, Вэнэсуэла (з падачы Уго Чавэса), Нікараґуа і некалькі нікому невядомых маленькіх астраўных дзяржаваў, што паняцьця ня мелі, дзе знаходзіцца Абхазія, але за такое прызнанне нешта атрымалі (паказальна, што праз пару гадоў яны сваё прызнаньне адклікалі). Усе астатнія краіны лічаць яе часткай Грузіі.

Закінуты ваґон у Сухумі

 

На працягу доўгага часу жыцьцё ў Абхазіі і Грузіі практычна не адрозьнівалася. Па ступені разрухі і занядбанасьці ўся тэрыторыя былой Грузінскай ССР сярод краін былога Саюзу знаходзілася на першым месцы. Аднак, дзякуючы пачатым у 2008 годзе эканамічным і палітычным рэформам Міхаіла Саакашвілі Грузія стала падымацца і аднаўляцца, у Абхазіі жа ўсё па-ранейшаму вельмі дрэнна. Калі ня ўлічваць пышную і цнатліва-некранутую прыроду, Абхазія пакідае вельмі цяжкае ўражаньне. Усюды разруха і запусьценьне, высокі ўзровень злачыннасьці і карупцыі, палова будынкаў, уключаючы ґіґанцкія савецкія гасьцініцы, старыя асабнякі, школы і панэльныя шматпавярхоўкі, стаіць аблезлай, часткова або цалкам закінутай. Практычна нічога не разьвіваецца і не будуецца, а адзінай крыніцай даходу, у розных сэнсах гэтага слова, зьяўляюцца расейскія турысты. Пры позірку на абхазскія гарады ствараецца ўражаньне, што вайна тут скончылася не ў 1993 годзе, а толькі ўчора. Але, падобна, абхазам падабаецца так жыць — бо ўсё звальваць на вайну значна прасьцей, чым нешта рабіць для паляпшэньня сытуацыі.

Вуліца Сухумі

 

Шанец на тое, што Абхазія ў набліжэйшыя некалькі дзесяцігодзьдзяў захоча вярнуцца ў Грузію, нават калі ўзровень жыцьця там стане нашмат вышэй, роўны прыкладна нулю — вайна ўзьвяла паміж двума народамі высокую сьцяну варожасьці і непрыязнасьці, якая наўрад ці аслабне, пакуль жывыя тыя, хто памятае гэты канфлікт.

На працягу наступнае сэрыі апавяданьняў я падзялюся з вамі тым, што ўбачыў на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі.

Мікрараён Новы ў Сухумі