Сан-Францыска, частка 3: Алькатрас
Каліфорнія, ЗША, травень 2013
Google Мапы, Яндэкс.Мапы
На трэці дзень надвор’е сапсавалася, прыдаўшы гораду яго звычайны выгляд.
Алькатрас — скалістая выспачка, разьмешчаная прыкладна ў сярэдзіне заліву. Назва ў перакладзе з гішпанскай мовы азначае «пелікан» (ня блытаць з альбатросам). На высьпе гняздуецца большая колькасць чаек, якія жывуць у бухце.
Трапіць сюды можна на пароме, які ходзіць некалькі разоў на дзень, але колькасць месцаў на ім абмежаваная, і квіткі звычайна раскупляюцца за дзень-два, таму іх лепш загадзя купіць у інтэрнэце.
З’езьдзіць туды адназначна варта — хаця б дзеля відаў, якія адкрываюцца на горад з карабля.
Вежа Койт, від з вады.
Профіль Бэй-брыджу з процілеглага боку.
Падыходзім да выспы. У будынку на пярэднім плчне кватараваліся служачыя турмы, у тым, што на гары — утрымліваліся зньяволеныя. Дом з трубой справа — былая электрастанцыя, на гары зьлева — дом начальніка турмы.
Індзейцы лічылі гэта месца праклятым і пазьбягалі на яго высаджвацца. Гішпанцы, прабраўшыся туды ў другой палове XVIII стагодзьдзя, ахрысьцілі яго «Востравам пеліканаў»(«La Isla de los Alcatraces»), выявіўшы там вялікую колькасьць гэтых птушак (у цяперашні час іх там не засталося). Пасьля таго як у сярэдзіне XIX стагодзьдзя Мэксіка пацярпела паразу ў Амэрыкана-мэксіканскай вайне, Каліфорнія перайшла да ЗША і на востраве разьмясьціўся артылерыйскі гарнізон для аховы подступаў да заліву.
Хоць востраў знаходзіцца ўсяго ў 1,8 кілямэтрах ад берагу, моцныя і непрадказальныя халодныя плыні робяць яго вельмі цяжкадаступным, а ўцёкі зь яго — практычна немагчымымі, таму калі ў ЗША пачалася грамадзянская вайна, Алькатрас стаў выкарыстоўвацца для ўтрыманьня пад вартай злоўленых на заходнім узбярэжжы канфэдэратаў , а таксама тых, хто ім сымпатызаваў. Пазьней да іх дадаліся палонныя гішпана-амэрыканскай вайны канца XIX стагодзьдзя, а пасьля разбуральнага землятрусу 1906 сюды перавялі зьняволеных з турмаў Сан-Францыска. У трыццатыя гады XX стагодзьдзя пачалася Вялікая дэпрэсія, што прывяло да росту злачыннасьці, асабліва арганізаванай, і ў 1933 Фэдэральнае турэмнае кіраваньне адкрыла тут турму асобага рэжыму, прызначаную для самых небясьпечных злачынцаў, а таксама для тых, хто парушаў дысцыпліну ў іншых месцах пазбаўленьня волі. Турма складалася зь некалькіх блёкаў вышынёй у тры ярусы.
Усяго ў ёй было больш за 600 камэр.
На фатаграфіі з-за скажэньня камэра здаецца больш, чым насамрэч. У рэальнасьці ж яе памер пакідае ўсяго толькі 1,5 мэтра ў шырыню і 2,7 мэтра ў даўжыню — як у ванным пакоі. Унутры знаходзіўся столік з лаўкай, унітаз, рукамый і ложак.
Зьняволеным дазвалялася мець нейкую колькасьць асабістых рэчаў.
За добрыя паводзіны ім давалі некаторыя палёгкі, напрыклад, магчымасць выходзіць у двор і гуляць у бэйсбол, а таксама браць кнігі з турэмнай бібліятэкі.
За кепскія — пераводзілі ў блёк «Д», рэжым утрыманьня у якім быў яшчэ стражэйшым. Блёк таксама утрымліваў ізаляваныя камэры (у якіх зьняволены нікога ня бачыў і ні з кім ня мог размаўляць) і карцэры.
Сярод самых вядомых зьняволеных Алькатраса былі мафіёзны верхавод Аль Капонэ, адыёзны гангстар і бязьмежнік Джордж Кэлі Барнс па мянушцы «Кэлі Кулямёт», а таксама Робэрт Страўд, «птушкалоў з Алькатраса», спачатку асуджаны за забойства, а потым — на пажыцьцёвае за забойства наглядчыка. Знаходзячыся ў іншай турме, Страўд займаўся вывучэньнем канарак, і нават апублікаваў дзьве кнігі по доглядзе за імі, якія сталі папулярнымі. У яго быў высокі інтэлект, але ён быў псыхічна нездаровы, і цярпеў ад прыступаў гневу, падчас якіх мог зьдзейсніць злачынства.
З Алькатраса было зьдзейснена некалькі спробаў уцёкаў рознай ступені выдасканаленасьці. У 1962 годзе трое вязьняў зрабілі дрыль з мэталічнай лыжкі, прыпаянай срэбрам зь 10-цэнтовой манэты да скрадзенага матора ад пыласоса, пры дапамозе якой прасьвідравалі заднія сьценкі камэр. Пакінуўшы ў ложках галовы з пап’е-машэ, каб ахова не заўважыла іх адсутнасьць, уцекачы падняліся наверх па утылітарным адсеку, разагнулі краты, выбраліся на дах, спусьціліся ўніз па вадасьцёкавай трубе, і на вырабленым з гумовых плашчоў надзіманым плыце сплылі з выспы. Да сёньняшняга дня невядома, ці ўдалося ім дабрацца да берагу, або яны загінулі ў дзесяціградуснай вадзе. У душавых турмы падавалі толькі гарачую ваду, каб целы зьняволеных не прывыкалі да халоднай.
Утылітарны адсек паміж камэрамі, празь які яны падняліся наверх.
Самая дзёрзкая спроба ўцёкаў адбылася ў 1942 годзе, калі шасьцёра зьняволеных паднялі паўстаньне. Узброіўшыся самаробнай прыладай для выпростваньня дубцоў, і абмазаўшыся нясьвежым тлушчам, адзін са змоўшчыкаў, які да гэтага доўга сядзеў на дыеце, спачатку выціснуўся з камэры, а затым такім жа чынам пракраўся на склад зброі і раздаў яе сваім саўдзельнікам. Злачынцы зьбіраліся захапіць у палон ахоўнікаў, і, прыкрываючыся імі, уцячы з выспы на катэры. Яны пачалі патрабаваць у ахоўнікаў ключ, а зразумеўшы, што ім яго не атрымаць, пачалі іх забіваць (ключ па выпадковасьці не паклалі на месца). Калі яны паспрабавалі падабраць ключ, спрабуючы ўсе наяўныя, замок заблякаваўся, і яны апынуліся ў пастцы. Адміністрацыя турмы выклікала на падмогу марпехаў, берагавую ахову і ФБР. Тыя пачалі штурм, закідваючы ў будынак гранаты са сьлёзатачывым газам, завязалася жорсткая перастрэлка, падчас якой адзін з штурмаваўшых і трое змоўшчыкаў былі забітыя. Яшчэ траіх бунтаўнікоў ўзялі жывымі. Двое зь іх былі пазней пакараныя ў газавай камэры, а трэці атрымаў другі пажыцьцёвы тэрмін.
На падлозе відаць адтуліны ад куль, зробленыя ў той дзень.
Зброя ахоўніка.
Службовыя памяшканьні.
Морг і крэматорый. У Алькатрасе не прыводзіліся ў выкананне сьмяротныя прысуды, таму па прызначэньні ён выкарыстоўваўся рэдка.
Кухня.
Турэмны корпус.
Былая дызельная электрастанцыя і кацельня (сёньня востраў атрымлівае энергію ад усталяваных на даху сонечных батарэяў).
Турма была зачыненая ў 1963 году па фінансавых прычынах — утрыманьне там аднаго зьняволенага абыходзілася бюджэту больш чым у тры разы даражэй, чым у звычайнай турме на мацерыку.
У шасьцідзесятыя гады, калі заходні сьвет захліснула хваля розных пратэстных рухаў, не засталіся ў баку і амэрыканскія індзейцы. У 1969 група студэнтаў індзейскага паходжаньня захапіла востраў, абвясьціўшы яго свабоднай зямлёй, якая належыць карэнным жыхарам Амэрыкі (падчас нядаўняй рэстаўрацыі на воданапорнай вежы аднавілі пакінуты імі надпіс: «Мір і свабода. Сардэчна запрашаем на свабодную індзейскую зямлю»). Пазьней да іх далучыліся актывісты зь іншых штатаў.
Індзейцы патрабавалі ад амэрыканскага ўрада права на самакіраваньне і самавызначэньне, выкананьня шэрагу дамоваў, якія былі падпісаныя зь імі падчас станаўленьня дзяржавы, вяртаньня зямель, якія па праву павінныя былі належыць ім. Дзякуючы гэтай акцыі, амэрыканскі ўрад пайшоў на саступкі — па-першае, была афіцыйна адмененая палітыка асыміляцыі індзейцаў, па-другое, урад перадаў частка нявыкарыстаных фэдэральных земляў племянным аўтаноміям.
Акупацыя выспы доўжылася каля 19 месяцаў. Невядома, чым індзейцы там ўвесь гэты час займалася, але за яе час згарэла некалькі будынкаў, у тым ліку дом начальніка турмы, і клюб адпачынку ахоўнікаў.
Зараз востраў належыць Службе нацыянальных паркаў.
У чаек перыяд гняздоўя.