Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Зона адчужэньня. Сельская мясцовасьць.

Кіеўская вобласьць, Украіна, жнівень 2008
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Дарогі руйнуюцца не самі па сабе, а ад таго, што па іх ездзяць аўтамабілі. З-за практычна поўнай адсутнасьці руху тут яны выглядаюць прыстойна, нягледзячы на шматгадовую адсутнасьць рамонту. Толькі трава, што прабіваецца дзе-нідзе, сьведчыць, што гэта не звычайная траса раённага значэньня.

 

Практычна зь любога ўзвышанага пункту гэтай мясцовасьці можна заўважыць разьмешчаныя удалечыні антэны закінутага ваеннага гарадка «Чарнобыль-2». У савецкі час там разьмяшчалася ўнікальная загарызонтная радыёлякацыйная станцыя, якая фіксавала запускі балістычных ракет па ўсім сьвеце, і якая ўваходзіла у сыстэму раньняга прадухіленьня ракетнага ўдару. У стварэньне гэтага звышсакрэтнага аб’екта было ўкладзена да палутара мільярдаў даляраў. Паколькі радыяцыя магла перашкодзіць працы абсталяваньня, пасьля аварыі станцыя была адключаная. Але пакінуць яе было немагчыма, з-за чаго вымушаныя знаходзіцца там пэрсанал і жаўнеры з ахоўных спецпадразьдзяленьняў атрымалі вельмі высокія дозы апраменьваньня (да некалькіх дзесяткаў рэнґген). У далейшым, станцыю напаткаў той жа лёс, што і іншыя аб’екты Зоны — унікальнае звышсучаснае на той момант абсталяваньне, што ўтрымала каштоўныя мэталы, было разьбітае і расьцягнутае. Цікавасьць да Чарнобыля-2 па гэты дзень застаецца высокай з-за 150-мэтровых антэнаў з высокалеґаваных сталяў, якія ўсё ’шчэ там стаяць.

 

Як ужо паказвалася ў адным з папярэдніх апавяданьняў, Зона адчужэньня працягвае заставацца цалкам электрыфікаванай, прычым многія лініі былі праведзеныя паўторна.

 

Уздоўж дарог часта сустракаюцца сьведчаньні таго вялікага сельскагаспадарчага значэньня, якое рэґіён меў да аварыі. Шырокія калгасныя палі зарасьлі пустазельлем і маладымі дрэўцамі.

 

Мільгаюць драбы жывёлагадоўчых фэрмаў.

 

Пустыя хаты кінутых вёсак.

 

Вёскі, якія знаходзіліся недалёка ад станцыі, і падвергнуліся занадта моцнаму заражэньню, былі згладжаныя са сьвету. Хаты разбураліся экскаватарамі і закопваліся ў зямлю. Пагоркі, што ад іх засталіся, ўжо даўно аселі і зараслі травой, але пра мінулае ўсё яшчэ нагадваюць дзесьці захаваныя дарожкі вуліц.

Дзіцячы садок — адзіны будынак, які застаўся ад вёскі Копачы. Садок папулярны ў экскурсантаў экскурсантаў з прычыны свайго «зручнага» месцазнаходжаньня (прама ля трасы з Чарнобыля у Прыпяць, з-за чаго часта ўсплывае ў фотарэпартажах). Усярэдзіне яго была сустрэтая сава, якую пасьпеў зазьняць адзін з нашых праваднікоў.

 

У супрацьлегласьць маладой Прыпяці, інтэрнацыянальнаму савецкаму гораду, дзе дамінавала руская мова і агульнасавецкая культура, сама Чарнобыльшчына была традыцыйна украінскім рэґіёнам.

 

Дзіцячая пляцоўка з характэрнымі размаляванымі аўтапакрышкамі вельмі брудная — дазімэтр выдае 200—400 мікрарэнтґен за гадзіну.

 

Іншыя вёскі не разбураліся, але без сваіх жыхароў усё роўна былі асуджаныя. Вёскі зьнікаюць хутчэй за гарады. На спадарожнікавых здымках яны ўжо зь цяжкасьцю адрозныя — іх амаль цалкам паглынуў лес.

 

Гэта — не лясная дарога, а вуліца невялікай вёскі.

 

Асабліва кароткі век драўляных хат. Ад волкасьці і тэмпэратурных ваганьняў драўніна ў хуткім часе пачынае гніць і дэфармавацца.

 

Многія будыны з дрэва ўжо разбурыліся.

 

Ад гэтай хаты застаўся толькі дах.

 

Яшчэ праз дваццаць—трыццаць гадоў аб ўкраінскіх селішчах будуць нагадваць хіба што драбы аўтобусных прыпынкаў.

 

Цаґляныя хаты прастаяць даўжэй, але іх будзе складана знайсьці ў лясных гушчарах.

 

Усюды бур’ян.

 

Сустрэліся таксама і каноплі, якія расьлі вольна — яны тут нікому не патрэбныя.

 

У гэтым доме, напэўна, разьмяшчаўся сельсавет. А можа, проста клюб або сельская крама.

 

А ў гэтых людзей была вялікая гаспадарка.

 

Я нават згадаў хату бацькоў таты. Гомельская вобласьць зусім недалёка, а традыцыйны сельскі побыт там і тут практычна не адрозьніваўся.

 

Нават пляніроўка падобная. Колькі гадоў яшчэ прастаіць гэтая хата?

 

Наўрад ці яшчэ столькі, колькі ўжо вісяць гэтыя катахі, дзе ластаўка пасьпела зьвіць гняздо.

 

У хляве.

 

Ідучы па вуліцы мёртвай вёскі, можна нечакана натыкнуцца на двор, дзе няма бур’яну, чорных вокнаў у хаце, і ўсё кажа аб тым, што тут нехта жыве. Гэта гаспадаркі людзей, за якімі замацавалася назва «самасёлаў» — мясцовых жыхароў, якія не пажадалі пакідаць родныя мясьціны, нягледзячы на радыяцыю. Некаторым зь іх гэта назва не падабаецца — «які ж ми „самосели“, якщо жили тут споконвіку?» Ізаляваны характар ​​жыцьця на чарнобыльскай зямлі прывёў да таго, што гэтыя людзі ператварыліся ў асаблівую культурную групу. З-за перанесенай траґедыі, нялёгкіх умоў жыцця, маленькай сувязі з вялікім сьветам людзі тут неяк дабрэйшыя.

 

Розныя прычыны, па якіх яны вырашылі вярнуцца. Хтосьці не ўяўляў жыцьця бяз роднай зямлі, і вярнуўся адразу пасьля эвакуацыі сельскіх раёнаў 4 і 5 траўня 1986 году, абыходзячы кардоны і міліцэйскія пасты. Іншыя вярнуліся пазьней, галоўным чынам па сацыяльна-эканамічных прычынах. На сваім піку колькасьць самасёлаў дасягала больш за дзьве тысячы чалавек (да аварыі на адселеных землях жыло каля ста тысяч), але на момант напісаньня гэтага аповеду (восень 2008) іх засталося прыкладна трыста. Бо гэта людзі сталага ўзросту, ды й радыяцыя, як вядома, зусім не спрыяе здароўю і даўгалецьцю. У многіх разьвіваюцца ракавыя захворваньні.

Шчыра кажучы, у мяне меліся некаторыя смутныя сумневы адносна этычнасьці такога наведваньня самасёлаў. Ужо занадта гэта нагадвала паход у заапарк — як інакш назваць, калі ўзброены фотатэхнікай натоўп зь цікавасьцю разгульвае па гаспадарцы, фатаграфуючы вас і ваш няхітры скарб, нібы гэта нейкая іншаплянэтная экзотыка. Але самасёлы у большасьці выпадкаў нічога ня мелі супраць — наш візіт хоць неяк разбаўляў іх аднастайны, нялёгкі і ізаляваны побыт, ды й прывезеным прадуктам яны былі радыя.

Бабця Ольга была першай, да каго мы зайшлі ў госьці (побач зь ёй — Аляксандар Сірота (Planca), галоўны рэдактар сайта Припять.ком). Экспазыцыйная доза на вёсцы зь цікавай назвай Лубянка складала 60 мікрарэнтґен за гадзіну.

 

Яе гаспадарка, як і іншыя гаспадаркі самасёлаў, складалася адразу з некалькіх двароў. Паколькі суседзі ўжо ніколі ня вернуцца, іх пакінутыя маёмасьць і будынкі можна было выкарыстоўваць на ўласнае меркаваньне. Незапатрабаваныя толькі хаты — ня можа ж чалавек жыць у некалькіх адразу.

 

У астатнім жа гэта нічым не адрозьнівалася ад звычайнае вёскі — вялікі агарод, бульба, і нават карова зь цялём.

 

Хлеў быў у меру сіл бабці Ольги ўмацаваны для абароны ад ваўкоў, якія адчуваюць сябе тут гаспадарамі. «Собаку мого вони взимку з’їли» — панаракала сялянка.

 

Падаіщшы карову, бабця прапанавала нам выпіць парнога малака. Усе пачалі ветліва адмаўляцца, спасылаючыся то на непераноснасьць малочных прадуктаў, то на засмучэньне страўніка. Я адмаўляцца ня стаў, і з задавальненьнем выпіў куфаль (калі гэты аповяд чытае хтосьці, хто зьнящ гэты момант, я буду ўдзячны, калі вы дашлеце фата\рафію на info@mikhed.ru). Майму прыкладу пасьледаваў чувак, паказаны на фатаґрафіі.

 

Убраньне хаты.

 

Падзякаваўшы гаспадыні за гасьціннасьць, і пажадаўшы ёй здароўя, мы накіраваліся да аўтобуса. Трохі адстаўшы ад астатніх, мы сустрэлі яшчэ адну бабульку, якая хутка падышла да нас і пачала распавядаць пра нягоды свайго жыцьця. Ня выслухаць яе было б няветліва, але ў гэтым выпадку мы рызыкавалі атрымаць наганяй ад праваднікоў за адрыў ад ґрупы. У рэшце рэшт, прыйшлося сказаць бабулі, што мы зусім ніяк ня можам надаць ёй яшчэ крыху часу, а потым хутка пайшлі даганяць нашых.

 

Наступным прыпынкам было буйное сяло Ільінцы, дзе да аварыі пражывала каля палутара тысяч жыхароў, а цяпер засталося толькі трыццаць. І хоць усе жывуць у розных канцах вёскі, людзі сустракаюцца часьцей.

 

Але ўсё сьведчыць пра тое, што сяло — закінутае. Усё тыя ж пакінутыя хаты, да якіх ужо немагчыма нават падабрацца.

 

Зноў зарослыя вуліцы.

 

Старая яблыня, пакрытая дробнымі сухімі сучкамі (бо яе ніхто не абразае).

 

Па вуліцы нечакана праехаў «Лансэр» — відаць, кагосьці з самасёлаў наведвалі сваякі (атрыманьне аўтамабільнага пропуску ў Зону — даволі моташны занятак, як мінімум, трэба даць гэтаму дастатковую абґрунтаваньне. Наяўнасьць радні сярод самасёлаў, падобна, такім зьяўляецца. Пропуск выпісваецца на канкрэтны аўтамабіль, і, зразумела, зусім не дае магчымасьці катацца абы-дзе. Для «дзясяткі» ён ужо не падыходзіць, ды і ня варта забываць, што любыя маршруты і тэрміны знаходжаньня ў Зоне ўсё роўна павінны быць папярэдне ўзгодненыя з уладамі).

 

Паколькі насельніцтва заражаных тэрыторыяў падлягала безумоўнаму перасяленьню, спачатку самасёлы былі па-за законам, і іх безвынікова спрабавалі вярнуць назад. Але паступова стала ясна, што нікуды зьяжджаць яны не зьбіраюцца, і дзяржава махнула рукой, зьмірыўшыся з фактам іх пражываньня на рэжымнай тэрыторыі. Цяпер у іх нават ёсьць уласныя пропускі. Іх штогод абсьледуюць лекары, у кожнай вёсцы, дзе яшчэ засталіся людзі, ёсць электрычнасьць і радыёстанцыя, па якой у выпадку чаго можна даслаць сыґналь аб дапамозе.

 

Раз на тыдзень сюды прывозяць прадукты (на фота — закрытая вясковая крама), а раз у месяц — пошту і пэнсіі (клопат пра насельніцтва ўсё ж на парадак лепш, чым у якой-небудзь забытай вёсцы ў расійскай глыбінцы).

 

Мы зноў разьбіліся на ґрупы, каб наведаць яшчэ некалькі самасёлаў. Я зноў пайшоў у групе Сяргея з МНС (на фота справа), кляснага і калярытнага ўкраінскага мужыка, які павёў нас да даўняга сябра (зьлева, нажаль, на імя яго я забыўся). Пачуўшы, што я размаўляю па-беларуску, той выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што Ўкраінай не кіруе Лукашэнка, «тому що Лукашенко навів би лад».

 

У яго гаспадарцы адчувалася мужчынская рука.

 

Гаспадары выставілі на стол пачастунак, ад якога ўжо ніхто не адмаўляўся — ішла другая палова дня, ды і дазімэтры выдавалі не такія палохалыя паказчыкі.

 

Пасьля моцнай гарэлкі ва ўсіх адбыўся рэзкі ўздым настрою.

 

Калі мы вярнуліся да аўтобуса, нас усё ўжо чакалі (як аказалася, ня ўсе атрымалі такі ж сардэчны прыём. Групу Аляксандра Сіроты самасёлка не пусьціла на парог, сказаўшы, што «раней трэба было прыходзіць»). Хлопец у камуфляжных штанах зьлева — Антон «moloch» Юхіменка, крэатыўны дызайнер і фатоґраф праекта Pripyat.com.

 

Але часьцей мясцовыя жыхары радыя візытам японцаў і іншых іншаплянэцян.

 

Апошняй прыпынкам стаў мост праз раку Прыпяць, пабудаваны ўжо пасьля аварыі.

 

Калі паглядзець зь яго на поўнач, у дымцы можна разглядзець контуры Станцыі. А зь іншага боку добра бачны горад Чарнобыль і яго зарослы лесам прыватны сэктар.

 

Пасьля прыбыцьця з паездкі па зоне трэба два разы прайсьці дазімэтрычны кантроль — спачатку ў «Чернобыльінформе», а затым на КПП, пры выезьдзе. У другім выпадку гэта нагадвае нешта сярэдняе паміж сканэрам ў аэрапорце і уваходам у мэтро. У шэраг стаяць некалькі кабінак, і, мінаючы іх, выйсьці немагчыма. Чалавек ўстае ў кабінку і кладзе рукі на жалезныя дзяржальні. Калі актыўнасьць на ім у межах нормы, турнікет адчыняецца, і выпускае вас на «вялікую зямлю». У адваротным выпадку патрэбная дэзактывацыя.

Нягледзячы на ўсяго толькі два дні знаходжаньня ў Зоне, пры выхадзе зь яе адчуваеш нейкі лёгкі шок. І ад адчуваньня таго, што цяпер ты вольны ісьці, куды хочаш, і ад выгляду ўсіх гэтых сноўдаючых людзей і аўтамабіляў, усюдыісных шыльдаў і ліхтароў, заселеных кімсьці дамоў. Нібы табе толькі што сьніўся дзіўны сон, а цяпер ты прачнуўся, і ніяк ня можаш зразумець, што за мітусьня адбываецца вакол. Зона адчужэньня — гэта сапраўды нейкае іншае вымярэньне, пустыннае і дзіўнае, дзе нават людзі, калі вам удасца іх сустрэць, іншыя. Зямля сотняў тысяч кюры займае думкі і вабіць назад.