Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Бізнэс-кляс на A330 Аэрафлота

Масква, Расея, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Адна зь перавагаў статусу пасажыра, які часта лётае, палягае ў тым, што вы знаходзіцеся ў прыярытэце пры павышэньні клясу абслугоўваньня. Такое звычайна адбываецца пры овэрбукінґу — калі колькасьць зарэґістраваных пасажыраў перавышае колькасьць месцаў у тым клясе, куды яны купілі квіткі. Каб зьмясьціць больш людзей у самалёт, авіякампанія пачынае перасаджваць некаторых пасажыраў у даражэйшыя клясы. Аднак, пасажыраў, якія будуць перасаджаныя, выбіраюць не адвольна, а ў пэўным парадку. У першую чаргу апґрэйд заўсёды робяць удзельнікам бонуснай праґрамы авіякампаніі, прычым чым вышэй узровень удзелу, тым больш верагоднасьць павышэньня клясу. Узровень удзелу вызначаецца колькасьцю міляў, якія вы пралятаеце самалётамі авіякампаніі або яе партнёраў працягам году. У Аэрафлоце для атрыманьня «срэбнага» ўзроўню ў праґраме «Аэрафлот Бонус» за год трэба налётаць 25 000 міляў (мой выпадак), «залатога» — 50 000, «плацінавага» — 125 000. Дзякуючы «срэбнаму» ўзроўню за апошнія 5 гадоў давялося 3 разы атрымаць апґрэйд у бізнэс, і 2 разы ў «камфорт» (які ёсьць толькі на 777-х).

У гэты раз Аэрафлот перасадзіў у бізнэс-кляс на дальнім рэйсе, што нашмат лепш, чым бізнэс на кароткім, бо ў далёкамаґістральных самалётах сядзеньні ў гэтым клясе раскладваюцца ў ляжачае палажэньне, і падчас палёту можна добра адпачыць. Але перад адпачынкам было вырашана для пачатку старанна ўсё зафіксаваць, каб потым напісаць агляд.

На рэйс падалі самалёт тыпу Airbus A330-343X. Гэта адзін з 3 тыпаў выкарыстуемых ў цяперашні час шырокафюзэляжных самалётаў Аэрафлота (іншыя — Boeing 777-300ER і Airbus A330-200). У выкарыстоўваемай Аэрафлотам канфіґурацыі гэты самалёт можа перавозіць ад 296 да 302 пасажыраў (дадзены борт — 296: 28 у бізнэсе і 268 ў эканоме). Далёкасьць палёту пры поўнай загрузцы складае 11 300 км.

Самалёт меў бартавы нумар VQ-BMV, сэрыйны 1284, і быў пабудаваны ў студзені 2012 году. На час службы ў Аэрафлоце гэты борт носіць імя Пятра Капіцы. Зрабіць фота звонку не ўдалося, таму яно было ўзята зь Вікіпедыі (на фота менавіта той борт, які паказаны ў гэтым аглядзе, а ня проста іншы самалёт такога ж тыпу). Аўтар фота — удзельнік Вікіпэдыі N509FZ.

Airbus A330-343X VQ-BMV

 

Бізнэс-клас знаходзіцца ў пярэдняй частцы пасажырскага салёну. Усяго ў ім 5 шэрагаў па 6 месцаў кожны (акрамя апошняга).

Бізнэс-клас у Аэрафлоце

 

У пятым шэрагу замест сярэдніх месцаў знаходзіцца гардэроб, куды пасажыры могуць павесіць верхнюю вопратку.

Шафа для адзеньня

 

Маё месца — у апошнім шэрагу справа каля акна.

Пяты шэраг

 

Я вельмі спадзяваўся, што побач нікога ня будзе, але потым побач села нейкая дзяўчына. Зрэшты, перагародка настолькі шырокая, што суседні пасажыр вам не перашкаджае, і для выхаду ў праход вам яго турбаваць ня трэба.

Месцы бізнэс-клясу

 

Кожнаму пасажыру выдаецца камплект прыладзьдзя ў чахле, навушнікі й тэпцікі.

Падарунак для пасажыра

 

Усярэдзіне — грэбень, зубная паста, шчотка, крэмы для рук і твара, лыжка для абутку. Таксама выдаюцца павязка на вочы і вушныя затычкі.

Зьмесьціва падарунка

 

Тапкі больш зручныя, чым у эканоме.

Тапкі

 

Абслугоўваньне пачынаецца яшчэ да ўзьлёту — сьцюардэсы прапануюць халодныя напоі (у дадатак да стандартных сокаў і вады прапануюць віно, але я адмовіўся, бо не люблю алькаголь). Неяк раз чытаў, што ў бізнэсе сьцюардэсам належыць прысядаць пры размове з пасажырамі. Цяпер зьвярнуў увагу — сапраўды прысядаюць. Яшчэ сьцюардэса ў пачатку палёту пытаецца, як вас называць, і ў далейшым зьвяртаецца так, як вы спытаеце (напрыклад, «Юрый»).

Шклянку соку

 

Адначасова выдаюць мэню, каб вы загадзя вызначыліся, што будзеце есьці.

Мэню

 

Экран сыстэмы забаў нашмат больш, чым у эканоме, а сам кампутар мацнейшы — у эканоме інтэрфэйс на Эйрбасах прыкметна падвісае, тут жа гэтага не адчуваецца. Мовы на выбар — расейская, анґельская і кітайская.

Сыстэма забаў

 

Пульт сапраўды такі ж, як у эканоме, а вось навушнікі даражэйшыя (але не аднаразовыя). Якасьць гуку і чутнасьць у іх лепш.

Пульт і навушнікі

 

Акрамя адтулін для навушнікаў ёсьць USB-порт для зарадкі мабільных прылад і порт 8P8C, празь які таксама можна далучыцца да бартавога інтэрнэту (хоць гэтага ўжо ніхто ня робіць, усе карыстаюць вайфай). Ці не карыстаюць, бо ў Аэрафлота ён па-вар’яцку дарагі, калі параўноўваць зь іншымі кампаніямі (хоць правайдэр той жа).

Раздымы для навушнікаў і кабэляў

 

Від з акна. З гэтага ілюмінатара відаць ня толькі саму мотаґандолу, але й вэнтылятар турбіны, можна назіраць, як ён круціцца. Дадзены варыянт A330 абсталюецца 2 рухавікамі Rolls Royce Trent 772B-60 зь цягай 316 кН кожны.

Від з акна

 

Столік дастаецца зь перагародкі паміж сядзеньнямі. Яго можна раскласьці цалкам, а можна напалову.

Столік

 

Надыходзіць час узьлятаць. Самалёт займае выканаўчы старт на паласе 24L, аднак, даўжэй, чым звычайна чакае дазволу дыспэтчара. Нарэшце дазвол атрыманы, ён пачынае разьбег і адрываецца ад зямлі. Праз 23 хвіліны пасьля ўзьлёту мы займаем эшалён 340, згасае табло «зашпіліце пасы». Зараз можна прагуляцца ў туалет, які для пасажыраў бізнэс-клясу знаходзіцца ў самай пярэдняй частцы самалёта.

Туалет

 

Побач зь дзьвярыма туалета — дзьверы ў кабіну лётнага экіпажу. Дзьверы браняваная і маюць кодавы замок.

Дзьверы ў кабіну пілётаў

 

Адзін з выхадаў. Пасадка і высадка пасажыраў звычайна ажыцьцяўляецца альбо праз гэтыя дзьверы, альбо праз наступныя, якія знаходзяцца ззаду бізнэс-клясу. Бачыце вялікую чырвоную стрэлку? Зьлева ад яе знаходзіцца чорная ручка. Гэта так званы сэлектар. Калі вы часта лётаеце, то напэўна зьвярталі ўвагу, што перад і пасьля палёту па гучнай сувязі даецца каманда бортправаднікам заняць месцы для пераводу сэлектараў, затым каманда перавесьці іх у палажэньне armed або disarmed, а за ёй — каманда крос-чэк. Што жа гэта значыць? Пры пераводзе сэлектараў гэтая ручка пераводзіцца ў палажэньне armed (перад вылетам) або disarmed (пасьля палёту). Калі дзьверы знаходзіцца ў стане armed, то пры спробе іх адкрыць (зразумела, на зямлі — у паветры дзьверы адкрыць немагчыма) аўтаматычна выкінецца аварыйны надзіманы трап, таму перад пачаткам рэйсу дзьверы ставяцца ў armed, а па прыбыцьці на стаянку — у disarmed. Каманда крос-чэк проста інструктуе бортправаднікоў дадаткова праверыць, што дзьверы насупраць таксама пераведзеныя ў патрэбнае палажэньне.

Дзьверы з сэлектарам

 

Супрацьлеглыя дзьверы. Справа відаць адно з крэслаў для бортправаднікоў (падчас узьлёту і пасадкі яны таксама мусяць быць прышпіленымі).

Дзьверы і крэсла бортправадніка

 

Туалет самы звычайны, такі ж, як у эканоме. Пазьней тут зьявіўся кошык з баваўнянымі ручнікамі, крэмамі і вільготнымі сурвэткамі.

Туалет

 

Тым часам пачынаецца сэрваваньне абеду. Для пачатку ўсім пасажырам разносяць нагрэты вільготны ручнік для праціраньня рук.

Ручнік

 

Потым прыносяць... ружу. Проста такая дробязь. Хацеў напісаць, што «прыемная», але стрымаўся, бо ў мяне кветкі і іх пах выклікаюць пэўныя ня самыя вясёлыя ўспаміны зь мінулага. Зрэшты, Аэрафлот да гэтага ніякага дачыненьня ня мае.

Ружа

 

А вось і ежа. Самымі першымі прыносяць напой і апэрытыў.

Апэрытыў

 

Затым закуску — ласося з садавінай і гароднінай. Як бачыце, увесь посуд фарфоравы, а сталовыя прыборы — мэталічныя. Нажы бясьпечныя — парэзаць кагосьці імі нельга.

Закуска

 

Закуска №2 — агароднінная салата.

Салата

 

Першая страва — мясны суп.

Суп

 

Другая страва — курыца. Замест яго можна таксама замовіць палтус або агароднінны абед. Падчас ежы пэрыядычна прапаноўваюць дадаць хлебу.

Курыца

 

На дэсерт — марозіва (як варыянт, торт). Дарэчы, ў эканоме таксама раздаюць марозіва.

Марозіва

 

Пасьля абеду прыглушваецца асноўнае асьвятленьне. Звычайна я пасьля гэтага прыступаю да фільмаў, але ў гэты раз можна зьмяніць традыцыі і зрабіць тое, што ў эканоме не атрымліваецца — нармальна паспаць.

Звар’яцелы Макс

 

Становішча крэсла рэґулюецца з дапамогай вось такога пульта. Можна паставіць яго ў сядзячае, напаўляжачае і ляжачае палажэньне, а таксама адрэґуляваць падстаўку для ног або сьпінку.

Пульт кіраваньня крэслам

 

Нас, вядома ж, цікавіць ляжачае. Крэсла раскладваецца амаль гарызантальна, так што са сном ніякіх праблем ня будзе. Кожнаму пасажыру выдаецца падушка, коўдра і прасьціна. Прасьціну звычайна пасажыры не засьцілаюць, бо ім лянота зь ёю важдацца. Маё спальнае месца гатовае:

Спальнае месца

Каб не перашкаджаў шум, размовы і бартавыя сыгналы, у Аэрафлоце выдаюць затычкі, але мне яны ня вельмі спадабаліся. Нашчасьце, я заўсёды ваджу свае затычкі, якія затыкаюць так, што навогул нічога не чуваць. Спалася вельмі добра, гэта вам не эканом, дзе доўгі начны рэйс ґарантуе разьбітасьць і чырвоныя вочы (ну хіба што вам дастанецца 3 пустых сядзеньні побач). Прачынаюся толькі раніцай, пачуўшы пах сьняданку, які разносяць бортправаднікі.

У адрозьненьне ад абеду, на сьняданак усяго адна страва. Пасьля яго, як і пасьля абеду, даюць бутэльку вады.

Сьняданак

 

Сувэнірная шакалядка.

Шакаляд

 

У якасьці падарунка ўсім раздаюць каробку з гарбатай.

Гарбата

 

Незадоўга да пасадкі сыстэма забаў адключаецца, але калі сядзіш каля акна, туды глядзець значна цікавей. Самалёт садзіцца, падрульвае да тэрміналу, рухавікі выключаются, чуваць толькі, як недзе ззаду працуе ДСУ. Пасажыраў бізнэс-клясу выпускаюць першым, прычым праз другія дзьверы, таму я выходжу адным зь першых. Пасьля сну адчуваеш сябе сьвежым і бадзёрым, у адрозьненьне ад напаўсонных, пазяхаючых пасажыраў эканому. Заўсёды б так!

Але заўсёды не атрымаецца. Гэты рэйс абыйшоўся мне ў

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

, але, як ужо гаварылася вышэй, я браў квіток у эканом і проста атрымаў бясплатны апґрэйд. Рэальныя ж цэны ў бізнэс-кляс на гэты рэйс пачынаюцца ад

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

, а ў некаторыя дні даходзяць да

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

. Таму ёсьць усе падставы меркаваць, што наступнага разу палячу ўжо як просты сумленны працаўнік, у эканоме. Але адно можна сказаць дакладна — на Аэрафлоце.