Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Эўропа 2014, Бэрлін, частка 2

Нямеччына, жнівень 2014
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Бэрлін цесна зьвязаны з найважнейшымі падзеямі гісторыі 20 стагодзьдзя. Па-першае, гэта так званы Трэці рэйх — Нямеччына пад кіраваньнем нацыянал-сацыялістаў, якія стварылі адну з самых страшных дыктатур у гісторыі чалавецтва, наладзіўшы сыстэматычнае масавае вынішчэньне людзей і разьвязаўшы самую крывавую за гісторыю сусьветную вайну. Па-другое, гэта Халодная вайна — супрацьстаяньне паміж вольным сьветам і камуністычным рэжымам, якое доўжылася больш за 45 гадоў, і галоўным сымбалам якой стала Бэрлінская сьцяна.

 

«Тапаґрафія тэрору»

Музэй, прысьвечаны станаўленьню ў Нямеччыне дыктатуры нацыстаў. Калі ў вас мала часу, наведваць яго ня раю, бо як музэй ён даволі ўнылы — уся экспазыцыя складаецца з фатаґрафій і тэксту, прасьцей Вікіпэдыю пачытаць. Музей галакосту ў Вашынґтоне быў лепш.

Тапаґрафія тэрору

 

Музэй знаходзіцца на месцы, дзе раней стаяла галоўнае кіраўніцтва Ґестапа, ад якога захаваўся падмурак (ля яго на вуліцы знаходзіцца частка экспазыцыі). Будынак Ґестапа раней быў палацам прускага прынца Альбрэхта, а таемная паліцыя нацыстаў заехала сюды ў 1935 годзе. У канцы вайны яго разбамбілі, а пасьля вайны руіны былі цалкам зруйнаваныя. Дарма — трэба было аднавіць. Па-першае, будынак уяўляў гістарычную каштоўнасьць як палац, па-другое, музэй трэба было адкрыць менавіта ў ім. Побач захаваўся фраґмэнт бэрлінскае сьцяны.

Падмурак Ґестапа

 

Вялікі шэры будынак на заднім пляне — адзін зь нямногіх захаваных прыкладаў архітэктуры Трэцяга рэйху, што калісьці зьмяшчаў узначаленае Ґёрынґам Міністэрства авіяцыі, а цяпер — Фэдэральнае міністэрства фінансаў (будынак носіць імя Дэтлева Рогвэдэра, нямецкага палітыка, забітага членамі заходненямецкай леварадыкальнай арґанізацыі, у свой час узрошчанай аґентамі Штазі). Калі на яго глядзіш, адразу думаеш, як усе таталітарныя рэжымы любяць будаваць ґіґанцкія і змрочныя збудаваньні.

Дом Дэтлева Рогвэдэра

 

Мэмарыял бэрлінскіх габрэяў, забітых падчас галакосту, зроблены ў выглядзе вялікага каменнага поля з прастакутнымі блёкамі. Як мне здаецца, задумка аўтараў была ў тым, што, з аднаго боку, ён аддалена нагадвае могілкі, з другога — сымбалізуе нейкую спарадкаваную сыстэму, страшную ў сваёй бяздушнай упарадкаванасьці. Ґенацыд, на службу якому быў пастаўлены нямецкі Ordnung, дзівіў уяўленьне менавіта сваёй мэтадычнай арґанізаванасьцю (пра гэта я неяк ужо пісаў).

Мэмарыял габрэям

 

Яшчэ адзін помнік.

Мэмарыял ахвярам галакосту

 

Факт, пра які я раней ня ведаў — у першыя гады рэйху габрэяў не зьнішчалі. Іх пазбавілі ўсіх правоў, усяляк падвяргалі зьневажаньням, дыскрымінацыі і ґвалту, пазбаўлялі грошай і маёмасьці, але да мэтанакіраванага зьнішчэньня справа пакуль не даходзіла — першапачаткова нацысты зьбіраліся толькі выгнаць іх з краіны. Распрацоўваўся, напрыклад, плян іх дэпартацыі на выспу Мадаґаскар. Да вайны каля 300 000 габрэяў здолелі зьехаць зь Нямеччыны, але многія не змаглі — ехаць было няма на што і няма куды. Заходнія краіны, куды габрэі спрабавалі ўцякаць, таксама не жадалі іх да сябе прымаць, усяляк супраціўляючыся такой іміґрацыі. Не жадаў прымаць іх і Савецкі Саюз. Рашэньне аб фізычным зьнішчэньні габрэяў (так званае «канчатковае рашэньне габрэйскага пытаньня») было прынята ў 1941 годзе. Менавіта тады пачалося стварэньне ґета і ляґераў сьмерці, а габрэям, што не пасьпелі ўцячы, быў забаронены выезд з краіны.

Самі канцэнтрацыйныя ляґеры сталі стварацца адразу пасьля ўзурпацыі нацыстамі ўлады, у 1933 годзе. Першапачаткова туды высылалі розных праціўнікаў дыктатуры (лібэралаў, сацыял-дэмакратаў, камуністаў), а таксама рэліґійных сэктантаў, «асацыяльных элемэнтаў» (ґеяў, прастытутак, алкаголікаў) і крымінальнікаў. Ляґеры былі турэмныя, працоўныя і перавалачныя. Умовы ва іх былі вельмі цяжкімі, хоць і адрозьніваліся ад касты да касты — лепш за ўсё жылося крымінальнікам, на самым нізе знаходзіліся «палітычныя» і ґеі (прама як у ГУЛАГу). Сьмяротнасьць у концляґерах складала ад 35% да 60%, аднак, адмыслова ў іх не забівалі. Мэтанакіраванае вынішчэньне ўпершыню было апрабавана на разумова адсталых людзях па праґраме Т4 (1939—1941), актыўная ж фаза галакосту пачалася ў 1941 годзе, пасьля прыняцьця «канчатковага рашэньня». У гарадах зь вялікай колькасьцю габрэяў сталі стварацца ґета, габрэяў сталі альбо ліквідаваць на месцах, альбо адпраўляць у спэцыяльна пабудаваныя для гэтага ляґеры зьнішчэньня (масавае забойства людзей ажыцьцяўлялася ў камэрах з атрутным ґазам) — Асьвенцым, Хелмно, Трэблінку і іншыя (вялікая частка ляґераў знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Польшчы). Важна разумець, што хоць габрэі і складалі большасьць сярод ахвяр галакосту, аналяґічнаму зьнішчэньню падвяргаліся таксама цыґаны і савецкія ваеннапалонныя (апошніх было зьнішчана больш за 3 мільёны).

Мэмарыял цыґанскім ахвярам галакосту побач з Рэйхстаґам:

Мэмарыял цыґанам

 

Пасьля вайны ў Нямеччыне і Аўстрыі была праведзена дэнацыфікацыя (Entnazifizierung) — люстрацыя і ачышчэньне грамадзтва і яго культуры ад уплыву ідэалёґіі нацыянал-сацыялізму. Сучасная Нямеччына мае вельмі строгія законы датычна нэанацызму, у гэтым дачыненьні там цалкам абмежаваная свабода слова, дэманстрацыя сымбалаў нацызму, адмаўленьне галакосту зьяўляюцца крымінальна-пакаральнымі дзеяньнямі. Некалькі пакаленьняў немцаў вырасьлі з пачуцьцём гістарычнай віны. Сучасныя немцы — адна з самых непатрыятычных нацыяў Эўропы, праява патрыятызму ў цэлым лічыцца дрэнным тонам.

Вось такія бяскрыўдныя на наш погляд рэчы большая частка грамадзтва асуджае:

Нямецкі сьцяг у акне

 

Прытым, што дадзены сьцяг выразна антыфашыстоўскі — выкарыстоўваўся Франкфурцкім парлямантам у 19 стагодзьдзі і Вэймарскай рэспублікай, а праварадыкалы, у сувязі з забаронай любой сымболікі Трэцяга рэйху, выкарыстоўваюць чорна-бела-чырвоны сьцяг Нямецкай імпэрыі (падобна таму, як расейскія фашысты часта выкарыстоўваюць чорна-жоўта-белы сьцяг Расейскай імпэрыі). Але ўсё адно, напрыклад, падчас міжнародных футбольных чэмпіянатаў заўсёды ўспыхвае дыскусія: «а ці дапушчальна махаць сьцягам? Ці не зьяўляецца баленьне за нацыянальную каманду па футболе формай жудаснага нямецкага нацыянал-шавінізму?»

Машына ў колерах сьцяга

Пэўная частка грамадзян Нямеччыны датрымліваецца праварадыкальных поглядаў, іх колькасьць складае каля 26 000 (0,03% ад усяго насельніцтва), зь якіх каля 6 000 — нэанацысты. Пераважная большасьць сярод іх складае моладзь з малазабясьпечаных слаёў насельніцтва, якая жыве ў эканамічна недабрабытных маленькіх гарадках на ўсходзе краіны. Яшчэ адзін ускосны эфэкт сацыялізму.

 

У мінулым апавяданьні я сказаў, што Рэйхстаґ зьяўляецца сымбалем нямецкага парлямэнтарызму, але ў нас пра яго ведаюць па ключавых словах «штурм рэйхстаґа сьцяг перамогі». Пра гэта таксама можна сказаць пару слоў. Заняцьце Рэйхстаґа ў савецкай гісторыяґрафіі прадстаўлена як цэнтральная падзея бітвы за Бэрлін, хоць у рэальнасьці Рэйхстаґ ня граў ніякай ролі — ні ваеннай, ні сымбалічнай. У ім быў разьмешчаны ваенны шпіталь, і абаронены ён быў дрэнна (нацысцкая вярхушка знаходзілася ў надзейна абароненым бункеры пад Рэйхсканцылярыяй). Што тычыцца сымбалічнасьці, то Рэйхстаґ сымбалізаваў якраз не нацызм, а разгромленую нацыстамі дэмакратыю. Падчас выбараў 1932 нацысты атрымалі толькі траціну галасоў, але нацыянал-кансэрватар Гіндэнбурґ зрабіў фатальную памылку, прызначыўшы Гітлера сваім пераемнікам. Гітлер распусьціў парлямант і абвясьціў аб датэрміновых выбарах. За некалькі дзён да іх быў зладжаны падпал Рэйхстаґа, у якім абвінавацілі праціўнікаў рэжыму, але нават тады нацысты не атрымалі большасьці — за іх прагаласавала 44%. Падпал быў выкарыстаны Гітлерам для адмены ўсіх грамадзянскіх свабод і расправы з апазыцыяй. Пачалася масіраваная апрацоўка насельніцтва аґрэсіўнай прапаґандай. Наступныя выбары былі праведзеныя ў лістападзе таго ж году, і тады ўжо 92% галасоў электарату было аддадзена за партыю «нацыянальнага лідэра», які пагражаў падняць Нямеччыну з кален, адпомсьціць знешнім ворагам, канчаткова дабіць пятую калёну нацыянал-здраднікаў у асобе габрэяў, лібэралаў і камуністаў, і аб’яднаць нямецкі сьвет, вярнуўшы спрадвечныя землі. Амаль усе іншыя бюлетэні былі дэманстратыўна сапсаваныя думаючаю меншасьцю ў знак пратэсту.

Усе наступныя выбары праходзілі пад кантролем СС і СД. Парлямант цалкам страціў сваё значэньне, стаўшы часткай спэктакля, а з пачаткам вайны перастаў зьбірацца навогул. Будынак Рэйхстаґа зноў стала сымбалем дэмакратыі толькі ў 1990 годзе, калі адбылося нямецкае аб’еднаньне і сталіца ФРН была перанесена з Бона ў Бэрлін.

Скульптура на Рэйхстаґу

 

Яшчэ пару цікаўных фактаў. Фотаздымак Е. Халдзея, які многія прымаюць за ўстаноўку сьцяга перамогі, насамрэч зьяўляецца пастановачным, і зроблены быў ужо пасьля спыненьня баявых дзеяньняў. Працэс ўстаноўкі гэтага сьцяга перамогі на плёнку зьняты не быў. Фотаздымак Халдзея быў адрэтушаваны — былі дададзены навальнічныя аблокі, а на руцэ аднаго з жаўнераў быў выдалены другі наручны гадзіньнік. Пасьля ўзяцьця Рэйхстаґа савецкія жаўнеры пакінулі на ім мноства надпісаў, прычым некаторыя надпісы былі непрыстойнага зьместу. У 1947 годзе па загадзе савецкай камэндатуры надпісы, якія ўтрымлівалі мат, былі выдаленыя, а таксама былі дададзеныя новыя, якія праслаўлялі Сталіна і сацыялізм.

Нямецкаму народу

 

Трэптаў-парк

Мемарыял у Трэптаў-парку на ўскраіне ўсходняга Бэрліна быў адным з галоўных аб’ектаў наведваньня савецкіх турыстаў у НДР. Тут пахавана каля 7 000 савецкіх жаўнераў з 75 000, якія загінулі пры штурме Бэрліна.

Вянок

 

Цэнтральным элементам мэмарыялу з’яўляецца «Воін-вызвольнік» — фіґура, якая паказвае савецкага жаўнера зь нямецкай дзяўчынкай. Скульптура вельмі вядомая, і ў СССР, а затым і Расеі часта малюецца на паштоўках і юбілейных манэтах, прысьвечаных перамозе. Яго прататыпам зьяўляецца савецкі жаўнер Мікалай Масалаў, які пад кулямётным агнём выцягнуў з-пад абстрэлу нямецкае дзіця — ідэя такога сюжэту для помніка прыйшла скульптару Е. Вучэцічу пасьля таго як ён прачытаў пра Масалава ў франтавой ґазэце. А тыя, хто вырас у СССР, памятаюць зьвязаную са скульптурай дзіцячую казку «Скрайні выпадак» І. Турычына.

Жаўнер у Трэптаў-парку

 

Уздоўж поля знаходзяцца масыўныя тумбы з барэльефамі, якія паказваюць ідэалізаваныя сцэны з Другой сусьветнай вайны. На гэтай, напрыклад, намалявана, як мірнае насельніцтва вызваленых краін вітае савецкіх жаўнераў. На тарцы кожнай тумбы выбіта па адной перакладзенай на нямецкую цытаце Сталіна (мэмарыял будаваўся ў 1950 годзе). Каля адной зь іх стаяла сталая нямецкая пара і пра штось гутарыла. Да мяне даляцела фраза «kommunistische Propaganda».

Рэльефы

Жаўнер цалуе сьцяг

 

Зь іншага боку вось так. Для будаўніцтва мэмарыялу выкарыстоўваўся мармур, які ўпрыгожваў мармуровую залю Рэйхсканцылярыі.

Трэптаў-парк

Трэптаў-парк

 

Усярэдзіне пастамэнта — мазайка, падстаўка для вянкоў і нейкая тумба. На столі — ордэн Вялікай айчыннай, але яго можна ўбачыць, толькі зайшоўшы ў памяшканьне.

Мазайка

Людзі адпачываюць каля мэмарыялу

 

Карыстаючыся выпадкам, хацелася б сказаць пару слоў пра стаўленьне да савецкіх жаўнераў ва Ўсходняй Эўропе, якое, мякка кажучы, пазбаўленае таго сьвяшчэннага трапятаньня, якое прынята адчуваць да іх у Расеі, што выклікае ў Расеі моцную незадаволенасьць. Маўляў, «мы вас вызвалілі ад нацызму, а вы яшчэ і незадаволеныя, такім чынам, вы самі нацысты, бо ж Нюрнбэрґскі трыбунал адназначна пастанавіў, што вынікі Другой сусьветнай вайны ...», і гэтак далей.

Тут важна ўлічваць вось што. Народы ўсходняй Эўропы спачатку сапраўды былі савецкім жаўнерам ўдзячныя за вызваленьне, і сустракалі іх з кветкамі. Аднак, даволі хутка гэта эйфарыя прайшла, бо стала ясна, што савецкія жаўнеры, прагнаўшы нацыстаў, на сваіх штыках прынесьлі іншую рэпрэсіўную таталітарную ідэалёґію — камунізм. Ці жадаюць гэтыя народы пад ім жыць, ніхто не пытаў. Пад камуністычным прэсам ўсходняя Эўропа правяла 45 гадоў, і гэтага было цалкам дастаткова, каб любыя сымпатыі да савецкай арміі памяняліся на антыпатыю, асабліва пасьля неаднаразовых прыкладаў сілавога падаўленьня спробаў вызваліцца ад прыгнёту — у Вугоршчыне, Чэхаславаччыне і г. д. Таму ня варта зьдзіўляцца такога халоднага стаўленьня Ўсходняй Эўропы да сваіх вызвольнікаў, бо гэтае вызваленьне даволі хутка аказалася новай акупацыяй.

У Нямеччыне сытуацыя больш спэцыфічная. Крытыкаваць штось немцы саромеюцца, бо ўсё, што здарылася зь Нямеччынай пасьля вайны, уключаючы камуністычны рэжым, расцэньваецца як пакараньне за ўласныя злачынствы, настолькі цяжкія, што нават найцяжэйшая адплата ў параўнаньні зь імі будзе заўсёды здавацца справядлівай. Хіба можа народ, які зладзіў мэтанакіраванае вынішчэньне людзей і разьвязаў найкрывавейшую ў гісторыі людзтва вайну, выказваць з нагоды чагосьці незадаволенасьць? Але вайна ўсё далей адыходзіць у мінулае, перастаючы быць жывой гісторыяй, у сувязі з гэтым узьнікаюць спробы, не, не перагледзець яе вынікі, але з асьцярожнасцю больш бесстароньне зірнуць на некаторыя спрэчныя моманты. Ці сапраўды былі апраўданыя бамбаваньні нямецкіх гарадоў, ня менш разбуральныя, чым ядзерныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Наґасакі, калі ў вогненным віхраслупе згаралі дзясяткі тысяч жыхароў, а гістарычная спадчына была пераўтвораная ў руіны? Ці было апраўданым масавае выгнаньне этнічных немцаў з тэрыторыяў, якія Нямеччына згубіла пасьля вайны? Ці варта падымаць такія непрыемныя тэмы, як марадзёрствы і ґвалт супраць мірнага насельніцтва з боку савецкіх жаўнераў? Не сакрэт, што савецкія жаўнеры, якія стаміліся ад вайны і былі азлобленыя сьведчаньнямі злачынстваў нацыстаў на сваёй зямлі, увайшоўшы ў Нямеччыну, пачалі спаганяць усё, што накапілася, на мірным насельніцтве — жыхары падвяргаліся ґвалту і расстрэлам, у СССР адпраўляліся цэлыя саставы, гружаны адабранай у насельніцтва маёмасьцю, да 2 мільёнаў немак ва ўзросце ад 8 да 80 гадоў былі зґвалтаваны савецкімі жаўнерамі.

Патас і сьвяшчэннасьць, якія ў Расеі ўласьцівыя тэме Другой сусьветнай вайны, спрыяюць мітатворчасьці і перашкаджаюць аб’ектыўнаму асэнсаваньня гісторыі, а значыць, і выманьню зь яе урокаў. Тэмы калябарацыянізму ва Ўсходняй Еўропе, савецкай партызанкі, дзеяньняў савецкага кіраўніцтва і камандаваньня, і т. д. далёка не такія адназначныя, як можа здацца тым, хто знаёмы толькі з «афіцыйнай» савецкай/расейскай вэрсіяй гісторыі. Вайна — страшная і брудная справа, якая заўсёды спрыяе праяве ў людзях нагоршых рысаў характару, таму пры яе асэнсаваньні недапушчальна каго-небудзь пад адзін грабянец як дэманізаваць, так і гераізаваць. Бесстароньні погляд быў бы ня спробай перагляду вынікаў вайны, а толькі спробай пазьбегнуць паўтарэньня памылак, якое цяпер становіцца падобным на сьнежны ком, што коціцца з гары, бо трапяткое стаўленьне да паўшых ужо даўно стала адкрыта выкарыстоўвацца ў якасьці унівэрсальнай адмазкі для зьдзяйсьненьня недапушчальных рэчаў. Але Расея ўяўляе сабой прыклад хранічнага няўменьня вучыцца на гістарычных памылках — і на чужых, і на сваіх.

 

Арка

 

Побач з паркам знаходзіцца беларуская амбасада. Напэўна, нейкае з савецкіх прадстаўніцтваў, якое «перайшло ў спадчыну».

Амбасада Беларусі ў Нямеччыне

 

Бэрлінская сьцяна

Пра Бэрлінскую сьцяну я неяк напісаў доўгую нататку на Фэйсбуку, так што ня буду шмат пісаць, каб не паўтарацца. Пасьля вайны Нямеччына была падзелена краінамі-пераможцамі на 4 зоны акупацыі, але амаль адразу стала ясна, што саюзьнікі хутка стануць ворагамі — пачыналася Халодная вайна. У 1949 годзе на тэрыторыі 3 заходніх зон акупацыі была створаная ФРН, а на савецкай — НДР. Паколькі Бэрлін таксама быў падзелены на 4 сэктара, на тэрыторыі заходніх сэктараў было створана «асаблівае палітычнае фармаваньне Заходні Бэрлін». Спачатку патрапіць з кантраляванай СССР усходняй Нямеччыны ў заходнюю (і ў заходні Бэрлін) было даволі проста, але па меры таго, як дабрабыт капіталістычнай Нямеччыны рос, да яе з усходу стала пераязджаць ўсё большай людзей. Каб не дапусьціць дэмаґрафічнага крызісу з-за адтоку насельніцтва, ў 1952 годзе НДР ўмацавала нямецка-нямецкую мяжу і зрабіла на ёй больш жорсткім рэжым. Нягледзячы на ​​гэта, эміґрацыя працягвалася праз заходні Бэрлін, у які па-ранейшаму было адносна лёгка патрапіць. У жніўні 1961 кіраўнік НДР Ульбрыхт аддаў загад аб будаўніцтве Бэрлінскай сьцяны (афіцыйнай падставай было абмежаваць доступ у НДР імпэрыялістычным аґентам), якая стала сымбалем халоднай вайны. Кіраваў будаўніцтвам Эрых Гонэкер, які празь 10 гадоў зрушыў Ульбрыхта і ўзначальваў НДР да самага яе падзеньня.

За 28 гадоў свайго існаваньня Бэрлінская сьцяна стала адной з самых умацаваных межаў сьвету, хоць за ўвесь час яе існаваньня каля 5 000 чалавек удалося ўцячы самымі неверагоднымі спосабамі, а каля 150 загінула пры спробе ўцёкаў. «Падзеньне» сцены адбылося ўвосень 1989 году, калі на хвалі антыкамуністычных пераваротаў ва Ўсходняй Эўропе ад кіраўніцтва НДР быў адхілены Гонэкер. Пераход быў дазволены ўночы зь 9 на 10 лістапада. Праз год НДР была ліквідаваная, яе землі ўвайшлі ў склад ФРН.

У цэнтры гораду мяжа пазначаная адмыслова. Па ёй ішла заходняя частка сьцяны — на ўсход ад яе знаходзілася шырокая паласа ўмацаваньняў.

Патсдамская плошчу

 

Паўсюль захавалася мноства яе сэкцый. З заходняга боку паверхня сьцяны выкарыстоўвалася як велізарнае палатно, на якім малявалі многія мастакі. Пустоты і сэкцыі сцены захаваліся таксама на ўскраінах, дзе яны нікому не перашкаджаюць.

Кавалак Бэрлінскай сьцяны

 

Найвялікшы мэмарыял знаходзіцца на Бэрнауэрштрасэ. Там «закансэрваваны» цэлы сэґмэнт умацаваньняў з вартавой вышкай і дзьвюма сьценамі па баках. Сьцяна, якую відаць на здымку, знаходзілася з боку НДР. Мэмарыял спэцыяльна зроблены такім чынам, каб у яго нельга было зазірнуць зь зямлі — гэта дазваляе бліжэй перадаць пачуцьці людзей, абгароджаных гэтай сьцяной.

Мэмарыял Бэрлінскай сьцяны

 

Але ў мяне ёсьць штатыў, таму я прыкручваю да яго фотаапарат і зазіраю праз плот. За ім ідзе яшчэ адзін плот з калючага дроту. Ліхтары. вартавыя вышкі з кулямётнымі гнёздамі для памежнікаў, якія мелі загад страляць на паразу. Паласа пяску, на якой былі бачныя сьляды, дарожка, па якой насіліся вартавыя сабакі. Выкарыстоўваліся і іншыя цяпер ужо незахаваныя агароджы — сыґнальны дрот, супрацьтанкавыя вожыкі, супрацьтанкавыя равы (часам рабіліся спробы уцёкаў шляхам тарану на грузавіку), супрацьпяхотныя міны. Заключнай часткай агароджы была высокая сьцяна з заходняй часткі.

Участак Бэрлінскай сьцяны

 

Па версе гэтай сьцяны ішла спэцыяльная труба, што не давала на яе залезьці - калі ўцекачу ўсё ж атрымлівалася дасягнуць гэтай заключнай перашкоды, куля камунізму наганяла яго пры спробе ўскараскацца наверх.

Мэмарыял Бэрлінскай сьцяны

Мэмарыял Бэрлінскай сьцяны

 

Дрот, ад якога працавалі ліхтары.

Кабэль

 

Падмуркі будынкаў, разбураных для будаўніцтва сьцяны. Бачныя вокны, закладзеныя цэґлай і бэтоннымі блёкамі. У першыя дні многія людзі рабілі спробу ўцячы на захад праз будынкі, былі выпадкі сьмерцяў, калі яны скакалі зь верхніх паверхаў.

Падмуркі дамоў

 

З аднаго боку — архітэктура капіталізму.

Архітэктура Заходняга Бэрліна

 

Прама насупраць — сацыялізму.

Архітэктура Ўсходняга Бэрліна

 

 

Афармленьне адной са станцый мэтро цалкам прысьвечанае Бэрлінскай сьцяне. Уверсе — вядомая цытата Гонэкера, сказаная ім за некалькі месяцаў да канца рэжыму: «сьцяна прастаіць яшчэ і 50, і 100 гадоў».

Цытаты

Станцыя мэтро

 

Рэйкі агароджаныя платком.

Агароджа

 

КПП «Чарлі», каля якога заўсёды тоўпяцца няўяўныя натоўпы турыстаў. «Чарлі» — найменьне літары «C» у фанэтычным альфабэце НАТО (было яшчэ два прапускныя пункты, A («Альфа») і B («Брава»)). Дадзены КПП быў найвядомейшым — пасьля вайны ён прызначаўся для пераходу саюзных войскаў паміж сэктарамі акупацыі. Падчас абвастрэньня бэрлінскага крызысу ў 1961 годзе тут стаялі, нацэліўшыся адзін на аднаго, танкі СССР і ЗША. Гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі сьвет балянсаваў на мяжы ядзернай вайны.

КПП Чарлі

 

Праз гэты КПП было зроблена некалькі спробаў уцячы, часам паспяховых, часам не. У 1962 годзе тут ад страты крыві памёр 18-гадовы юнак Пэтэр Фэктэр. Паранены памежнікамі НДР, ён каля гадзіны сьцякаў крывёю. Заходненямецкія паліцыянты кідалі яму бінты, але не маглі дапамагчы (бо пераход iмi мяжы прыраўноўваўся да «аґрэсыі супраць НДР»), а ўсходненямецкія жаўнеры абыякава пазіралі на яго аґонію.

КПП Чарлі

 

Побач з чэкпойнтам знаходзіцца музэй Бэрлінскай сьцяны, які распавядае аб Халоднай вайне, спробах уцёкаў і таталітарным рэжыме НДР. Яшчэ адзін прыклад таго, наколькі нядобры вынік дае сумяшчэньне Орднунґу з таталітарызмам. Чаго вартая хаця б Штазі — усходненямецкая служба дзяржбясьпекі (аналяґ КДБ), якая трымала дасье абсалютна на ўсіх жыхароў НДР, уключаючы непаўналетніх. Штазі мела самую разгалінаваную ў гісторыі сетку стукачоў і інфарматараў, на сваіх суседзяў і калеґ даносіў кожны 50-ы жыхар НДР. Пасьля падзеньня рэжыму доступ да архіваў быў адкрыты, грамадзяне атрымалі права доступу да інфармацыі, якую трымала на іх нямецкая гэбня (імёны даносчыкаў са справаздачаў выдаляліся, але грамадзянін мог лёгка здагадацца, хто на яго даносіў, таму асабістыя адносіны паміж многімі людзьмі пасьля гэтага моцна сапсаваліся). Штазі лічылася самай эфэктыўнай у гісторыі спэцслужбай — дастаткова сказаць, што іх аґенту атрымалася на 2 гады стаць сакратаром канцлера ФРН Вілі Брандта.

* * *

За 40 гадоў пасьпела нарадзіцца і вырасьці 2 пакаленьні, таму НДР проста не магла не пакінуць культурны адбітак. Сярод людзей, якія яшчэ памятаюць жыцьцё пры сацыялізьме, мае месца зьява, называемая «остальгіяй» («Ostalgie», ад слова «Ost» — усход, усходні) — настальґіі па часах НДР, па сваёй прыродзе аналяґічнай распаўсюджанай у нас настальґіі па СССР. Сумуюць як па аспэктах штодзённага жыцьця, так і па тым, як «раней было прасьцей» (не было беспрацоўя, беднасьці і г. д.). У 2009 годзе часопіс Spiegel правёў апытаньне сярод усходніх немцаў, дзе 57% пагадзіліся са сьцьверджаньнем «у НДР добрага было больш, чым дрэннага».

Мы-та ведаем, што ў аснове ўсіх такіх настальґій заўсёды ляжыць класычнае старыкоўскае «раней трава была зелянейшаю». Налепшым пэрыядам жыцьця ў чалавека заўсёды зьяўляецца маладосьць. Малады чалавек здаровы і поўны сіл, жыве актыўным жыцьцём, якое, як яму здаецца, яшчэ ўсё наперадзе, больш ярка ўспрымае ўсе ўражаньні. Гадоў прыкладна пасьля 50, калі здароўе і сілы ўжо не тыя, жыцьцё нейкае шэрае, і наўрад ці ўжо памяняецца, чалавеку натуральна пачаць па маладосьці сумаваць, і чым далей, тым мацней. Адмоўныя ўспаміны выветрываюцца (памяць захоўвае іх горш), застаюцца толькі станоўчыя. Капаючыся ў гэтых вобразах мінулага, якія здаюцца яму значна ярчэйшымі за маркотную старэчую рэчаіснасьць, чалавек шчыра пачынае думаць, што раней жыцьцё было больш станоўчым, весялейшым і дабрэйшым ня толькі ў яго тагачаснага у параўнаньні зь ім цяперашнім, а навогул. Вось тут-та і пачынаюцца ўсе гэтыя настальґіі па НДР, СССР, Югаславіі і немаведама чаму яшчэ, усе гэтыя зацятыя «вось раней-та мы лепш жылі», хоць у рэальнасьці раней, у параўнаньні зь сёньняшнім днём, былі паўсюдны трэш, шэрасьць і роспач. Ня блытайце рэальнае жыцьцё з вашым асабістым яго успрыманьнем.

Але я зноў адцягнуўся. Найбольш шырока вядомыя сымбалі остальґіі гэта аўтамабіль «Трабант» і сьветлафорны чалавечак.

Траба́нт (нем. Trabant, «спадарожнік») — адзіны легкавы аўтамабіль, які вырабляўся ў НДР (у СССР не пастаўляўся). Вытворчасьць «трабантаў» была наладжаная на заводзе ў горадзе Цвікаў, які апынуўся ў зоне савецкай акупацыі і раней належаў фірме «Audi». Займалася гэтым дзяржаўнае прадпрыемства «Заксэнрынґ». Спачатку завод працягам нейкага часу выпускаў даваенныя мадэлі, але напачатку 1950-х была пачатая распрацоўка таннага легкавога аўтамабіля для сацыялістычнай Нямеччыны. Сэрыйная вытворчасьць была запушчаная ў 1957 годзе.

Трабанты на Унтэр дэн Ліндэн

 

«Трабант» быў поўнай супрацьлегласьцю таго паняцьця, якое мы зараз укладваем у словазлучэньне «нямецкі аўтапрам». Аўтамабіль быў танны, тэхнічна просты і неказісты. Рама кузава была мэталічнай, але ўсё навясныя панэлі (дзьверы, баґажнік, і г. д.) былі зробленыя з плястмасы. За больш чым 30 гадоў, працягам якіх ён выпускаўся, яго зьнешні выгляд практычна не зьмяніўся (у канцы 1970-х зьявіўся асучасьнены прататып, але ў сэрыю ён не пайшоў). З даступных грамадзянам НДР легкавых аўтамабіляў ён быў найтаньнейшым — яго цана складала 5 200 марак, нават савецкі «Запарожац» (7 100 марак) быў даражэйшым. Было даступна некалькі мадыфікацыяў, якія адрозьніваліся толькі тэхнічным прызначэньнем — сэдан, комбі, пікап і г. д. Таннасьць «Трабанта» прыводзіла да таго, што попыт на яго ўвесь час перавышаў прапанову, і для куплі трэба было запісвацца ў чаргу на некалькі гадоў.

Трабант народнай паліцыі НДР

 

Пасьля нямецкага аб’еднаньня вытворчасьць даўным-даўно састарэлых «трабантаў» спынілася з прычыны поўнага падзеньня камэрцыйнага попыту. Завод быў набыты канцэрнам «Volkswagen» і цяпер выкарыстоўваецца для вытворчасьці мадэляў «Ґольф» і «Поло». «Заксэнрынґ» працягнуў выпускаць аўтазапчасткі, але збанкрутаваў, і ў 2006 годзе быў набыты іншай кампаніяй.

Аднак, сам «Трабант» набыў у Нямеччыне культавы статус. Трабі, як яго ласкава называюць немцы, зьяўляецца аб’ектам калекцыянаваньня, выставы і аўтапрабегі на «трабантах» ладзяцца рэґулярна. Ён зьяўляецца найпапулярнейшым ва Ўсходняй Еўропе аўтамабілем для цюнінґу — з «трабантаў» робяць лімузыны, кабрыялеты і гоначныя аўтамабілі (зь яго малой вагай ўстаноўка магутнага рухавіка ператварае «Трабант» у ракету).

Трабант-кабрыялет

Трабанты

 

Пра сьветлафорнага чалавечка я ўжо пісаў у аповедзе пра Лейпцыґ, таму таксама ня буду асабліва з гэтым паўтарацца.

Паміж жыхарамі двух частак Нямеччыны, якія вырасьлі пры розных сыстэмах, працягваюць заставацца адрозьненьні ў мэнталітэце, якія тычацца і працоўнай этыкі, і асабістыга жыцьця, і агульнага стаўленьня да жыцьця ў цэлым. Заходнія немцы вінавацяць Осі (усходніх немцаў) у нудзе й ляноце. Былыя грамадзяне НДР лічаць сваіх заходніх суайчыньнікаў занадта матэрыялістычнымі і бездухоўнымі. І хоць сярод тых, хто нарадзіўся ў дзевяностыя і пазней, гэтых адрозненьняў ужо няма, усходняя частка Нямеччыны працягвае заставацца бяднейшай, там вышэй беспрацоўе, вышэй падтрымка радыкальных арґанізацый, моладзь, адвучыўшыся, аддае перавагу ад’езду ў заходнюю частку краіны, дзе больш магчымасьцяў.

Ampelmann

 

Трэба ўжо і закругляцца. У заключэньне скажу, што Бэрлін мне вельмі спадабаўся, і я б хацеў вярнуцца сюды зноў. А падарожжа па Эўропе на гэтым скончылася. Раніцай я сеў у Шонэфэльдзе на самалёт, які ўзяў курс на Маскву. У галаве засталася яшчэ адна тэчка зь цікавымі ўспамінамі, якія калісьці пераканаюць мяне ў тым, што жыцьцё была пражыта не дарэмна.

Бэрлін