Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Захад ЗША 4. Малібу, Санта-Барбара, Пісмо-Біч

Штат Каліфорнія, ЗША, верасень 2012
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Праехаць з Лос-Анджэлеса ў Сан-Францыска можна двума шляхамі. Першы — хуткая траса I-5, якая ідзе напрамую. Ехаць па ёй менш за 6 гадзін, але ўздоўж гэтай дарогі няма нічога цікавага. Другая дарога даўжэй (цэлы дзень язды), але ідзе ўздоўж акіянскага ўзьбярэжжа, таму для турыстычнай паездкі падыходзіць больш.

Пакідаем Лос-Анджэлес, зноў губляючы шмат часу ў пробцы. На гарызонце добра бачны шэры смог аўтамабільных выхлапаў, які вісіць над горадам.

Смог у Лос-Анджэлесе

 

Дарога, якая ідзе ўздоўж акіяна, вельмі прыгожая, пастаянна сустракаюцца нейкія скалы, уцёсы, і курортныя паселішчы зь віламі на гарах. Нажаль, шмат паказаць я не змагу, бо здымаць з машыны, якая рухаецца, знаходзячыся за стырном — справа няўдзячная. Большасьць здымкаў, зробленых такім чынам, атрымліваюцца, мякка кажучы, пасрэднай якасьці — расплывістыя, з заваленым гарызонтам, і паказваюць незразумела што. Оля часта высоўвалася з фотаапаратам у люк на даху, але паколькі свайго блога ў яе няма, яе здымкаў ўбачыць не атрымаецца.

Малібу

 

Малібу

Малібу знаходзіцца зусім недалёка ад Лос-Анджэлеса, асабліва ад той яго частцы, дзе жывуць знакамітасьці, але ў той жа час пазбаўлены гарадской мітусьні і пробак, і таму аблюбаваны зоркамі для сваіх загарадных віл. Па гэтай жа прычыне пасёлак неаднаразова быў месцам дзеяння разнастайных фільмаў і сэрыялаў, асабліва тых, дзе распавядаецца аб райскім пляжным жыцьця перапампаваных прыгажунчыкаў-сёрфэраў і іх дзяўчын у бікіні. Гэтае імя, якое паходзіць ад фразы індзейцаў, што калісьці жылі тут (humaliwo - «прыбой гучыць гучна»), таксама было прысвоена розным вырабам, напрыклад, аўтамабілю «Шэўрале Малібу» і какосаваму лікёру. На які склад трэба ставіць націск у гэтым слове ў расейскай ці беларускай мовах, так і засталося таямніцай (у ангельскай яно падае на першы).

Малібу

 

Вуглы скрыжаваньняў заўсёды афарбаваныя ў чырвоны колер (у гэтым Малібу падобны на расійскую Тулу).

Малібу

 

Нехта жыве прама на беразе акіяну.

Пляж

 

Плот як бы намякае, што далей пляж прыватны, і хадзіць туды нельга. Я пайшоў паглядзеў — нічога цікавага.

Пляж

 

З-за добрых ціхаакіянскіх хваляў Каліфорнія — рай для сёрфэраў. Часам ствараецца ўражаньне, што ўздоўж ўсёй берагавой лініі няма аніводнага месца, дзе б іх не было. Здалёк гэта нагадвае статак марскіх коцікаў.

Сёрфэры

 

Вада рухаецца толькі на паверхні хвалі, таму яе трэба ўмець злавіць. У чаканьні хвалі сёрфэр ляжыць на дошцы, а як толькі хваля падыходзіць, пачынае імкліва грэбці рукамі, адціскаецца ад дошкі і ўстае на яе нагамі. Калі спроба ўдалая, ён едзе на хвалі, балянсуючы корпусам.

Сёрфэры

 

Уменьне злавіць хвалю і трымаць раўнавагу на сёрфбордзе прыходзіць далёка не адразу. На момант напісаньня гэтых радкоў аўтар ужо спрабаваў дадзены спосаб правядзеньня часу, але посьпехаў у ім пакуль не дасягнуў, хоць і можа дакладна сьцьвярджаць, што са сноўбордам гэта не мае нічога агульнага.

Сёрфэр

 

Яшчэ ў Малібу атачаюць гідранты слупкамі, каб іх ня зьбілі.

Гідрант

 

Парагляйдэр.

Парагляйдэр

 

Птушкі. На заднім пляне скрозь смугу выглядае Лос-Анджэлес.

Птушкі

 

Пляж. Вада, дарэчы, была вельмі празрыстая, таму будзь у мяне маска і больш часу, я б з задавальненьнем там паныраў бы. Дзеці стаяць у чаргу на ўрокі сёрфінгу.

Пляж

 

Вуліца.

Малібу

 

Далей.

 

Санта-Барбара

Ня ведаю, ці паказвалі гэты сэрыял у Беларусі, але чым ён вядомы расіянам, распавядаць не мае сэнсу. Паколькі ў дзяцінстве і малалецтве мяне на лета заўсёды адпраўлялі да бабулі ў Белгарад, воляй-няволяй мне таксама даводзілася сачыць за прыгодамі сямейства Кэпвэлаў і пэрсанажаў, што іх атачалі. У Амэрыцы сэрыял ішоў з 1984 па 1993, у Расіі яго паказвалі з 1992 па 2002 гады. Для нашай краіны гэта быў рэкорд па часе, з-за чаго слова «санта-барбара» стала сынонімам бясконцай марудзіны, але ў ЗША, дзе некаторыя серыялы ідуць па 30—40 гадоў, Санта-Барбара са сваімі 2 137 сэрыямі зусім нічым не вылучалася. У адрозьненьне ад лацінаамэрыканскіх тэленавэлаў, дзе сюжэт і канцоўка вядомыя загадзя, «мыльныя опэры» могуць здымацца да бясконцасьці, пакуль ёсьць рэйтынг. Самы доўгі амэрыканскі сэрыял, «Кіруючае сьвятло», ішоў ажно 72 гады.

Аднак, мала хто ў Расіі мае ўяўленьне, як гэты горад выглядае насамрэч — сэрыял здымаўся зусім у іншым месцы ў здымачных павільёнах, а вулічных сцэн у ім практычна няма. А выглядае Санта-Барбара так.

Санта-Барбара

 

Заснавалі яе гішпанцы ў 1786 годзе, што адлюстроўваецца ў гістарычнай архітэктуры.

Скрыжаваньне

 

Гішпанцы былі першымі эўрапейцамі, якія калянізавалі Каліфорнію, што добра відаць па тапонімах — амаль усе разьмешчаныя на ўзьбярэжжы гарады названыя ў гонар каталіцкіх сьвятых і маюць прыстаўку Сан-/Санта- ў назьве («santo» па-гішпанску — «сьвяты»). Пасьля абвяшчэньня Мэксікай незалежнасьці гэтыя землі сталі належаць ёй, а ў склад ЗША Каліфорнія ўвайшла ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, пасьля Амэрыкана-мэксіканскай вайны.

Таблічка

 

Санта-Барбара — прыемнае і вельмі акуратнае, выкладзенае чырвонай пліткай месца, але рабіць тут асабліва няма чаго.

Фантанчык

 

Агульнае ўражаньне складаецца прыкладна за 20 хвілін знаходжаньня.

Санта-Барбара

 

Я доўга гадаў, ці мае афарбоўка бардзюраў нейкі функцыянальны сэнс, і прыйшоў да высновы, што чырвоным іх фарбуюць там, дзе нельга спыняцца.

Санта-Барбара

 

Характэрная каліфарнійская асаблівасьць № 1 — квадратныя люкі з акругленымі кутамі для падземных камунікацыяў.

Квадратныя люкі

 

Характэрная каліфарнійская асаблівасьць № 2 — надпісы на бардзюрах. Пішуць назвы вуліц, нумары дамоў, або проста нейкія актуальныя паведамленьні.

Надпіс на бордзюры

 

Урны, люкі, таблічка з назвай на тратуары.

Урны

 

Сьветлафор і трансфарматарная будка.

Сьветлафор

 

На зьдзіўленьне шмат раварыстаў.

Ровары

 

Цікава, што ў Каліфорніі размалёўка паліцэйскіх машын ўсюды аднолькавая. У Нью-Ёрку, напрыклад, у кожным графстве ёсьць свая схема размалёўкі, якая ня мае нічога агульнага з суседскай. Тут жа гэта стандартна белы корпус і чорныя крылы, капот і багажнік, знаёмыя нам па фільмах.

Паліцыя

 

Ах да, самае галоўнае. Пазнаяцё будынак?

Місія сьвятое Варвары

 

Гэта Місія сьвятое Варвары. Глядзіце ролік.

 

* * *

Люблю горныя краявіды. Прама да жаху люблю. Нажаль, спыняцца супрацьзаконна, здымаць на хаду — зараз яшчэ і багата на магчымыя пасьлядоўнасьці. Добра раней людзям было — едуць, напрыклад, у карэце, адзін такі: «як выдатны гэты краявід, вы не знаходзіце, монсіньёр?» «О, так, мсье, сапраўды прыгожыя і ні з чым непараўнальныя тварэньні прыроды! Хацеў бы я быць жывапісцам! А цяпер: «ох ты ж е-маё, прыгажосьць якая, давай хутчэй фоцік! Давааай! Блін, дзе тут ўключаць?! Ааа, чорт, не пасьпеў!»

Дарога

 

Пісма-Біч

Тут мы зрабілі крайні прыпынак, каб павячэраць. Гэта адно з тых месцаў, гледзячы на якія, заўсёды кажаш сабе: «выдатна, вядома, тут, напэўна, шыкоўна адпачываць, расслабляцца, атрымліваць асалоду ад відаў і лазіць па гарах, але ў астатні час чым тут займацца?»

Пісма-Біч

 

Пісма-Біч прысвоіў сабе гордую назву «сусьветнай сталіцы двухстворкавых малюскаў». Між іншым.

 

Маляўніча і нырабельна.

Скалы

Пячора

 

Люблю марскія скалы.

Кветкі

Калёна

 

Няшмат, але клясна палазілі :-)

Оля на марской скале

 

Тым часам сонца павольна патанула ў Ціхім акіяне. Люблю на такое глядзець, заўсёды супакойвае і расслабляе. Курорты, дзе сонца не садзіцца за марскі гарызонт — не камільфо.

Заход

 

Пасьля заходу ехаць ўздоўж берага па цемры ўжо ня мела сэнсу, таму пасля гэтага прыпынку мы зьвярнулі з дарогі, якая ідзе ўздоўж акіяну, на прамую трасу US 101, але ў Сан-Францыска ўсё роўна прыехалі ўжо за поўнач.