Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Ліепая

Курзэмэ, Латвія, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Ліепая — цікавы гістарычны горад на беразе Балтыйскага мора. У дзяцінстве мне даводзілася бываць у многіх гарадах Латвіі, але тут — ані разу. Аб сваім прыезьдзе не пашкадаваў — калі вы будзеце ў Латвіі, і ў вас выдасца вольны дзень, то рэкамэндую зьездзіць менавіта сюды.

Ліепая

 

Назва «Liepāja» па-латыску вымаўляецца блізка да «Лэ́пая» (націск падае на дыфтонґ «ie», які па сутнасьці зьяўляецца адным гукам; вымаўленьне Лі-е-па́я адразу выдае прыежджага з усходнеславянскай краіны) і ўсходзіць, па адной з вэрсій, да ліўскага слова «liiv», што перакладаецца як «пясок» (лівы — малы фіна-вугорскі народ, які пражывае ў Латвіі. Іх вымерлая мова была блізкай да эстонскай, а ад латыскай вельмі далёкай). Нямецкая назва «Libau» і старое рускае «Лібава» маюць тое ж паходжаньне.

Лібава

 

Ліепая — партовы горад. Порт па грузаабароце займае ў Латвіі другое месца.

Ліепайскі порт

 

Сучасны прамысловы порт знаходзіцца крыху далей (на фота яго відаць справа), а горад узьнік на беразе канала, які злучае Балтыйскае мора і Ліепайскае возера. Цяпер у канале стаяць у асноўным невялікія рыбалавецкія судны і катэры берагавой аховы, а па берагах разьмешчаныя гістарычныя партовыя пабудовы.

Ліепая з вышыні

 

Караблі.

Караблі

 

Ваенныя катэры належаць ваенна-марскому флоту Латвіі. M-03 ўжо сьпісаны, а вось караблі крыху далей — дзейсныя.

Ваенныя караблі

 

У старым порце можна ўбачыць цікавыя прамысловыя будынкі пачатку стагодзьдзя, частка зь якіх пакуль закінутыя.

Партовыя пабудовы

 

Як і ўва многіх іншых эўрапейскіх гарадах (напрыклад, у Hafen City ў Гамбургу або ў Капэнгагене), старая партовая зона паступова падвяргаецца рэнавацыі — старыя прамысловыя будынкі перабудоўваюцца пад жылыя або камэрцыйныя, а навакольную прастору імкнуцца добраўпарадкоўваць.

Рэнавацыя

 

Складскія памяшканьні на паўднёвым беразе пераабсталяваны ў гатэль (хоць да архітэктуры узьнікаюць пытаньні, шкла ужо занадта шмат).

Рэнавацыя

 

Набярэжную хоць і нельга назваць неардынарнай, але ў парадак яе прыводзяць.

Набярэжная

 

Павесілі навясныя ліхтары, папулярныя ў Паўночнай Эўропе.

Раён набярэжнай

 

Рэстаўруюць будынкі.

Раён набярэжнай Ліепаі

 

Побач пабудавалі адну з новых славутасьцяў горада, канцэртную залю «Lielais dzintars» («Вялікі бурштын»).

Вялікі бурштын

 

Давайце паглыбімся ў горад. Гістарычны цэнтр Ліепаі хоць і невялікі, але, у адрозьненьне ад Елґавы, добра захаваўся. Некаторыя будынкі вельмі прыгожныя.

Гістарычная Ліепая

 

Тэрыторыя цяперашняй Латвіі вельмі доўга знаходзілася пад уладай Лівонскага ордэна. Лібава пад уладай ордэна згадваецца ўжо ў 1263 годзе. У 15 стагодзьдзі празь яе праходзіў гандлёвы шлях з Амстэрдама ў Маскву.

Нямецкі дамок

 

У склад Расейскай імпэрыі Курляндзкае герцагства ўвайшло ў 1795 годзе. У Расеі горад быў важным марскім портам і прамысловым цэнтрам. Як ужо гаварылася ў мінулым апавяданьні, тут знаходзілася буйная руская ваенна-марская база.

Архітэктура 19 стагодзьдзя

 

У гэтым будынку некалі разьмяшчалася галоўная кантора Рускага ўсходне-азіяцкага параходзтва.

Архітэктура 19 стагодзьдзя

 

Цікавыя дэталі.

Архітэктура 19 стагодзьдзя

 

* * *

Ліепая

 

У 1919 годзе, падчас барацьбы латышоў за незалежнасьць, Ліепая каля 6 месяцаў была фактычнай сталіцай Латвійскай Рэспублікі.

Ліепая

 

Можна сустрэць мноства ня менш цікавых драўляных пабудоў.

Драўляныя будынкі

 

Нямецкі фахвэрк.

Фахвэрк

 

Стан будынкаў у цэлым прыстойны.

Драўляныя будынкі

 

* * *

Гістарычная забудова

 

Найстарэйшым пабудовам цяпер у раёне 250 гадоў.

Старадаўні сьвіран

 

Шыльдачка, якая захавалася яшчэ з савецкіх часоў.

Савецкая шыльда

 

Цэнтральныя вуліцы выкладзеныя брукам.

Брук

 

Тратуары і пешаходныя вуліцы адрамантаваныя і пакрытыя пліткай.

Пешаходныя вуліцы

 

Прашпэкт Kūrmājas, адна з галоўных вуліц, якая вядзе ад цэнтра да мора, упрыгожаная скульптурнымі кампазыцыямі вобразаў зь песьні «Pilsētā, kurā piedzimst vējš». Песьня пра Ліепаю, назва якой перакладаецца як «Горад, дзе нараджаецца вецер», была напісаная ў 1973 годзе кампазытарам Імантсам Калныньшам і паэтам Марысам Чаклаісам. Твор хутка стаў папулярным, яго выконвалі шматлікія латвійскія музычныя калектывы, а ў 1999 годзе ён стаў афіцыйным гімнам горада. «Pilsētā, kurā piedzimst vējš, varen varoša vārna zarā sēž, jumtu plēš vējš, bet nenoplēš».

Pilsētā, kurā piedzimst vējš

 

«Pilsētā, kurā piedzimst vējš, laivinieks laivai dēli tēš, zārcinieks zārkam vāku tēš» («у горадзе, дзе нараджаецца вецер, лодачнік выточвае дошку для лодкі, трунар — вечку для труны»).

Лодачнік

 

Згадваньне лодачніка і трунара ў адным куплеце, магчыма, намякае на нялёгкасьць лёсу тых, хто сыходзіў у мора. У самым канцы гэтай вуліцы стаіць помнік загіблым маракам і рыбакам.

Алея

 

Помнік быў усталяваны ў 1977 годзе, таму па стылі вельмі нагадвае брэжнеўскія мэмарыялы героям вайны.

Помнік загіблым маракам

 

«Сьпяваюць ветрыкі ціха-ціха, не нясуць хвалькі на беражок, сьпяць у марской глыбінцы мае любімыя браточкі», кажа латышкі тэкст на шыльдзе (выкарыстаньне такіх памяншальных канчаткаў да кожнага назоўніка гучыць дзіўна, але ў латыскай зьяўляецца арганічным прыёмам, распаўсюджаным у народнай паэзіі). Мэмарыяльная дошка ніжэй была ўсталяваная ў 2000 годзе. На ёй пазначаныя імёны экіпажу амэрыканскага патрульнага самалёта PB4Y-2 Privateer, які ў 1950 годзе заляцеў ў паветраную прастору СССР і быў зьбіты савецкімі зьнішчальнікамі недалёка ад Ліепаі. Усе 10 чалавек на борце загінулі.

Таблічкі

 

Пляж вельмі шырокі, зь некалькімі радамі пяшчаных выдмаў.

Выдмы

 

Балтыка.

Балтыйскае мора

 

Сымпатычны раён каля парку ля мора.

Раён каля парку ля мора

 

Спадабаўся якасным добраўпарадкаваньнем вуліц.

Раён каля парку ля мора

 

У горадзе захавалася некалькі цэркваў, як нямецкіх, так і рускіх.

Цэрквы Ліепаі

 

У савецкі час Ліепая працягвала заставацца важным прамысловым цэнтрам, портам і марской ваеннай базай. Пасьля атрыманьня незалежнасьці з-за масавага ад’езду рускіх горад вычуў істотную дэпапуляцыю — калі ў 1989 годзе насельніцтва складала 114,5 тысяч чалавек, то на 2000 яно ўпала да 89 тысяч. Насельніцтва працягвае падаць з-за міграцыі і натуральнага зьмяншэньня. Па дадзеных на 2017 год, тут засталося ўсяго 69 тысяч жыхароў.

Савецкія пяціпавярхоўкі

 

Вельмі незвычайная канструкцыя на даху тыпавой савецкай пяціпавярхоўкі. Цікава, для чаго гэта першапачаткова зрабілі?

Савецкія пяціпавярхоўкі

 

* * *

Сучасная архітэктура

 

Гарадзкія сквэры і грамадзкія прасторы.

Грамадзкія прасторы

 

Нешта накшталт алеі зорак у Галівудзе — уздоўж вуліцы стаяць тумбы з адбіткамі рук вядомых латвійскіх музыкаў.

Алея зорак

 

Гарадзкая трамвайная сыстэма, якая функцыянуе з 1899 года, зьяўляецца адной з найстарэйшых на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі і першай электрычнай на тэрыторыі Латвіі. Ейная асаблівасьць — вузкая каляіна шырынёй 1000 мм. Большасьць трамвайных сыстэм былога СССР выкарыстоўваюць рускую каляіну 1524 мм, мэтровая жа каляіна распаўсюджаная сярод трамвайных сыстэм Нямеччыны, заходняй Украіны і некаторых іншых эўрапейскіх гарадоў, напрыклад, Гельсынкі.

Ліепайскі трамвай

 

Праезд каштуе

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

(

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

у кіроўцы) альбо

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

на дзень. Рухомы састаў складаецца з тыповых для былога СССР чэшкіх вагонаў Tatra KT4 вырабніцтва васьмідзесятых гадоў. Праўда, гэта ня тыя вагоны, што хадзілі тут у савецкі час — ранейшыя КТ4SU былі сьпісаныя па прычыне зносу, і ў 2000-х гадах горад закупіў патрыманыя вагоны, якія тады сьпісваліся ў гарадах былой НДР. Горад мае пляны на пашырэньне і мадэрнізацыю сыстэмы, але справа моцна тармозіцца недахопам сродкаў.

Ліепайскі трамвай

 

Усюды сустракаюцца арыгінальныя паркоўкі для ровараў. На пары вуліц бачыў веладарожкі, але ў цэлым спэцыяльнай роварнай інфраструктуры няма.

Роварныя стаянкі

 

Дрэвы неяк вельмі дзіўна крануюць — па сутнасьці, проста абсякаюць з усіх бакоў, у выніку, атрымліваецца такое. Ці варта так рабіць?

Кранаваньне

 

Жалабок на тратуары адводзіць ваду з вадасьцёкавай трубы. У Расеі часта такімі рэчамі пагарджаюць, з-за чаго ўчастак тратуара зімой ператвараецца ў каток, а летам хутчэй руйнуецца.

Жалабок

 

Сустрэлася пара сымпатычных муралаў.

Муралы

 

На ўсе слупы сьветлафораў і дарожных знакаў лепяць спэцыяльныя сьветлаадбіваючыя пазнакі.

Слупы

 

Паркоўкі ў цэнтры платныя. Паркаматы друкуюць талён, які трэба класьці пад шкло. Мясцовая дэталь — каля паркаматаў заўсёды стаіць вурна для выкарыстаных талёнаў.

Діепайскі паркамат

 

Выязджаючы зь Ліепаі, мы едзем уздоўж мэталюргічнага завода. Завод па вырабе стальной арматуры быў заснаваны яшчэ ў 1882 годзе як прадпрыемства «Бэкер і Ко». У савецкі час ён быў адным з горадаўтваральных прадпрыемстваў, але пасьля распаду СССР, як і многія прамысловыя прадпрыемствы, якія засталіся без савецкага дзяржзаказу, хоць і не закрыўся, але ледзь сточвае канцы і пэрыядычна банкрутуецца.

Мэталюргічны завод

 

Напрыканцы заяжджаем у гарадзкі аэрапорт (LPX/EVLA). У цяперашні час Liepājas lidosta гэта адзіны ў Латвіі рэгіянальны аэрапорт, зь якога выконваюцца рэгулярныя пасажырскія рэйсы — некалькі разоў на тыдзень сюды з Рыгі прылятае DHC-8 кампаніі AirBaltic (час у дарозе да сталіцы складае ўсяго 25 хвілін — на працягу першай паловы палёту самалёт забіраецца на эшалён 180, пасьля чаго адразу ж пачынае зьніжацца). Білет туды-назад каштуе

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

. Тэрмінал — малюсенькі аднапавярховы будынак.

Ліепайскі аэрапорт

 

У савецкі час гэта быў аэрадром сумеснага базаваньня, і тут да гэтага часу захаваліся сьпісаныя савецкія зьнішчальнікі. Раней іх было больш, цяпер засталіся толькі два самалёты — МіГ-21ПФМ і МіГ-23С. Аэрапорт сумна вядомы тым, што ў 1967 годзе тут адбылася найбуйнейшая ў гісторыі Латвіі авіякатастрофа, калі пры заходзе на пасадку разьбіўся пасажырскі Ан-24Б і загінула 43 (па іншых дадзеных, 44) чалавекі.

Ліепайскі аэрапорт

 

Прыгожа.

Вясёлка

 

Па дарозе назад завярнулі ў Дурбэ. Гэта найменшае паселішча Латвіі, якое мае статус горада. Спачатку хацеў напісаць, што яно мне нагадала Нямеччыну.

Дурбэ

 

Але потым перадумаў.

Алькаголікі