Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Франкфурт-на-Одэры

Брандэнбурґ, Нямеччына, жнівень 2016
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

На жнівень 2016 была заплянаваная чарговая паездка па Эўропе, якая мелася ахапіць 5 краін. На рэйсе Масква—Бэрлін Аэрафлот зрабіў прыемны падарунак, бясплатна перасадзіўшы ў бізнэс-кляс (такое часам бывае, калі часта лётаеце, а месцы ў эканоме канчаюцца). Крэслы тут большыя і зручнейшыя, хоць у ляжачае палажэньне не адкідваюцца (апошняе бывае толькі на далёкамагістральных самалётах). Палёт да Бэрліна на самалёце Airbus A320-214 з б/н VP-BKY заняў трошкі болей за дзьве гадзіны, і большую частку часу нас вельмі шчыльна і смачна кармілі (у эканоме на такіх адлегласьцях проста даюць бутэрброд). Ежу выдаюць у фарфоравым посудзе і з мэталічнымі сталовымі прыладамі (у эканоме ўсё аднаразовае і плястыкавае).

Бізнэс-кляс у Аэрафлоце

 

На трасе сустракаецца вельмі шмат праварульных машын з брытанскімі нумарамі. Калі ўлічыць, што ў Вялікай Брытаніі жыве каля 800 000 польскіх эмігрантаў, а гэтая траса — найпрамейшы і найхутчэйшы шлях з заходняй Эўропы ў Польшчу, то становіцца зразумелым, адкуль тут так шмат «ангельцаў».

Машына з польскім нумарам

 

У Нямеччыне ёсьць два гарады з назвай Франкфурт. Адзін, той што стаіць на рацэ Майн — буйны мэгаполіс, фінансавая сталіца краіны і адзін з самых наведваемых гарадоў сьвету. Іншы Франкфурт стаіць на рацэ Одэр на самай мяжы з Польшчай. Гэта невялікае мястэчка з насельніцтвам усяго 61 тысяча чалавек, правінцыя былой НДР. На ўездзе нас сустракаюць шэрыя панэльныя шматпавярхоўкі.

Панэльныя шматпавярхоўкі

 

Як і многія іншыя нямецкія гарады, Франкфурт-на-Одэры моцна пацярпеў падчас вайны, большая частка даваенных пабудоў была разбураная. Пустуючыя прасторы былі забудаваныя архітэктурай сацыялізму.

Вуліца з сацыялістычнай архітэктурай

 

Трохі гістарычнай забудовы ўсё ж захавалася.

Гістарычныя будынкі

 

Гарадзкі сабор.

Сабор у Франкфурце-на-Одэры

 

Цэнтр сымпатычны. Большасьць будынкаў сучасныя, але па стылі добра ўпісваюцца.

Цэнтр Франкфурта-на-Одэры

 

Шмат малых скульптураў, некаторыя дзіўныя.

Скульптуры

 

Плошча аддадзеная пад паркоўку :-/

Паркоўка

 

Сустрэліся такія сымпатычныя вуліцы. Дамы ў ідэальным стане.

Старая вуліца

 

Старадаўні надпіс на сьцяне ўсё яшчэ бачны.

Стары надпіс

 

Вельмі прыгожыя будынкі. Але на самой справе гэта рэдкасьць.

Гістарычная архітэктура

 

Асноўная частка гораду — немудрагелістыя прастакутныя панэлькі.

Панэльныя шматпавярхоўкі

 

Астравок даўніны ў асяродзьдзі соцрэалізму.

Франкфурт-на-Одэры

 

Як выглядалі б сучасныя расейскія гарады, калі б у іх жылі немцы.

Сацыялістычная архітэктура

 

Тыповыя шматпавярхоўкі.

Шматпавярхоўкі

 

Зьвярніце ўвагу, што ніхто не зашкляе балконы, нават на такіх будынках, якія ня прадстаўляюць асаблівай архітэктурнай каштоўнасьці. Бо ў нас нават найпрыгажэйшы будынак у цэнтры гораду могуць абляпіць безґустоўнымі аўтобуснымі вокнамі, нібы гэта нейкая савецкая дача, і ня бачаць у гэтым нічога заганнага.

Незашклёныя балконы

 

Тыя будынкі, што прайшлі рэнавацыю, выглядаюць вельмі прыстойна. Пры жаданьні нават са звычайнай хрушчоўкі можна зрабіць якаснае жыльлё.

Рэнавацыя

 

Двары таксама акуратныя, хоць і не ідэальныя.

Нямецкія двары

 

Уваход у пад’езд.

Уваход у пад’езд

 

Вуліцы з камуністычнымі назвамі засталіся ня толькі ў Расеі. Вось вам і Карл Маркс, і Роза Люксэмбурґ. У некаторых гарадах нават Ленінштрасэ сустракаюцца.

Камуністычныя назвы

 

А яшчэ ва ўсходняй частцы Нямеччыны нашмат мацнейшыя антыэмігранцкія настроі. Надпіс зьлева на анґельскай — «уцекачам тут ня радыя». Надпіс вялікімі літарамі — «уцікачы заставайцеся, нацысты прэч адсюль» (слова «ўцекачы» напісанае з памылкай). Аднак, пасьля закрэсьліваньня слова «нацысты» сэнс фразы мяняецца на нешта накшталт «уцікачы, заставайцеся выгнанымі».

Надпісы на сьценах

 

Сьмецьцевыя бакі.

Сьметніцы

 

Урна зь лёгкім налётам духоўнасьці.

Урна

 

У горадзе ёсьць закінутыя будынкі, рэдкая для Нямеччыны зьява.

Абандон

 

Грамадзкі транспарт прадстаўлены трамваямі і аўтобусамі. Сярод трамвайных вагонаў сустрэліся звыклыя нам Татры KT4 (толькі вэрсіі D, якая выраблялася для НДР), і нямецкія нізкападлогавыя ADtranz GT6M, а сярод аўтобусаў — сучлененыя MAN NG 313. Фірмовы колер — сьветла-зялёны, але далёка не ўсе машыны ў яго выфарбаваныя.

Грамадзкі транспарт

 

Прыклады грамадзкіх прастор.

Грамадзкія прасторы

 

Вакзал.

Вакзал

 

Найвышэйшы будынак гораду, Одэртурм (Одэрская вежа). Калі памятаеце, у Франкфурце-на-Майне быў Майнтурм.

Одэртурм

 

Гарадзкое графіці.

Графіці

 

Сьветлафорная кнопка — стандартная эўрапейская. Побач разьмешчаная кнопка прыпынку трамвая, якая адначасова дае сыгнал кіроўцу спыніцца і перакрывае дарогу, каб пешаход мог бясьпечна падысьці да прыпынку (трамвайныя шляхі ідуць пасярэдзіне вуліцы).

Сьветлафорная кнопка

 

На многіх слупах і электрычных будках прылепленая бел-чырвона-белая налепка, якая нагадвае беларускі сьцяг. Што яна пазначае, высьветліць не ўдалося. Напэўна, проста сьветлаадбіваючы знак.

Слуп

 

Ля ракі да гэтага часу стаіць старадаўні пагрузачны кран, пераўтвораны ў помнік.

Кран

 

Па Одэры праходзіць дзяржаўная мяжа з Польшчай. Раней тут быў пункт пропуску, але цяпер абедзьве краіны знаходзяцца ў шэнгенскай зоне, і можна вольна шпацыраваць з адной краіны ў іншую. Пераходзячы мост, вы трапляеце ў горад Слубіцэ. Пра гэта — у наступным апавяданьні.

Мост праз Одэр