Масква
Расея, люты 2008
Google Мапы, Яндэкс.Мапы
У сталіцы напачатку 2008 году я пабываў ажно два разы, абодва праездам, і абодва падчас моцнага марозу, калі хочацца ня па вуліцах хадзіць, а сядзець увесь дзень у якой-небудзь кавярні. Або зайсьці ў музэй. Я вырашыў схадзіць у галерэю Глазунова, і выйшаў на Крапоткінскай.

Аказалася, што музей у гэты дзень быў зачынены. Таму я банальна паплёўся на Красную плошчу.
З-за раньняга часу на вуліцы было пуста.

Толькі адзінокая прыбіральшчыца падмятала магілу невядомага жаўнера. Цікава, у савецкі час ганаровы каравул ля маўзалея таксама не дзяжурыў па начах?
Усе, хто бываў у Маскве, хоць бы раз рабілі здымак з гэтага пункту.

Пасьля чаго павольна давалокся да Васільеўскага спуску.

Будынак ФСБ на Лубянскай плошчы.

Да рэвалюцыі тут знаходзіўся пабудаваны ў стылі неакласыцызму будынак страхавога таварыства «Расея».

Пасьля яе тут разьмясьціўся галоўны рэпрэсіўны орґан бальшавікоў — упраўленьне УНК (пазьней — АДПУ, НКУС, МДБ, КДБ, ФСБ). Менавіта адсюль каардынаваўся чырвоны, а затым і сталінскі тэрор, тут расстрэльвалі людзей і аддавалі злачынныя загады аб масавым зьнішчэньні невінаватых. У трыццатыя гады да будынка быў прыбудаваны дадатковы корпус у іншым архітэктурным стылі. Я вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што сучасны выгляд ён набыў толькі ў 1983 годзе (год майго нараджэньня, хех) — была праведзеная рэканструкцыя, у выніку якое фасад стаў сымэтрычнымм — дом страхавога таварыства быў перароблены так, каб выглядаць дакладна так жа, як пабудаваны пры Сталіне правы бок.

На мой погляд, адзіным правамерным выкарыстаньнем гэтага будынка можа быць разьмяшчэньне ў ім музея тэрору — спадзяюся, Расея калі-небудзь дарасьце да таго, каб цалкам пакончыць са злачынным мінулым.
Выявіў, што на Бальшым тэатры ўжо замянілі савецкі герб на самадзяржаўны.

Гэтыя кантрасты сымболікі — адна з цікавых асаблівасьцяў Масквы. Пасярод перамог капіталізму, нібы статуі на востраве Вялікадня, выглядаюць манумэнты й барэльефы папярэдняй эпохі. У будынку, дзе «неаднаразова выступаў Уладзімір Ільіч Ленін», знаходзіцца клуб-казыно «Мэтраполь».

У мэтро — сьветлая будучыня яшчэ, а дакладней, зноў ужо ў сталінскай вэрсіі :-(

А на вуліцы — рэкляма аўтамабіляў для асабліва багатых грамадзян.

Да архітэктуры ў Маскве ставяцца як у Амэрыцы — як пры ўзьвядзеньні новых будынкаў, так і пры рэканструкцыі, такія рэчы як гістарычнае аблічча і гармонія архітэктурных стыляў мала каго хвалююць.

Але для Новага сьвету гэта натуральна, а вось гарады з шматвяковай гісторыяй падобнае стаўленьне нявечыць бязбожна. У Эўропе гэта, праўда, ужо ўсьвядомілі, а ў Расеі па-ранейшаму ўсё вырашаюць грошы.

Хоць, само стаўленьне зарадзілася яшчэ ў савецкія часы.

На жаль, фатаґрафаваць шмат не атрымлівалася, бо рукі мамэнтальна аднімаліся ад холаду. Бліжэй да вечара я зноў пайшоў у цэнтр.

Маскоўскі каток парадаваў сваімі памерамі. У Нью-Ёрку людзі па дзьве гадзіны стаяць у чаргу, каб пакатацца на малюсенькім пятачку на Мэдысан-сквэр.

На Краснай плошчы былі праведзеныя выпрабаваньні нядаўна набытага тэлеаб’ектыва.

Аказалася, што арлы на шпілях Дзяржаўнага гістарычнага музея пакрытыя шыпамі, паміж якімі нацягнуты дрот.

А крамлёўскія зоркі па памеры нават яшчэ больш, чым здавалася (зьвярніце ўвагу на лесьвіцу ўнізе). Спадзяюся, калі-небудзь іх адсюль здымуць.

А таксама стала зусім ясна, навошта прафэсіяналы носяць па некалькі фотаапаратаў. Нягледзячы на ўяўную прастату, зьмена аб’ектыва — вельмі моташны занятак, ня кажучы ўжо пра тое, што ў гэты час можна папросту ўпусьціць нешта цікавае.

Конныя міліцыянты.

Але дакладна ня гэтых двух дзяўчат, якія хвілін трыццаць спрабавалі сфатаґрафаваць адно аднаго на тэлефон.

Падчас другога візыту, у музэй Глазунова я ўсё ж такі трапіў. Імпэрска.