Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Гомель

Гомельская вобласьць, Беларусь, ліпень 2008
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Сорамна прызнацца, што пабываўшы ў гэтым горадзе столькі разоў, я ні разу не знайшоў часу паглядзець, што ён зь сябе ўяўляе. Выпраўляю гэты недагляд.

Галоўнай славутасьцю горада лічыцца палац Паскевічаў-Румянцавых. Я раней думаў, што гэта такая падвойная прозьвішча. Аказалася, гэта былі розныя роды, якія валодалі горадам у розны час. Расейскі палкаводзец Пётр Румянцаў атрымаў горад у прыватнае валоданьне ад Кацярыны Другой ў 1775 годзе. У 1827 годзе яго сын Сяргей Румянцаў па прычыне адсутнасьці фінансаў заклаў горад у дзяржказну. У 1838 годзе ён быў набыты князем Іванам Паскевічам, чые продкі кіравалі тут да рэвалюцыі.

Палац Паскевічаў-Румянцавых

 

Парк укамплектаваны вурнамі ў форме гарматы (на папярэднім фота побач са стэндам), якія былі пазней знойдзеныя ў Рэчыцы, і ўтрымлівае мноства цікавых аб’ектаў, якія трэба будзе абавязкова агледзець ў адно з наступных наведваньняў. Сабор Пятра і Паўла.

Сабор Пятра і Паўла

 

Помнік Гомію, старажытнаму правадыру славянскага племя радзімічаў. Магчыма таксама, што кампазыцыя ілюструе іншую распаўсюджаную леґенду пра імя горада, адпаведна якой яно адбываецца ад «го! мель!»(«гэй, мы на мель селі»). Праўдападобнасьць леґенды выклікае вялікія сумневы, а за вэрсіямі паходжаньня імя вам лепш зьвярнуцца да Вікіпэдыі. Разам з Гоміем па фантане катаецца рысь, хоць гарадзкім сымболем яна стала толькі падчас Расейскай імпэрыі (да гэтага гербам горада быў белы крыж на чырвоным шчыце).

Помнік Гомію

 

На другім баку ракі нічога няма, толькі пляж. Мясцовыя графітчыкі рэклямуюць буйныя брэнды.

Графіці

 

Бліжэй да парку захавалася шмат дарэвалюцыйных будынкаў.

Старая вуліца Гомеля

 

Тут мне ўпершыню давялося ўбачыць сучасны тэкст з дарэвалюцыйнай расейскай артаґрафіяй, напісаны без памылак.

Возрожденіе

 

У горадзе ёсьць каталіцкі касьцёл, які функцыянуе (касцёл Нараджэньня найсьвяцейшай панны Марыі).

Гомельскі касьцёл

 

Цэнтар забудаваны ў асноўным тыпавымі савецкімі будынкамі дахрушчоўскіх часоў.

Савецкая архітэктура

Савецкая архітэктура

 

У пляне архітэктуры Гомель мала чым адрозьніваецца ад іншых абласных цэнтраў былога СССР.

Савецкая архітэктура

Савецкая архітэктура

Савецкая архітэктура

 

Зусім нечакана пачынаецца прыватны сэктар які займае істотную плошчу ў самым цэнтры.

Хата ў цэнтры горада

 

Драмтэатр ў якасьці галоўнага дэкаруючага элемента выкарыстоўвае ня герб і ня ліру, а Спасаўскую вежу Крамля.

Драмтэатр са Спаскай вежай

 

Беларусь на постсавецкай прасторы даўно мае славу запаведніка разьвітога сацыялізму. На першы погляд гэта не прыкметна, але далейшы разгляд пераконвае ў правільнасьці гэтага меркаваньня. Тонкі пляст буржуазнай касмэтыкі толькі зьлёгку яго прыкрывае. Характэрная для Беларусі дэталь, што засталася ў спадчыну ад СССР - дошка пашаны. Мясцовая дошка чымсьці нагадвае сховішча пахавальных урнаў.

Дошка пашаны

 

Сацыяльная рэкляма (іншай тут амаль няма) заклікае да маральнасьці.

Соцрэкляма

 

Брэсцкі панчошны камбінат не турбуецца прыдумваньнем млява-эратычных назваў для сваёй прадукцыі. А з 14 да 15 дадзеная крама, як большасьць іншых, зачыняецца на абед — тут падобнае наплявальніцтва на кліентаў нікога не зьдзіўляе.

Брэстпанчком

 

Нікога не зьдзіўляюць і размашыстыя абрэвіятуры, роўна як і зусім не састарэлыя словы «гарвыканкам» або «сельсавет».

КУП «ГГКШП»

 

Ён — Беларус. Пры падтрымцы МУС РБ.

Сапраўдны беларус

 

Затое на вуліцах беларускіх гарадоў рэдка сустрэнеш амаль разваленыя тралейбусы ЗІУ-5 або жоўтыя Ікарусы — усе яны былі замененыя на новыя аўтобусы і тралейбусы МАЗ. Сярод маршрутак каля паловы — расейскія «Газэлі», іншая частка — старыя эўрапейскія або амэрыканскія мікрааўтобусы.

Тралейбус

 

Усе беларускія таксісты абавязаныя мець ня толькі шашачкі, але й спэцыяльную налепку.

Таксі

 

Усе жылыя дамы абавязаныя мець пашпарт — таблічку, дзе паказваюцца характарыстыкі дома і тэлефоны кіруючых службаў.

Пашпарт жылога дома

 

Тэлефон.

Будка таксафона

 

Вулічныя паказальнікі пішуцца па-расейску. У адрозненьне ад Канады, дзе ўсё трэба дубляваць на двух дзяржмовах, у Беларусі дастаткова адной. Расейскамоўныя паказальнікі паступова замяняюць беларускія. Беларуская мова лічыцца прыкметай апазыцыйнасьці, таму нават размова на ёй, калі вы толькі не пэнсыянэр зь вёскі, выклікае падозру.

Расейскамоўнасьць

 

Хоць часам беларуская мова ўсё ж ткі выкарыстоўваецца.

Беларускамоўнасьць

Паштовая скрыня ў Гомелі

Хуткая дапамога

 

Стандартны новы беларускі сьветлафор мясцовай вытворчасьці. Нядаўна мне давялося пачуць аднаго чалавека, які захапляўся, што ў Беларусі ўсіх заклікаюць быць «уважительными» :-)

Будзьце уважлівымі

 

Самы папулярны элемэнт афармленьня — арнамэнт зь дзяржаўнага сьцягу. Калі ж шыльда належыць афіцыйнай установе, або трэба падкрэсліць нацыянальны калярыт, то гэтая стужка будзе прысутнічаць у ста адсотках выпадкаў.

БССР-арнамэнт

 

Папулярныя таксама колеры сьцяга.

Чырвона-зялёнае

 

Не абыходзіцца без фірмовай добраўпарадкаванасьці па-беларуску (гэтая кампазыцыя, напэўна, вельмі недарэчна глядзіцца ўзіму).

Добраўпарадкаваньне

Зямны шар

 

Вуліцы чыстыя і вылізаныя.

Чысьціня

 

У адрозненьне ад Украіны, «Еўрасець» ня саромеецца расейскага сьцяга ў ляґатыпе.

Еўрасець

 

А вось Банк Масквы атрымаў тут дадатковую літару «М», натуральна, зялёнага колеру. Расейскі рубель у абменьніках заўсёды пазначаюць старым кодам «RUR», каб ня блытаць зь беларускім (пасьля дэнамінацыі 1997 расейскі рубель мае код «RUB»), ды й рублём не называюць. Пад «рублямі» маюцца на ўвазе беларускія грошы, а нашыя называюць проста «рускімі». Напрыклад, «давай я табе рускія абмяняю на рублі».

Абменьнік

 

Расію тут пакуль любяць.

RUS BY