Музэй Андэрсэна ўв Одэнсэ
Cюдданмарк, Данія, лістапад 2015
Google Мапы, Яндэкс.Мапы
Пісьменьнік Ганс Крыстыян* Андэрсэн — не толькі найвядомейшы ў сьвеце датчанін, але й адзін з найуплывовейшых літаратараў усіх часоў і народаў. Ягоныя творы былі перакладзеныя на больш чым 100 моваў, а агульны іх наклад вымяраецца сотнямі мільёнаў. Творы Андэрсэна шмат разоў экранізаваліся, у тым ліку студыяй Ўолта Дыснэя, таму ў сьвеце складана знайсьці чалавека, які ня быў бы ў той ці іншай ступені знаёмы зь яго творчасьцю.
Папулярнасьць твораў Андэрсэна стала настолькі вялізнай і невычэрпнай, што некаторыя пэрсанажы зь яго казак сталі ў многіх эўрапейскіх мовах намінальнымі паняцьцямі. Так «брыдкім качаням» часта называюць чалавека, што ў дзяцінстве падвяргаўся непрыязнасьці і абсьмейваньню, але ў больш познім узросьце раскрыў свой неардынарны патэнцыял, «сьнежнай каралевай» — халодную жанчыну, занадта пяшчотнага і капрызнага чалавека могуць назваць «прынцэсай на гарошыне», а «цалёвачкай» — дзяўчыну зь вельмі далікатным целаскладам. Усе ведаюць значэньне фраз «а кароль — голы!», «аскепкі крывога люстэрка» або «чорцік з табакеркі». Усё гэта зьяўляецца спадчынай таленту вялікага ўраджэнца Даніі.
У горадзе Одэнсэ Андэрсэну прысьвечана вельмі многае. Усюды можна сустрэць выявы і скульптуры герояў яго твораў, альбо нешта, што мае да яго адношаньне. Яму прысьвечаныя нават сьветлафорная піктаґрамы.
Цэнтральнай славутасьцю горада зьяўляецца музей Андэрсэна (HC Andersens Hus), які займае палову квартала ў цэнтры.
Музей знаходзіцца каля дома, дзе пісьменьнік нарадзіўся 2 красавіка 1805 года (празь яго праходзіць экспазыцыя). Паколькі сям’я Андэрсэна была беднай, дакладных дакумэнтальных доказаў таго, што ён нарадзіўся менавіта ў гэтым доме, не існуе, ён лічыцца месцам яго нараджэньня на падставе шэрагу вусных сьведчаньняў.
Зьвесткі пра дзяцінства пісьменьніка малалікія і супярэчлівыя. Сам ён не асабліва любіў кранацца гэтай тэмы, паколькі саромеўся свайго «невысакароднага» паходжаньня. Нарадзіўся будучы казачнік ў 1805 годзе. Вядома, што яго бацька, Ганс Андэрсэн, быў па прафесіі шаўцом, які атрымаў пачатковую адукацыю і таму ўмеў чытаць. Менавіта ён упершыню адкрыў сыну сьвет літаратуры, чытаючы яму казкі «Тысяча і адной ночы». Ён таксама змайстраваў яму маленькі лялечны тэатар. Калі Андэрсэну было 7 гадоў, бацька, якога гнала галеча, пайшоў на вайну з Напалеонам, дзе зусім падарваў сваё здароўе. Ён памёр у 1816 годзе. «Яго забрала Сьнежная дзева» — так растлумачылі яе сьмерць 11-гадоваму хлопчыку.
Маці, Анна Мары Андэрсдаттэр, была непісьменнай прачкай, народжанай па-за шлюбам (тады гэта лічылася цяжкім грахом). Праз два гады яна зноў выйшла замуж. У часы моцнай патрэбы яна мела схільнасьць да злоўжываньня алькаголем.
Унутраная частка роднай хаты пісьменьніка толькі ўмоўна рэканструюе тагачасную абстаноўку. У тыя часы гэта было звычайнае жыльлё беднякоў — з земляной падлогай, працякаючым дахам і без хоць якога ўнутранага аздабленьня. Кожную зь 5 маленькіх пакояў займала адна сям’я.
Калі Андэрсэну споўнілася чатыры гады, яго сям’я пераехала ў іншы дом, разьмешчаны непадалёк. Менавіта ў ім прайшло яго дзяцінства. Дом не ўваходзіць у асноўную экспазыцыю музея, але туды можна ўвайсьці па тым жа самым квітку.
На стале ляжаць інструмэнты бацькі.
Андэрсэн пайшоў вучыцца ў мясцовую школу для беднякоў, дзе атрымаў пачатковую адукацыю. Ён быў вымушаны падзарабляць спачатку памочнікам ткача, затым — краўца. У 14 гадоў ён адправіўся ў Капэнгаґен («каб стаць славутым» — растлумачыў ён маці, якая была ўпэўненая, што ён хутка вернецца дадому). У сталіцы пасьля некалькіх беспасьпяховых спробаў кудысьці трапіць яму ўдалося ўладкавацца ў Дацкі Каралеўскі тэатр (на фота ніжэй), дзе яму давалі граць другарадныя ролі — у яго быў прыгожы голас, які, аднак, даволі хутка паламаўся.
Але будучаму казачніку пашанцавала — яго заўважыў Ёнас Колін, каралеўскі юрыст і фінансіст, які быў адным з членаў дырэкцыі тэатра, і якому мноства тагачасных прадстаўнікоў беднай, але таленавітай моладзі былі абавязаныя выхадам у людзі. Прачытаўшы п’есу маладога Андэрсэна, Колін здолеў разглядзець у ім наяўнасьць літаратурнага таленту, якой можна было б разьвіць, і паслаў яго вучыцца ў школу ґраматы ў Слаґельсе, пахадайнічаўшы перад каралём Даніі, каб той аплаціў яго навучаньне. Школьны час, аднак, Андэрсэн згадвае як найцямнейшы ў сваім жыцьці. Ён быў вымушаны жыць у доме настаўніка, які абыходзіўся зь ім жорстка, імкнучыся «палепшыць яго характар». Настаўнікі ня бачылі ў ім здольнасьцяў да пісьменьніцтва, а іншыя вучні зьдзекаваліся над непрыгожым, худым і даўгалыгім 17-гадовым хлопцам, які быў на 6 гадоў старэйшы за іх. З-за гэтага Андэрсэн запаў у цяжкую дэпрэсію і разьвіў у сабе масу комплексаў, ад якіх так і не змог пазбавіцца да самай сьмерці. Ён таксама ніколі цалкам не засвоіў ґрамату, і пісаў з мноствам артаґрафічных памылак.
Шлях Андэрсэна да славы быў нялёгкім, аднак, у адрозьненьне ад многіх іншых вялікіх людзей, што памерлі ў галечы і забыцьці і атрымалі вядомасьць толькі пасьля сьмерці, Андэрсэн змог дамагчыся прызнаньня яшчэ пры жыцьці. Яго першым посьпехам была апублікаваная ў 1829 годзе гісторыя «Падарожжа пешшу ад Гольмэн-канала да ўсходняга мыса выспы Амаґер» (Fodreise fra Holmens Canal til Østpynten af Amager). У 1833 годзе ён атрымаў невялікі ґрант ад караля, які дазволіў яму адправіцца ў першае зь яго шматлікіх вандровак па Эўропе. Андэрсэн пабываў у Швэйцарыі і паездзіў па Італіі, у 1835 годзе апублікаваўшы заснаваны на яго шляхавых нататках раман «імправізатар» (Improvisatoren), які таксама стаў пасьпяховым.
У тым жа самым годзе ён апублікаваў свой першы зборнік казак, у які ўвайшлі творы «Крэсіва» (Fyrtøiet), «Прынцэса на гарошыне» (Prinsessen paa Ærten), «Цалёвачка» (Tommelise), «Новая сукенка караля» (Kejserens nye Klæder) і «Русалачка» (Den lille havfrue).
Частка казак Андрэса засноўвалася на перапрацаваных фальклёрных сюжэтах, але шмат якія былі цалкам прыдуманы ім самім. Першапачаткова яны не прынесьлі яму адмысловага посьпеху. Больш цікавасьці адразу пасьля публікацыі атрымалі яго раманы «О. Т.» (1836, назва зьяўляецца гульнёй слоў — скарачэньнем ад імя галоўнага героя і адначасова ад «Odense Tugthus» — «одэнскі астрог») і часткова аўтабіяґрафічная траґедыя «Ўсяго толькі скрыпач» (Kun en Spillemand, 1837).
У 1837 годзе Андэрсэн зьдзейсьніў падарожжа па Швэцыі, падчас якога прасякнуўся нардычнай рамантыкай, і ў 1839 годзе апублікаваў паэму «Я — скандынаў» (Jeg er en Skandinav), у якой спрабаваў адлюстраваць прыгажосьць нардычнага духу трох братэрскіх народаў (датчан, швэдаў і нарвэжцаў). Паэма стала папулярнай пасьля таго як швэдзкі кампазытар Отто Ліндблад наклаў яе на музыку. У 1838 годзе быў апублікаваны зборнік новых казак, у які ўвайшлі творы «Рамонак» (Gaaseurten), «Устойлівы алавяны жаўнерык» (Den standhaftige tinsoldat) і «Дзікія лебедзі» (De vilde svaner).
Адным з малавядомых захапленьняў Андэрсэна было выразаньне фіґурак з паперы, якіх ён зрабіў некалькі сотняў. Людзі, анёлы, кветкі, сьняжынкі, біблейскія сюжэты, балярыны, клёўны, піраты, дрэвы — уяўленьне пісьменьніка было сапраўды бязьмежным.
Гэтыя элемэнты можна ўбачыць у гарадзкім афармленьні Одэнсэ.
Сапраўдным прарывам стаў 1845 год, калі ў некалькіх эўрапейскіх выданьнях выйшла некалькі перакладаў казак Андэрсэна. Пасьля гэтага яго папулярнасьць у Эўропе стала расьці. Андэрсэн паступова стаў знакамітасьцю, падтрымліваў адносіны са многімі вядомымі прадстаўнікамі сваёй эпохі і шмат падарожнічаў, пабываўшы ў Швэйцарыі, Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі, Партуґаліі, Анґельшчыне й іншых краінах Эўропы. Падчас паездак ён пісаў дарожныя занатоўкі, якія зьмяшчалі ня толькі дакумэнтальныя назіраньні, але й філязофскія разважаньні на разнастайныя тэмы.
«Падарожнічаць — значыць жыць!» Г. К. Андэрсэн
арыґінал
At rejse er at leve!
Цікава, што за мяжой яго прызнаньне расло хутчэй, чым на радзіме, дзе яго часта недаацэньвалі, лічачы выскачкай з простых людзей. Тым ня менш, з часам яго заслугі прызналі й там. Ув Одэнсэ ён атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна гораду, а кароль Даніі за выдатныя посьпехі ва ўслаўленьні сваёй краіны прызначыў яму пажыцьцёвае жалаваньне. У Каралеўскім парку зьявілася яго статуя («калісьці я сядзеў у гэтым садзе, думаючы, як здабыць на хлеб, а цяпер мне тут паставілі помнік» — пісаў Андэрсэн). З 1845 па 1864 год пісьменьнік жыў у Капэнгаґене па адрасе Нюхавн, 67. У музэі ўзноўлены яго Капэнгаґенскі працоўны кабінэт.
Андэрсэн таксама спрабаваў вярнуцца ў тэатар, хоць і без асаблівага посьпеху. Яго моцна расчароўвала, што яго асацыююць выключна з казкамі, бо ён марыў праславіцца ня як казачнік, а як аўтар сур’ёзных, драматычных раманаў і п’есаў. Убачыўшы праект першага помніка, які адлюстроўваў яго з кнігай у асяродзьдзі дзяцей, ён раззлаваўся і запатрабаваў, каб дзяцей ля помніка не было, бо ён ня лічыў сябе дзіцячым пісьменьнікам. Але пазбавіцца ад вобразу казачніка яму не ўдалося — у адрозьненьне ад казак, яго іншыя творы па гэты дзень застаюцца малавядомымі шырокаму колу чытачоў. Фактычна, посьпех казак зрабіў яго іх закладнікам — нават стаміўшыся ад гэтага жанру, ён быў вымушаны працягваць ім займацца, каб зарабляць на жыцьцё (нешта падобнае здарылася з Артурам Конанам Дойлам, які трапіў у такую ж залежнасьць ад апавяданьняў пра Шэрлака Холмса, які зацямніў яго астатнюю творчасьць).
Казкі, аднак, карыстаюцца такой папулярнасьцю, якой могуць пахваліцца вельмі нешматлікія творы сусьветнай літаратуры. Перакладзеныя на больш чым 100 моваў, яны працягваюць пэрыядычна перавыдавацца вось ужо амаль два стагодзьдзі, не губляючы папулярнасьці і застаючыся аднымі з найбольш папулярных твораў дзіцячай літаратуры.
Зрэшты, нават толькі са сваімі казкамі Андэрсэн не зусім падыходзіць на ролю выключна дзіцячага пісьменьніка. Да сваіх казак ён ставіўся хутчэй як да прытчаў, як да нейкіх паэтычных алеґорыяў. Чаго ўжо хаваць — казкі Андэрсена самі па сабе ня вельмі дзіцячыя. Яны, як правіла, вельмі сумныя і часьцяком маюць дастаткова цёмны характар, іх героі пераносяць пакуты і пазбаўленьні, шчасьлівы канец, абавязковы па законах жанру дзіцячай літаратуры, там сустракаецца далёка не заўсёды.
Неказачныя творы Андэрсэна таксама не адрозьніваюцца жыцьцярадаснасьцю. Ва ўсіх яго кнігах так ці інакш прысутнічае аўтабіяґрафічны элемэнт, гісторыя пра чалавека зь нізоў, які спрабуе дамагчыся посьпеху і прызнаньня ў грамадзтве. У аповесьці «Ўсяго толькі скрыпач», у галоўным героі якой лёгка адгадваецца сам аўтар, распавядаецца пра таленавітага беднага музыканта, мары якога выйсьці ў людзі разьбіліся аб жорсткую рэальнасьць. Чытаючы творы Андэрсэна, заўжды думаеш пра тое, што чалавек, які пісаў гэта, быў па жыцьці вельмі няшчасным.
Гэты ж сюжэт можна ўбачыць і ў «Імправізатары», які, аднак, мае не настолькі цяжкую атмасфэру і канчаецца добра — усё-ткі кніга навеяная Італіяй, краінай, дзе ў гісторыі не павінна быць дрэннага канца.
Тут мы плаўна падыходзім да таго, з-за чаго я, па зразумелых прычынах, маю павышаную цікавасьць да біяґрафіі Андэрсэна, і што заўсёды вызначала невясёлы характар большасьці яго твораў — да яго асабістага жыцьця. У жыцьці Андэрсэн дамогся многага, але ніколі ня змог стаць па-сапраўднаму шчасьлівым, бо так ніколі і ня змог знайсьці каханьне.
Спачатку гэтаму перашкаджалі беднасьць і невысакароднае паходжаньне, але нават калі Андэрсэн дамогся вядомасьці і прызнаньня, ён усё роўна ня змог знайсьці тую, якая б змагла ацаніць яго як мужчыну. Пазбаўленьні, перанесеныя ў дзяцінстве і маладосьці, зьдзек у школе — усё гэта наклала на характар Андэрсэна моцны адбітак. Выяўляючыся сучаснай мовай, Андэрсэн пакутаваў ад моцнага комплексу непаўнавартасьці. Ён саромеўся ня толькі «невысакароднага» паходжаньня, але й моцна не любіў сваю зьнешнасьць. Ён лічыў свой твар непрыгожым, і ўвесь час фатаґрафаваўся, спрабуючы знайсьці ракурс, у якім ён выглядаў бы больш прывабна (хоць у тыя часы фатаґрафія толькі зьявілася і была рэдкай зьявай, з-за гэтай асаблівасьці Андэрсэна захавалася вельмі шмат яго здымкаў). Андэрсэн таксама камплексаваў з-за свайго росту. Сёньня, калі сярэдні рост датчаніна складае 183 см, Андэрсэн бы ніяк не вылучаўся з натоўпу, але ў тыя часы сярэдні мужчына меў усяго 160 сантымэтраў, і Андэрсэн са сваімі 185 см выглядаў каланчой, з-за чаго падвяргаўся кпінам.
Першым каханьнем пісьменьніка была вясковая дзяўчына на імя Рыборґ Войґт. Яна не змагла прыняць пачуцьцяў Андэрсэна, паколькі ўжо была заручаная з сынам мясцовага аптэкара. Калі пісьменьнік памёр, у скураным мяшочку, які ён насіў на шыі, знайшлі ліст ад Рыборґ, напісаны некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.
Малодшая дачка Ёнаса Коліна, юная прыгажуня Луіза, таксама калісьці была аб’ектам пакінутай без адказу страсьці Андэрсэна.
Моцныя ўражаньні ў свой час былі ў яго да Сафі Эрстэд, дачкі яго сябра, вядомага дацкага навукоўца хіміка і фізыка Ганса Эрстэда. Найбольш жа вядомай яго пасіяй стала швэдзкая опэрная сьпявачка Ені Лінд, якую празвалі «швэдзкім салаўём». Лічыцца, што казку «Салавей» Андэрсэн напісаў менавіта ў якасьці алеґорыі на свае пачуцьці да Лінд. Сьпявачка была малодшай за яго на 15 гадоў. У 1844 году 39-гадовы Андэрсэн сабраўся з духам і прапанаваў 24-гадовай Лінд стаць яго жонкай. Саромеючыся зрабіць гэта ўжывую, ён напісаў ёй ліст i прынёс яго да цягніка, калі яна зьяжджала на ґастролі. Лінд, аднак, адхіліла яго прапанову, напісаўшы, што ён для яе як брат, і што яна, тым не менш, зьяўляецца вялікай прыхільніцай яго творчасьці.
У самотных людзей заўсёды разьвіваецца мноства дакучлівых ідэй і дзіўных звычак, паколькі побач няма чалавека, які б змог на іх своечасова паказаць. Ня маючы магчымасьці паглядзець на сябе з боку, такія людзі часам моцна дапякаюць навакольным сваімі паводзінамі, самі таго не ўсьведамляючы. Не пазьбег гэтай долі і Андэрсэн. У яго была куча дзівацтваў і фобій. Якась разь ён прыехаў у госьці да анґельскага пісьменьніка Чарльза Дзікенса. Прагасьцяваўшы ў яго 5 тыдняў, Андэрсэн так надакучыў раманісту і яго жонцы, што тыя прама папрасілі яго зьехаць. Дыкенс пасьля ні разу не адказаў на лісты Андэрсэна, з-за чаго той да канца жыцьця вельмі перажываў.
У Андэрсэна ніколі так і ня здарылася ні з кім ўзаемнага каханьня, нягледзячы на гарачае жаданьне яго знайсьці:
Божа Ўсемагутны, толькі Ты ёсьць у мяне, Ты кіруеш маім лёсам, і я павінен аддацца Табе! Дасі мне сродкі да існаваньня! Дасі мне нявесту! Мая кроў хоча каханьня, як і маё сэрца!
Г. К. Андэрсэнарыґінал
Almægtige Gud dig alene har jeg, Du styre min Skjæbne, jeg maa hengive mig Dig! Giv mig Udkomme! Giv mig en Brud! mit Blod vil Kjærlighed, som mit Hjerte vil det.
Трэба адзначыць, што Андэрсэн усё жыцьцё быў вельмі рэліґійным чалавекам. Хрысьціянскія матывы і адноскі да Бібліі вельмі часта сустракаюцца ў яго казках, праўда, мы гэтага ня ведалі — у савецкіх выданьнях яго кніг яны заўсёды выразаліся цэнзурай. Напрыклад, у казцы «Сьнежная каралева» (Snedronningen, 1844) былі выдаленыя згадкі пра псалм, які сьпявалі Кай і Ґерда, пра тое, што Ґерда ўціхамірыла ледзяныя вятры, якія ахоўвалі шлях да Сьнежнай каралевы, прачытаўшы «Ойча наш», або што бабуля ў канцы казкі чытала ня проста кнігу, а Дабравесьце ад Матфея («калі ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства нябеснае»). З кнігі таксама былі выразаныя некалькі згадак Хрыста.
Рэліґійнасьць была адной з прычын, па якіх Андэрсэн памёр нявіньнікам. Мары пра сапраўднае каханьне, аформленае па ўсіх канонах хрысьціянскага шлюбу, не дазвалялі яму рэалізаваць свае жаданьні пры дапамозе дзеўчын лёгкіх паводзінаў. Дарэчы, да прастытутак Андэрсэн усё ж заходзіў — на старасьці гадоў ён пачаў хадзіць па бардэлях, але не для задавальненьня нізінных жаданьняў, а каб чытаць куртызанкам мараль, безвынікова спрабуючы наставіць іх на шлях праўдзівы (гэтая звычка Андэрсэна таксама стала падставай для кпінаў). Падазраю, што ў рэальнасьці ім рухала ня толькі імкненьне выратаваць чыесьці душы, але й таемнае жаданьне зірнуць на маладых, разьняволеных дзяўчат, а заадно й суцешыць пачуцьцё непаўнавартаснасьці, што яго раздзірала, уявіўшы сябе бязгрэшным змагаром за маральнасьць, а тых, каму шлях у сьвет цялесных уцех быў адкрыты — пагіблымі грэшнікамі (каму як ня мне разумець сапраўдныя матывы паводзін такіх людзей).
Старасьць Андэрсэна была цяжкой. Нягледзячы на вядомасьць і ўсеагульнае прызнаньне, ён вельмі пакутаваў ад адзіноты і дэпрэсіі. У яго разьвіліся шматлікія фобіі і душэўныя засмучэньні. Ён працягваў мучыцца з-за сваёй асабістай незапатрабаванасьці, зайздросьцячы жанатым людзям, і ўсё яшчэ марачы пра жанчыну, якая б адказала на яго пачуцьці. Нажаль, гэтага так ніколі й не адбылося. Пад канец жыцьця ён вельмі цяжка хварэў, моцна пакутуючы ня толькі ад душэўнага болю, але й ад фізычнага. Памёр пісьменьнік 4 жніўня ў 1875 году ад рака печані, ва ўзросьце 70 гадоў. На пахаваньне сабраўся ўвесь горад. Прыйшоў кароль Даніі, члены ўраду, замежныя прадстаўнікі, розныя важныя і паважаныя людзі, простыя грамадзяне. Апошнім прытулкам вялікага казачніка сталі могілкі Асістэнс у паўночна-заходняй частцы Капэнгаґена.
Але яго імя засталося назаўжды несьмяротным, і здарылася гэта менавіта дзякуючы казкам, сумная нявіннасьць, чароўная фантазія і цёмны патас якіх па-ранейшаму не пакідаюць абыякавымі ані дзяцей, ані дарослых.