Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Эўропа 2014, Бэрлін, частка 1

Нямеччына, жнівень 2014
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Аповед пра Бэрлін я вырашыў падзяліць на дзьве часткі. У першай паспрабую распавесьці аб сучасным горадзе, намагаючыся занадта моцна не закранаць гісторыі. У другой гаворка пойдзе ўжо выключна пра мінулае, якое ў Бэрліна вельмі драматычнае, улічваючы, што ён неаднаразова апыняўся ў эпіцэнтры найважнейшых падзеяў сусьветнай гісторыі.

Абагульняючай рысай Бэрліна можна назваць адсутнасьць абагульняючых рысаў. Па-іншаму і не магло стацца ў горадзе, моцна разбураным падчас вайны, затым падзеленым паміж дзьвюма палітычнымі сыстэмамі, які потым раптам зноў апынуўся ва ўсіх сэнсах у цэнтры Эўропы.

Найбольш моцныя адрозненьні па-ранейшаму наглядаюцца па лініі, дзе праходзіла мяжа паміж капіталізмам і сацыялізмам. Сталіца НДР забудоўвалася ў адпаведнасьці з прынцыпамі сацыялістычнага горадабудаўніцтва — шырокія прашпэкты (ідэальныя для парадаў і руху танкаў у выпадку вайны) і вялікія адкрытыя плошчы (добрыя для арґанізаваных мітынґаў у падтрымку курсу партыі), ґіґантаманія і манумэнталізм (натуральнае імкненьне ўсіх таталітарных рэжымаў), квадратнасьць і безаблічнасьць асноўнай часткі архітэктуры (усё тыпавое і бюджэтнае).

Усходні Бэрлін

Архітэктура НДР

 

Гэта ўсё — самы цэнтр горада, аб ўскраінах нават і казаць няма чаго (вось выдатны прыклад), з вышыні яны неадрозныя ад маскоўскіх мікрараёнаў эпохі застою (зьнізу адрозныя, бо ўсё вельмі чыста і акуратна, гл. Лейпцыґ). Нічога іншага ва ўсходняй Нямеччыне не будавалі — паўсюдна пераважае «хрушчоўска-брэжнеўскі» стыль, усё астатняе было пабудавана або да, або пасьля НДР.

Архітэктура НДР

 

Гэты масыў на Вільґельмштрасэ быў пабудаваны зусім недалёка ад Бэрлінскай сьцяны. Напэўна, таму і трохі пастараліся з архітэктурай — трэба б прыгажэй, а то ж захад глядзіць. Дарэчы, якраз на месцы гэтых дамоў разьмяшчаўся будынак рэйхсканцылярыі Гітлера. У час вайны яно не пацярпела, але яго ўсё роўна зьнеслі з-за яго сымбалічнага значэньня.

Будынкі на Вільґельмштрасэ

 

Александэрпляц, калісьці адна з галоўных плошчаў НДР. Плошча названая ў гонар расейскага цара Аляксандра I ў 1805 годзе, па загадзе Фрыдрыха Вільгельма III. Цяпер ад таго, што калісьці было на гэтай плошчы, захавалася толькі назва.

Александэрпляц

 

Сommieblocks everywhere!

Коміблёкі

 

Але вось мы пераходзім у іншую частку гораду, якая калісьці на мапах пазначалася як «асаблівае палітычнае фармаваньне Заходні Бэрлін», і карціна цалкам мяняецца.

 

Мы зноў у заходняй Эўропе.

Заходні Бэрлін

 

Здавалася б — клімат адзін, вайна адна была. А падзі ж ты.

 

Але ў цэласным ўспрыманьні Бэрлін вельмі добры. Я нават ня ведаю, чым менавіта, але нешта такое ёсьць у самай яго атмасфэры. Ён рознакаляровы і зручны для жыцьця, якое б’е тут ключом. Бэрлін вельмі часта аказваецца ў сьпісе ўлюбёных гарадоў цалкам розных людзей.

Вуліца Бэрліна

Вуліца Бэрліна

 

Людзі адпачываюць на палянцы ў Люстґартэне перад музэем старажытнага мастацтва.

Ґазон ля Музэю старажытнасьці

 

Архітэктура.

Будынак Паўля Лёбэ

Раварыстка

 

Патсдамская плошча, калісьці падзеленая сьцяной.

Патсдамская плошча

 

Да вайны Бэрлін выглядаў так жа, як і Парыж або Рым, але да траўня 1945 ад гэтага шыку засталіся толькі абгарэлыя сьцены, вялікая частка якіх была проста зруйнаваная, асабліва на ўсходзе. Адноўленыя былі толькі асноўныя помнікі.

Жандармэнмаркт

Гістарычны музэй

 

Бэрлінскі сабор. На заднім пляне — тэлевежа. На яе заўсёды вялікая чарга, і чакаць пасьля куплі квіткоў прыйдзецца 2—3 гадзіны, так што лепш таксама папярэдне купіць квіток празь інтэрнэт.

Сабор і тэлевежа

 

Побач з саборам адбываецца рэканструкцыя Бэрлінскага палаца. Палац, у якім жылі розныя кіраўнікі гэтых зямель (маркґрафы і курфюрсты, а затым прускія каралі і нямецкія імпэратары), а пасьля рэвалюцыі 1918 быў музэй, быў разбураны ў 1950 годзе. У 1977 на яго месцы быў узьведзены Палац Рэспублікі, у якім засядала Народная палата НДР. У 2008 годзе помнік сацыялізму быў дэмантаваны (адной з прычынаў было названа тое, што пры будаўніцтве выкарыстоўваўся канцэраґенны азбэст), а ў 2013 пачалася рэканструкцыя замка. Спадзяюся, месца, дзе стаіць аднайменны Палац рэспублікі ў Менску, напаткае падобны лёс.

Аднаўленьне замка

 

На бульвары Унтэр дэн Ліндэн (назва перакладаецца як «пад ліпамі», якія відаць у канцы) навогул куча нейкіх будоўляў, усё было ў лясах і кранах.

Унтэр дэн Ліндэн

 

Рэйхстаґ — будынак парляманта Нямеччыны (Бундэстаґу). Цяпер яго вянчае вялікі сучасны шкляны купал, пабудаваны падчас рэканструкцыі 1999 (першапачатковы купал быў разбураны падчас вайны).

Рэйхстаґ

 

Падыходзіць да будынку нельга зь меркаваньняў бясьпекі, але наведаць яго, а таксама падняцца ў купал, можна па папярэднім запісе. Рэґіструйцеся загадзя, інакш не патрапіце.

Рэйхстаґ

 

Побач разьмешчаны галоўны гарадзкі парк Ґросэр Тырґартэн (у перакладзе зь нямецкай — «вялікі заасад»; у сярэдзіне — калёна, пабудаваная ў гонар перамог Прусіі ў войнах трэцяй чвэрці 19 стагодзьдзя).

Калёна перамогі

 

Там жа — Брадэнбурґская брама.

Брадэнбурґская брама ззаду

Брадэнбурґская брама

 

Рака Шпрэе.

Шпрэе

 

Сьветлафорныя чалавечкі ў Бэрліне сустракаюцца і заходнія, і ўсходнія. Ґеаґрафічнае прывязкі няма, выбар цалкам рандамны — на адным скрыжаваньні могуць быць і тыя, і іншыя.

Розныя віды інфаґрафікі

 

Роварныя сэкцыі.

Сьветлафоры

 

Стары знак «увага, ідуць дзеці».

Увага, ідуць дзеці

 

Некалькі гадоў таму іх сталі мяняць на новыя. Дарма, старыя прыгажэйшыя былі.

Стары знак

 

Даволі часта сустракаецца знак «абароненая зялёная зона».

Абароненая зялёная зона

 

За старой калёнкай любоўна даглядаюць, яна да гэтага часу выдатна працуе.

Калёнка

 

Безумоўна, заслугоўваюць увагі бэрлінскія сьметніцы. Усе яны пафарбаваныя ў фірмовы аранжавы колер, а захаваньне чысьціні заахвочваюць арыґінальнымі надпісамі, а часам — малюначкамі.

Аранжавыя вурны

 

«Ціхія вёдры глыбокія».

Аранжавыя вурны

 

«Дай мне!» І куча іншых, накшталт «калі ласка, пакармі», «дварэцкі для шкляначак», «iКошык» або «адзін з 20356 філіялаў». Глядзіце самі, вельмі крута.

Аранжавыя вурны

 

Мартын Лютэр ў выглядзе супэрмэна — бэрлінскі сабор запрашае на выставу. Уяўляеце, каб праваслаўная царква зрабіла нешта падобнае? У жыцьці б не зрабіла, а калі б зрабіў нехта іншы, яшчэ і абразілася б.

Мартын Лютер — супэрмэн

 

Увесь грамадзкі трансорт афарбаваны ў жоўты колер.

Аўтобус

Трамвай

Трамвай насупраць станцыі

 

Мэтро зручнае — няма заблытанай сыстэмы, калі праз адну і тую ж станцыю ідзе некалькі маршрутаў, і вам трэба ведаць, на якой менавіта садзіцца. Сеўшы на якую-небудзь галіну, вы толькі па ёй і паедзеце. Акрамя ўласна мэтро (U-Bahn), існуе таксама гарадзкая чыґунка (S-Bahn), але розьніцы для пасажыра паміж імі няма, квіток адзін, станцыі перасадак з адной на іншую дакладна такія ж, як паміж рознымі лініямі. Хуткасны транспарт працуе кругласутачна.

Цягнік мэтро

 

Цягнікі гарадзкой электрычкі, якая ў цэнтральнай частцы таксама ідзе пад зямлёй, выфарбаваныя ў жоўта-чырвоны. У часы Бэрлінскай сьцяны мэтро выкарыстоўвалася пераважна заходнім Бэрлінам, электрычка — усходнім.

Гарадзкая электрычка

 

У мэтро няма ніякіх турнікетаў — на станцыю можна спусьціцца цалкам вольна. «Зайцаў» ловяць кантралёры, апранутыя ў звычайную вопратку, аб прысутнасьці якіх вы даведаецеся толькі калі зачыняцца дзьверы. Штраф за безбілетны праезд складае 40 €. Безьбілетнікаў немцы ненавідзяць так жа моцна, як тых, хто пераходзіць вуліцу на чырвонае, таму не разьлічвайце на спачуваньне. Важна ведаць, што перад пасадкай квіток мусіць быць прабіты ва ўстаноўленым на станцыі кампостэры, інакш ён лічыцца несапраўдным, і вас аштрафуюць нават пры яго прад’яўленьні — многія нарываюцца на штраф якраз з-за няведаньня гэтага правіла.

Станцыя мэтро

Ваґон бэрлінскага мэтро

 

Шматмясцовы ровар, які можна ўзяць напракат.

Шматмясцовы ровар

 

Ліліпуц.

Ліліпуц

 

Мядзьведзь зь міжнароднай выставы «United Buddy Bears» як бы кажа нам «превед!» (насамрэч з рунэтаўскім мэмам 2006 ніяк ня зьвязаны). Выстава ўпершыню прайшла ў Бэрліне ў 2001 годзе, пасьля чаго стала праводзіцца ў многіх іншых гарадах сьвету. Аднолькавыя фіґуры мядзьведзя з шкловалакна размалёўваюцца мастакамі з розных краін, пасьля чаго выстаўляюцца на публічных прасторах. Мядзьведзь — сымболь Бэрліна, сама яго назва паходзіць ад слова Bär.

Превед

 

Мастацтва.

Электробудка з графіці

 

Мне гэты горад таксама вельмі моцна спадабаўся.

Закат над Шпрэе

Пра вайну, Бэрлінскую сьцяну і трабанты напісана ў наступнай частцы.