Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Архангельск

Расея, студзень 2014
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Першага студзеня я прыехаў на станцыю Костылева і сеў у цягнік Котлас—Архангельск. Мяркуючы па напоўненасці ваґона, я быў ​​адзіным, хто ў Новы год не прыдумаў сабе лепшага занятку.

Пусты пляцкарт

 

Па плошчы Архангельская вобласьць больш, чым любая дзяржава Эўропы, і да абласнога цэнтра цягнік ішоў амаль 15 гадзін. Хаця было ўжо амаль 10 раніцы, на вуліцы была цемра і дваццаціґрадусны мароз, што пасьля шангальского нуля падалося даволі жорсткім.

Вакзал Архангельска

 

Да цэнтра я вырашыў прайсьціся пешшу — так можна было і больш паглядзець, і заадно і неяк страціць час да сьвітаньня.

Кольца

 

Вуліца Васкрасенская (былая Энґельса). Архангельск — адзін з нямногіх гарадоў Расіі, якія часткова пазбавіліся ад савецкай тапанімікі. Хоць цэнтральная плошча названая імем Леніна, больш ніводная з галоўных вуліц не названая ў гонар камуністычных дзеячоў або падзей. Цікава, што вуліца Леніна ў горадзе хоць і ёсьць, але знаходзіцца дзесьці на ўскраіне, і акрамя пустак і баракаў на ёй нічога няма.

Васкрасенская

 

Стары Архангельск быў амаль цалкам драўляным — па-першае, лес на поўначы заўсёды быў у багацьці, па-другое, дрэва лепш трымае цяпло. Сёньня ў горадзе вельмі шмат ветхага жыльля, у якім жывуць людзі, што гадамі чакаюць на перасяленьне.

Старая вуліца

 

Часам яно выглядае вельмі калярытна.

Дзьверы

 

Пры гэтым горад актыўна забудоўваецца.

Будаўніцтва

 

Будаўнічыя краны — паўсюдная і неад’емная частка пэйзажу.

Краны

 

Тыповы гарадзкі від — пакрыўленыя хаціны, з усіх бакоў аточаныя новабудоўлямі.

Стары дом

 

Многія старыя будынкі, пры гэтым, вельмі прыгожыя і маюць гістарычную каштоўнасьць. Будзе вельмі шкада, калі гэтыя помнікі гісторыі рускай поўначы зьнікнуць, саступіўшы сваё месца безаблічным гандлёва-забаўляльным цэнтрам і элітным новабудоўлям.

Дамы, што захаваліся

 

Тым больш што новабудоўлі ў пляне архітэктуры — паўнейшае УГ. Але гэта праблема абсалютнай большасьці гарадоў на постсавецкай прасторы.

Стары дом і новабудоўлі на фоне

 

Тут варта згадаць аб вуліцы Чумбарава-Лучынскага, якую ператварылі ў музэй пад адкрытым небам, перамясьціўшы сюды мноства гарадзкіх драўляных пабудоў, якія прадстаўляюць гістарычную каштоўнасьць, і, такім чынам, зьбераглі ад зносу.

Чумбарава-Лучынскага

 

Саму вуліцу зрабілі пешаходнай, выбрукаваўшы пліткай. Атрымалася добра. Прынамсі, ня ўвесь стары горад зьнікне бесьслядоўна.

Чумбарава-Лучынскага

 

Нажаль, у цэлым стан гарадзкіх вуліц не важлівы. За межамі цэнтральных вуліц тратуары часта разьбітыя або іх няма навогул, пакрыцьцё даўно не рамантавалася, сустракаюцца адкрытыя люкі.

Люк

Няма тратуараў

 

Бясплатны каток.

Лёд

 

Зараз мароз і бруд зацвярдзеў, а ўявіце, як хадзіць тут у сырое надвор’е. Нейкія абломкі валяюцца, варта толькі адвярнуцца, як можна зламаць нагу.

Разьбіты тратуар

 

Зазірнем у двары.

Дзіцячая пляцоўка

Памыйкі

Двор

Агароджаны двор

 

Пройдземся па цэнтральных вуліцах. Траецкі прашпэкт, былы прашпэкт Паўліна Вінаградава.

Троіцкі

Стэла «Горад ваярскае славы»

 

Цэнтар гораду.

Цэнтар

Сьветлафоры

 

Самы стары будынак горада — Гасьціны двор (пабудаваны ў 1668—1671 гадах). Помнік праз дарогу сымбалізуе месца заснаваньня горада. Унутры будынка знаходзіцца краязнаўчы музэй, у двары выстаўлены стары трамвайны ваґон, які быў у мяне ў сьпісе рэчаў, якія трэба паглядзець, але з-за сьвята ўсё было зачынена, і я туды не патрапіў. Архангельскі трамвай быў уведзены ў эксплюатацыю ў 1916 годзе і быў самай паўночнай у сьвеце трамвайнай сыстэмай. У 2004 годзе яго зачынілі.

Гасьціны двор

 

Сам горад быў заснаваны па загадзе Івана Грознага ў 1584 годзе, у якасьці марскога порта і абароннага пункту Памор’я ад Шведзкай пагрозы; названы па імі разбуранага ў 1930-х бальшавікамі Міхайла-Архангельскага манастыра. На працягу палутара стагодзьдзяў, да таго, як быў заснаваны Пецярбург, Архангельск быў асноўным портам Расіі, які прыносіў да 60% дзяржаўнага даходу.

Стары горад

 

У галоўнага Леніна вобласьці няма ног — ён тырчыць з каменнай глыбы.

Плошча Леніна

 

Плошча Леніна. Гмах, які стаіць на плошчы («будынак праектных арґанізацый») быў пабудаваны ў 1983 годзе да 400-годзьдзя Архангельска і да 1998 года быў самым высокім будынкам Расіі за межамі Масквы (вышыня разам са шпілем — 142 мэтры). Зараз ўнутры разьмешчаны офісы і студыі мясцовых радыёстанцый.

Плошча Леніна і будынак праектных арґанізацый

 

Афіцыйна санкцыянаваныя ґрафіці ў гонар герояў вайны.

Ґрафіці

 

Помнік Пятру I, які стаіць на набярэжнай, і намаляваны на купюры ў 500 рублёў.

Помнік Пятру I у Архангельску

 

Раптоўна, Mark V, анґельскі танк часоў Першае сусьветнае. У час грамадзянскай вайны ў Расіі гэтыя танкі выкарыстоўваліся войскамі інтэрвэнтаў, а таксама белай арміяй. Трафэйныя машыны выкарыстоўваліся бальшавікамі. Пасля рэстаўрацыі танк схавалі ў шкляную вітрыну, каб народ не ламаў.

Танк Mark V

 

Прыстань і порт (порт замярзае, зараз зачынены).

Прыстань і порт

 

Паглядзім на звычайныя вуліцы.

Ламаносава

 

Адна з двух мадэляў гарадзкой вурны.

Кіёск і вурна

 

Ня ведаў, што бываюць фантаны, якія працуюць пры −20. На заднім пляне — будоўля Архангельскага сабору.

Фантан

 

Птушкам халодна.

Рынак

 

Сур’ёзныя людзі таксама бываюць рамантыкамі. Каханьне на 28 з паловай тысяч у месяц.

Білборд для Танечкі

 

На вуліцы толькі палова чацьвёртага, а сонца ўжо заходзіць. У гэты час году сьветлая частка сутак складае 4 гадзіны 10 хвілін, а астатнія амаль што 20 гадзін на вуліцы цемра. У беларускай мове неабходна прыдумаць антонім да слова «белыя ночы».

 

Сонца садзіцца за зьмёрзлую Паўночную Дзьвіну, а мне час ісьці на цягнік. У Шангалы да Раства.

Заход сонца над Паўночная Дзьвіной