Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Новакасіно

Масква, Расея, травень 2016
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Некалькі гадзін у Маскве было вырашана выдаткаваць на пошук магілы дзядулі. У сямідзесятых гадах дзядуля, Котаў Іван Сямёнавіч, разьвёўся з бабуляй і зьехаў жыць у Маскву. Ён быў вэтэранам вайны з баявымі ўзнагародамі, на той час меў званьне палкоўніка і рыхтаваўся да атрыманьня званьня генерала. Нажаль, гэтаму не наканавана было здарыцца — у 59 гадоў ня вытрымала сэрца. Калі дзядуля памёр, мне быў усяго адзін год, таму я яго ніколі ня бачыў і ня ведаў. Па расповедах мамы, дзядуля быў вельмі ідэйным і прынцыповым чалавекам.

На дзедавай магіле мне даводзілася бываць у дзяцінстве разам з мамай, але яна з тых часоў зусім забылася, дзе знаходзілася магіла. А вось тата адразу паказаў месца на мапе Мікола-Архангельскіх могілак. Каб туды дабрацца, трэба было даехаць да мэтро Новакасіно. Ад станцыі было вырашана прайсьціся пешшу, каб заадно пафатаграфаваць гэты раён.

Станцыя Новакасіно была адкрытая 30 жніўня 2012 году, гэта значыць на той дзень досыць нядаўна. Афармленьне станцыі не шыкоўнае, але досыць прыемнае для вачэй. Сёньня новыя станцыі маскоўскага мэтро, ​​нават самыя пэрыфэрыйныя, намагаюцца афармляць прыстойна. Найбольш жудасныя станцыі — тыя, што былі пабудаваныя ў брэжнеўскія часы, вось ужо дзе функцыянальны мінімалізм прама перарастаў у архітэктурную ўбогасьць.

Станцыя Новакасіно

 

Па лініі ходзяць саставы з мэтравагонмашаўскімі вагонамі мадэлі «Ака» (мадэлі 81-760 и 81-761).

Вагоны мэтро «Ака»

 

У раёне станцыі было так шмат прыпынкаў, што абсалютна расхацелася разьбірацца, на якім аўтобусе можна даехаць да могілак.

аўтобусы

 

Было вырашана проста прайсьціся пешшу, 2 км — існая дробязь.

Новакасіно

 

Раён складаецца з мурашнікаў розных гадоў пабудовы. Дамы сэрыяў П-44 і КОПЭ, якія будаваліся ў сямідзесятыя-васьмідзесятыя гады — адны з самых масавых тыпавых будынкаў Масквы.

П-44, КОПЭ

 

Больш новыя будынкі, але ўсё роўна мурашнікі.

Новакасіно

Новакасіно

 

Тыповыя двары. Глядзіце — дзьверы ў пад’езд хоць і жалезныя, але ўжо ёсьць шкляныя вокны, і ніхто іх не выбівае. Чаму б ужо не паставіць нармальныя дзьверы?

Двары Новакасіно

 

Уборачная машына. Нумары на бартах наносяцца паўуставам, хех.

Уборачная машына

 

Сьмецьцявоз.

Сьмецьцявоз

 

Саматужнае добраўпарадкаваньне.

Плюшавы арангутанг

 

Пажарная частка.

74-я пажарная частка

 

Народныя сьцежкі (вытаптаныя газоны сьведчаць аб дрэннай пляніроўцы вуліцы, што ня ўлічвае натуральныя пешаходныя маршруты.

Новакасіно

 

Дзядулеву магілу я знайшоў, і яна была ў досыць добрым стане, хоць і давялося крыху павыцягваць пустазельле і працерці надмагільле. Падобна, што сваякі ягонай другой жонкі за ёй даглядаюць, за што ім вялікі дзякуй. На жаль, іх кантактаў у мяне няма, і як іх знайсьці, невядома.