Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Сочы

Краснадарскі край, Расея, травень 2016
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Назва «Сочы» можа выкарыстоўвацца ў двух значэньнях. У вузкім, мясцовым сэнсе гэта толькі сам горад. У больш шырокім сэнсе слова пазначае ўсю сочынскую аґлямэрацыю (так званы «Вялікі Сочы», які ўключае Сочы, Адлер (дзе сочынскі аэрапорт і алімпійская вёска), Красную Паляну (дзе розныя горналыжныя курорты, у тым ліку Роза Хутар), усе іншыя пасёлкі ў акрузе і ўсё ўзьбярэжжа да самога Туапсэ. Як правіла, унутры аґлямэрацыі слова «Сочы» выкарыстоўваецца ў першым значэньні, а па-за ёй — у другім. На мапе гэта выглядае так:

Мапа Сочы :

 

Апавяданьне я пачну з «малога» Сочы. У цэлым ён выглядае так. Побач працякае аднайменная рака, якую на фатаґрафіі бачна зьлева.

Сочы з квадракоптэра

 

Сочы стаіць на беразе Чорнага мора. Гэта быў адзіны раз за ўсю паездку, калі я запускаў квадракоптэр — павышаныя з-за саміту АСЭАН меры бясьпекі палётам не спрыялі.

Сочы з квадракоптэра

 

На званьне сталіцы, нават паўднёвай, Сочы не цягне — ён досыць невялікі (367 тысяч чалавек), яго цэнтральную частку можна агледзець за пару гадзінаў.

Ыыгляд Сочы

 

Пазнаваемымі будынкамі зьяўляюцца два вакзалы — стары марскі і чыґуначны. Абодва пабудаваныя ў стылі «сталінскай эклектыкі», хоць ужо пасьля сьмерці дыктатара — у 1955 і 1956 годзе адпаведна (то бок да пачатку змаганьня з празьмернасьцямі ў архітэктуры). Марскі вакзал падобны на паменшаную копію будынка адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу.

Стары марскі вакзал Сочы

 

Прама перад гэтым вакзалам здымалі сцэну з «Брыльянтавай рукі», дзе персанаж Юрыя Нікуліна адпраўляецца ў круіз. Недалёка усталяваныя скульптуры герояў фільма.

Помнікі «Брыльянтавай руцэ»

 

Чыґуначны вакзал. Станцыя лічыцца прамежкавай, усе цягнікі хоць тут і спыняюцца, але йдуць да Адлера.

Чыґуначны вакзал Сочы

 

У астатнім у архітэктурным пляне Сочы пахваліцца практычна няма чым.

Сочынская архітэктура

 

Час ад часу сустракаюцца добра адрэстаўраваныя пабудовы сталінскіх і раньнехрушчоўскіх часоў. Паколькі горад быў Усесаюзным курортам, а недалёка знаходзілася дача Сталіна, афармленьне ў іх дастаткова раскошнае, неправінцыйнае. Аднак, з-за тагачаснага невялікага памеру Сочы (70 тысяч у 1939, 80 тысяч у 1959) яны звычайна ня больш за 3 паверхі. Акрамя такіх будынкаў добрай архітэктуры ў Сочы амаль няма.

Сочынскія сталінкі

 

Забудова з шасьцідзесятых па васьмідзесятыя — пераважна шматпавярхоўкі. Часам сустракаюцца цікавыя ўзоры, напрыклад, будынак Сочынскага інстытута моды, бізнэсу і права (дзіўнае спалучэньне кірункаў). Дарэчы, менавіта тут здымалася сцэна з Андрэем Міронавым, дзе штаны ператвараліся ў элеґантныя шорты.

Дом моды ў Сочы

 

Шматпавярхоўкі ў рамках падрыхтоўкі да Алімпіяды адрэстаўравалі, ператварыўшы з паныла-савецкіх ў паныла-расейскія.

Сочынскія панэлькі

 

Некаторыя ў традыцыях Пацёмкіна «адрэстаўравалі» толькі для віду, схаваўшы пад таннае, плястыкавае абліцоўваньне, якое лёгка ламацца. Цяпер яно паступова абвальваецца.

Халтура

 

Пераважае ў забудове сучасная расейская архітэктура — у асноўным гатэлі і дарагое жыльлё. Сучасная расейская архітэктура — гэта калі з усіх сілаў спрабуюць зрабіць «сучасна, элітна, высокатэхналяґічна», а атрымліваецца ў лепшым выпадку пасрэдна, а часьцей за ўсё — безаблічна і панура.

Навабуд

 

Або ў стылі самобуду.

Самабуд

 

Ня вельмі ўдалы закос пад клясыцызм.

ГЦ Ґранд Марына

 

Паркоўкі ўсюды платныя.

Паркаматы

 

Але ў завулках часта назіраецца нешта вось такое.

Паркоўка ў завулках

 

Месцамі чымсьці нагадвае Флярыду.

Сочы, падобны на Флярыду

 

Галоўная пешаходная алея (Навагінская вуліца)

Навагінская вуліца

 

Сочынскія пляжы. Адпачывальнікаў мала — сэзон яшчэ не пачаўся, мора пакуль халоднае.

Пляжы

 

Набярэжная ня ўразіла. Чым бліжэй да цэнтра горада падыходзіш, тым горш яна становіцца. Як павінна выглядаць добрая набярэжная? Спачатку ідзе пляж, потым шырокая шпацырная алея, пажадана з роварадарожкай, а там ужо ўсякія крамы і рэстарацыі. Але ў Расеі так не прынята. Пляжы вузкія і часта занятыя незразумела чым, доступ да вады бывае навогул перакрыты, хаця па законе 20 мэтраў ад берагавое лініі зьяўляюцца зямлёй агульнага карыстаньня і будаваць жылыя або камэрцыйныя аб’екты там забаронена.

Набярэжная Сочы

 

Сама алея бывае вельмі вузкая і акружаная разнастайнымі крамамі, тырами і кафэ, зь якіх грае папса 80-х і 90-х.

Набярэжная Сочы

 

Устаем з кален, ла-ла-ла-ла!

Пуцін

 

Ну і плюс нейкія напаўразваленыя пірсы, іржавыя пабудовы на іх. Я разумею, вядома, што «так усюды» ў Расеі, і што наагул бывае значна горш, але ж гэта быццам бы «паўднёвая сталіца», узорна-паказальны горад. Чаму нельга хоць бы тут зрабіць лепей?

Набярэжная Сочы

 

Сочынская марына.

Гавань

 

Як і ў любым расейскім горадзе, у Сочы шмат падземных пераходаў. Як вы памятаеце, падземныя пераходы вынайшлі камуністы, спэцыяльна, каб мучыць людзей. Падземныя пераходы ператвараюць жыцьцё маламабільных людзей (інвалідаў, пэнсыянераў, і г. д.) у існае пекла, робячы немагчымым перамяшчэньне па горадзе. Яшчэ падземныя пераходы павышаюць сьмяротнасьць на дарогах, паколькі правакуюць людзей парушаць правілы (ніхто ня хоча спускацца ў пераход, таму пераходзяць паверсе ў неналежным месцы). Да алімпіяды чыноўнікі, дзесьці пачуўшы выраз «безбар’ернае асяродзьдзе», каб ня стукнуць тварам у бруд перад замежнымі гасьцямі, забясьпечылі пераходы пад’ёмнікамі.

«Безбар’ернае» асяродзьдзе

 

Але вось алімпіяда прайшла, госьці зьехалі. Адгадайце з аднаго разу, што сталася з «безбар’ерным асяродзьдзем»? Яго ня стала. Усе пад’ёмнікі даўно альбо зачахлёныя і не працуюць, альбо зусім дэмантаваныя. У Расеі, калі ты стары, хворы, нямоглы, на цябе ўсім пляваць. Асабліва чыноўнікам. Навошта безбар’ернае асяродзьдзе таму, каго ўсюды возяць на Мэрсэдэсе?

Непрацуючыя пад’ёмнікі

 

Перачытаўшы вышэйнапісанае, я вырашыў, што атрымалася неяк занадта нэґатыўна. Насамрэч гэта ня так. У Сочы вельмі добра, асабліва ў параўнаньні зь іншымі расейскімі гарадамі. У першую чаргу, вядома, варта адзначыць добраўпарадкаваньне. Усе тратуары новыя, выкладзеныя пліткай, усё акуратна.

Добраўпарадкаваньне

 

Шмат звычайных наземных пераходаў і сьветлафораў, сытуацыя, калі для нармальнага пераходу вуліцы трэба рабіць крук або парушаць правілы, узьнікае рэдка. Пераходы невядома нашто выфарбаваныя жоўтай фарбай (як у Курску), хоць сэнсу ў гэтым няма (на бясьпеку яна ніяк не ўплывае).

Пераходы

 

Часам стрэлкамі паказваецца кірунак руху, як у Пецярбургу.

Пераходы са стрэлкамі

 

Дарожная інфраструктура вельмі якасная.

Якасная інфраструктура

 

Хоць пробкі бываюць неслабыя. Можна завязнуць на гадзіну і больш.

Пробкі

 

Вуліцы акуратныя, усюды клюмбы, ґазоны, кветкі.

Клюмбы

 

Вельмі добрае азеляненьне, не перарастае ў недагледжаны дрымучы лес. Ёсьць добрыя паркі ў гарадзкой рысе.

Азеляненьне

 

Нарэшце, у горадзе няма вар’яцкай і хаатычнай забудовы бяз пляна з трохмэтровымі платамі, якая займае ўсё вольнае месца. Мы яшчэ згадаем гэта, калі ўбачым горадабудаўнічае пекла пад назвай Адлер. А ў Сочы ў гэтым пляне ўсё вельмі добра. Вуліцы прамыя, прасторныя, з шырокімі ходнікамі.

Добрая пляніроўка

 

Грамадзкі транспарт у асноўным фірмовага белага колеру (зрэдку — жоўтага). Парк складаецца з новых МАЗаў сотых або дзьвюхсотых клясаў, але яшчэ больш распаўсюджаныя дробныя аўтобусы мадэлі Hyundai County, якія тут паўсюль. Маршрутак няма — таксама плюс.

Грамадзкі транспарт

 

Таксі таксама павінныя быць белымі. Працуюць як Яндэкс-таксі, так і Убэр. Выдатная рэч гэтыя дадаткі, да іх ніякімі законамі і забаронамі не ўдавалася разагнаць жулікаў-бамбілаў, а тут усё разагналася само. Ніякіх табе «за тысячу давязу, таньней ня знойдзеш» і «рэшты няма», выклікаў, загадзя ведаючы цану, даехаў, плату сьпісалі з карткі.

Таксі

 

Аўтобусныя прыпынкі.

Прыпынку

 

Сочынскія сьветлафоры. Часам сустракаюцца вэртыкальныя сьветлафоры, якіх я больш нідзе ў Расеі ня бачыў.

Сьветлафоры

 

Платны вулічны туалет.

Туалет

 

Асноўная мадэль урнаў.

Урны

 

Усе таблічкі прадубляваныя на анґельскай.

Анґельскамоўныя шыльды

 

Ці варта сюды зьездзіць? Думаю, так.

Сочы