Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Елґава — горад дзяцінства

Елґаўскі край, Латвія, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Сёньняшняе апавяданьне будзе прысьвечанае месцам майго дзяцінства, таму звычайным наведвальнікам чытаць яго хутчэй за ўсё будзе нецікава. А вось тым, хто жыў на нашай вуліцы, напэўна, захочацца паглядзець на знаёмыя месцы, тым больш што большасьць людзей, хто тут жылі, былі неяк зьвязаныя з савецкай арміяй і таму вымушаныя былі зьехаць яшчэ напачатку або ў сярэдзіне дзевяностых.

Як ужо гаварылася ў мінулым апавяданьні, назва нашай вуліцы — «Lidotāju iela» — перакладаецца як «вуліца лётчыкаў». Тут жылі ў асноўным сем’і вайскоўцаў, многія зь якіх, уключаючы тату, служылі на Елгаўскім ваенным аэрадроме. З 1983 па 1986 год мы жылі ў чырвоным доме, потым, калі пабудавалі пяціпавярхоўку зьлева, пераехалі ў яе. У студзені 1993 гады эскадрыльлю вывелі, і ў наступныя пару гадоў адсюль зьехалі амаль усе, хто тут жыў. Мы жа з мамай і сястрой фактычна жылі тут да верасьня 1996 году.

Lidotāju iela

 

У нашым двары амаль нічога не зьмянілася, хіба што адных дрэў ня стала, а іншыя вырасьлі. Бярозы былі высаджаныя ў выглядзе саджанцаў ў год пабудовы дому, вярба таксама пры мне была яшчэ вельмі маленькай. А вось вялікага дрэва, што стаяла каля пясочніцы, ужо няма.

Lidotāju iela, 1

 

Але пясочніца, горка — усё на месцы. Адламаная арэль кудысьці зьнікла, а папярочка ад яе стаіць як ніколі нічога. Уздоўж платоў раней былі зарасьнікі крапівы і яшчэ нейкай высокай травы, а сам плот быў заўсёды аблеплены сьлімакамі, цяпер траву пэрыядычна падразаюць.

Двор нашага дома

 

Шыфэр з навесаў для сушкі бялізны даўно абляцеў, але іх ніхто не прыбірае і не рамантуе. Калісьці ў разваротным тупічку каля іх стаяў жоўты «запарожац» татавага саслужыўца дзядзі Сярожы, які жыў у крайнім пад’ездзе і ўвесь час ляжаў пад машынай, нешта рамантуючы (узьнікала пачуцьцё, што гэты «запарожац» быў не для язды, а выключна для рамонту). За домам была вялікая пустка, якую мы называлі «балотам», і часта там гулялі. Раней на тым месцы былі прыватныя хаты, якія паступова расьсялілі і зьнесьлі, бо зьбіраліся будаваць яшчэ адну пяціпавярхоўку. Але плянам не наканавана было спраўдзіцца, таму месца шмат гадоў пуставала, а цяпер там ізноў усё забудавалі катэджамі.

Двор нашага дома

 

Мы жылі на 2 паверсе ў 3 пад’ездзе (каля яго стаіць машына), спачатку ў двухпакаёвай кватэры (справа), а ў 1991 годзе пераехалі ў трохпакаёўку насупраць (зьлева).

Наш былы дом

 

Ніякіх замкоў на ўваходных дзьвярах не было (дамафоны ў Латвіі рэдкасьць), зайсьці ў пад’езд было нескладана. Пад’езд выглядае даволі ўбога, таму што за ўсе 30 гадоў існаваньня будынак ні разу не рамантаваўся. Усе знаёмыя з дзяцінства надпісы на сьценах выдатна захаваліся. У кватэры зьлева (якраз пад намі) жыла цётка Рэгіна, якую я аднойчы затапіў.

Еаш пад’езд

 

Другі паверх. Зьлева — дзьверы кватэры №31, дзе мы жылі з 1991 па 1996 год. Парашут з кнопак на абіўцы рабіў тата, а новы гаспадар нічога не мяняў. Справа — дзьверы кватэры №33 (там мы жылі з 1986 па 1991). У суседзяў пасярэдзіне быў сын Андрэй (трохі маладзейшы за мяне), зь якім я часам камунікаваў, хоць блізка й не сябраваў, а пазьней нарадзілася дачка.

Наша лесьвічная пляцоўка

 

Сьмецьцеправод ў нашым пад’ездзе ніколі не працаваў (што, дарэчы, нармальна, сьмецьцеправод гэта няўдалае будаўнічае рашэньне, з-за якога ў пад’езьдзе разводзіцца антысанітарыя). Аконныя рамы новыя — гэта адзінае, што тут памянялі.

Пад’езд

 

На 5 паверсе жыў мой сябар Ваня (цяпер ён жыве ў Курску, і ў нулявых я да яго пэрыядычна заяжджаў, але цяпер амаль не бачымся). Адсюль адкрываўся добры від, удалечыні была бачная вежа царквы сьвятой Ганны. Цяпер від у цёплую пару году закрываецца вырослымі бярозамі. Зьлева бачная недабудаваная хата дзядзькі Аўстрыса, у якога я жыў у гэты прыезд (праўда, жыў ня тут, а за горадам, а гэты дом ён будуе на продаж). У тыя часы ў іх была вельмі маленькая драўляная хаціна, мы з Ванем часам заходзілі ў госьці да маці дзядзькі Аўстрыса, добрай сталай жанчыны, якую мы называлі бабуля Аўсма.

Выгляд з 5 паверха

 

У пад’езда было 2 ўваходы. Каля таго, што выходзіў на саму вуліцу, была калясачная. Паводле задумы праекціроўшчыкаў, у ёй трэба было захоўваць дзіцячыя вазкі і ровары, але іх увесь час кралі, таму калясачная пуставала, а напачатку дзевяностых у ёй нейкі час была крамка. Паштовыя скрыні мне ў дзяцінстве вельмі падабалася разглядаць, яны былі ва ўсіх пад’ездах аднолькавымі, але кожны ў працэсе службы набываў унікальныя рысы — нейкі згараў, на нейкім былі лаянкі або прызнаньні ў каханьні, нейкі быў разьбіты ці не закрываўся. У нашым пад’ездзе згарэлай была скрынка №36, а яшчэ былі лішнія скрынкі 43 і 44 (яны вешаліся сэкцыямі па 4 штукі, а кватэраў у пад’ездзе было толькі 14; зрэшты, акрамя 5 жылых паверхаў быў яшчэ адзін, гарышча, і там былі якраз 2 дзьверы, што вялі на гарышча, так што колькасьць скрынь усё ж супадала з колькасьцю дзьвярэй, і маё пачуцьцё пэрфэкцыянізму было задаволенае).

Замест старых скрынь у пад’ездзе павесілі новыя, цяпер іх колькасьць супадае з колькасьцю кватэр.

Паштовыя скрыні

 

Зь іншага боку знаходзіўся дом №2. Наша першая кватэра (№35) знаходзілася як раз у гэтым доме (другі пад’езд зьлева, 3 паверх, сэкцыя над уваходнымі дзьвярыма). Паверхам вышэй жылі нашы знаёмыя, я сябраваў зь іхным сынам Сяргеем і часта бываў у іх у гасьцях (цяпер Сяргей і яго малодшы брат Аляксей жывуць у Маскве і працуюць у авіябудаваньні, зь імі я некалькі разоў сустракаўся ўжо ў наш час). Праект дома быў у цэлым такі ж, але адрозьніваўся адсутнасьцю гарышча.

Чырвоны дом

У чырвоным доме таксама жылі сяброўкі сястры, дзяўчынкі-сёстры на імя Юля і Жэня. Яны запомніліся тым, што калі яны гулялі на вуліцы, ці прыходзілі да нас у госьці, Юля з маёй сястрой заўсёды супраць мяне аб’ядноўваліся і пачыналі ўсяляк тэрарызаваць, а Жэня заўсёды была на маім баку, падтрымлівала і спрабавала са мной сябраваць. Аднаго разу дзесьці ў раёне 2010 г. я паспрабаваў гэтую Жэню знайсьці ў інтэрнэце, і сапраўды знайшоў, але мяне яна згадаць не змагла, ды й жаданьня камунікаваць ў яе відавочна не было — мусіць, вырашыла, што чарговы інтэрнэт-прыхільнік набіваецца ў знаёмыя. Oh well.

У тым жа пад’ездзе жыла яшчэ адна дзяўчынка, зь якой сябравала сястра, а таксама сям’я мамінай сяброўкі, у якой быў сын Сяргей прыкладна майго ўзросту (зь ім мы потым абменьваліся картрыджамі), і малодшая дачка Марына. З Сяргеем я пасьля іх ад’езду не камунікаваў, а з Марынай мы праз 15 гадоў бліжэй пазнаёміліся па інтэрнэце, і хоць у рэале не бачыліся, да гэтага часу зрэдку перакідваемся парай фраз у інтэрнэце.

Навогул, дзяцей на вуліцы было вельмі шмат — як не згадаць, што ў васьмідзесятыя быў пік нараджальнасьці. З кімсьці мы размаўлялі, з кімсьці разам вучыліся, на кагосьці я забыўся, кагосьці запомніў вельмі добра, аднак, пасьля таго, як усе разьехаліся, нікога зь іх ня бачыў, і ў большасьці выпадкаў нічога ня ведаю пра іх далейшы лёс. З некалькімі людзьмі размаўлялі ў інтэрнэце, але, як звычайна бывае ў такіх выпадках, далей за невялікі дыялёг са спогадамі камунікацыя ня йшла.

На палосцы травы раней расьлі вялікія таполі, цяпер дрэвы зусім іншыя.

Вуліца Лідатаю

 

«Белы» дом (№4) быў пабудаваны па тым жа праекце, што й «чырвоны». Адна дзяўчынка, што тут жыла, Каця, са мной хадзіла ў садок і вучылася ў 1 клясе, і цяпер ёсьць у мяне ў сябрах, на астатніх жа ўсіх я ўжо забыўся.

Белы дом

 

Хаця не, згадаў яшчэ каго-нікаго. У белым доме калісьці жыла дзяўчынка на імя Іра, якую мы з Ванем у 2 класе называлі «балотнай мымрай». Насамрэч яна была вельмі харошанькай, і, як потым высьветлілася, падабалася нам абодвум. Навогул, Ваніч у гэтым пляне быў вельмі хітрым — пры мне ён дзяўчынак называў мымрамі і ўродзінамі, а без мяне вёў за імі сэпаратныя заляцаньні. Я ж, як чалавек прамалінейны, заўсёды трымаўся ад іх далей і сябраваць не спрабаваў, і гэта працягвалася да... да гэтага часу працягваецца. Хоць і ня рады ўжо, але паспрабуй зьмяні звычкам на сярэдзіне чацьвёртага дзесятка жыцьця. Што тычыцца Іры, то ейны далейшы лёс мне не вядомы.

Двары белага і чырвонага дамоў

 

Ззаду яго знаходзілася лужына, якую мы называлі «Чорным морам» (у супрацьлегласьць лужыне каля нашага дома, якая звалася «Балтыйскім»). Лужына была глыбокай, таму мы ў ёй часта гулялі. Як бачыце, «Чорнае мора» пачуваецца добра, а вось «Балтыйскага» у сувязі з адрамантаванай дарогай больш няма.

Лужына «Чорнае мора»

 

Былое «балота» за плотам.

Балота

 

Цывілізацыя!

Сабачая скрыня

 

На поўнач ад нашага раёна праходзіла вуліца Satiksmes, за якой быў вялікі панэльны раён. Там жа знаходзілася пошта (маленькі будынак), па баках якой стаялі 2 інтэрнаты. У абшчазе зьлева жыла дзіцсадкоўскія сяброўка маёй сястры на імя Даша. Сястра пазьней спрабавала яе знайсьці, але беспасьпяхова.

Пошта

 

Горка ў дварах ззаду гэтага інтэрнату — адна з нашых пунктаў прыцягненьня падчас сьнежных зім.

Горка

 

Наша вуліца выходзіла на стадыён 1 сярэдняй латыскай школы (цяпер Елгаўская сярэдняя школа тэхналёгій). Як ужо пісалася ў мінулым апавяданьні, менавіта ў гэтай школе ў 1989 годзе быў створаны вядомы латвійскі рок-гурт «Brainstorm».

Стадыён першай школы

 

На школьным стадыёне тырчаць усё тыя ж покрыўкі. Тут мы таксама вельмі шмат і часта гулялі. З гэтым стадыёнам зьвязаная маса успамінаў, напрыклад, як я тут вучыўся езьдзіць на двухколавым ровары. Я ня мог перамагчы страх адарваць ногі ад зямлі і мучыўся да позьняга вечара, пакуль мама не выйшла мяне шукаць. Убачыўшы, што ніякага прагрэсу няма, яна мяне пасадзіла на вэлік і моцна штурхнула ззаду, я ў паніцы зарапрацаваў нагамі і паехаў наперад, не падаючы, да таго часу, пакуль не заехаў у пясочніцу і не зваліўся там. Пасьля гэтага страх быў пераможаны, і я пачаў езьдзіць. Іншага разу на стадыён вывелі натоўп жаўнераў з разьмешчанай побач будбатаўской часткі (для тых, хто ня ў курсе савецкіх рэалій, будаўнічыя войскі ў СССР лічыліся найнепрыстыжнейшымі, туды бралі найбольш адсталых), а я як раз гуляў з цацачным пісталетам, вельмі падобным на сапраўдны. І вось адзін з гэтых жаўнераў яго запрыкмеціў і ў мяне адціснуў. Даведаўшыся пра зьнікненьне пісталета, тата, які сам быў афіцэрам, у той жа вечар зьявіўся ў частку разьбірацца. Усіх жаўнераў выстраілі на апазнаньне. У рэшце рэшт пісталет быў павернуты, а свавольніка чакалі праблемы.

Стадыён

 

На стадыёне таксама стаяла вялікая рама для прывязкі канатаў. Канатаў там ніколі не было, але затое па лесьвіцы можна было залезьці на вышыню прыкладна 2 паверха і спусьціцца па трубе, як гэта робяць пажарныя. Я ў дзяцінстве гэтага так і не зрабіў — баяўся, і часта думаў, што калі сюды вярнуся, то абавязкова спушчуся па трубе, колькі б гадоў мне не было. Нажаль, ня выйшла — рамы больш няма. Вакол трэка расстаўленыя мэталічныя слупкі, падобныя на гіганцкія цьвікі. Да гэтага часу загадка, у чым іх прызначэньне.

Школа

 

Памыйніцы стаяць на ранейшым месцы, а цаґляную будку для захоўваньня інвэнтара, што стаяла за імі, зьнесьлі. На будку мы залазілі па выбітым цаґлінам, як скалалазы, а потым зь яе скакалі.

Школа

 

Большая частка турнікоў на другім баку стадыёна захаваліся.

Турнікі

 

Зь іншага боку школы, за гэтым плотам, знаходзілася тая самая будбатаўская частка. Прама на выхадзе знаходзілася ПАРМ (палкавая аўтарамонтная майстэрня), з-за чаго назва «парм» ужывалася намі да ўсёй тэрыторыі часткі. На тэрыторыю «парму» мы часам прабіраліся, а потым драпалі ад аховы. Калі частку вывелі, і будынкі былі закінутыя, мы сюды таксама хадзілі, і адзін раз спалілі каханцаў, якія там спрабавалі адасобіцца. Хлопец, якому мы абламалі кайф, таксама спрабаваў нас дагнаць, але яго мы баяліся нашмат менш, чым ваенную ахову. Пазьней тут адкрыўся невялікі кірмашык, куды я хадзіў за разьліўным малаком. Плота ўздоўж дарогі, што агароджваў частку, цяпер няма.

Былы ПАРМ

 

Вуліца Meiju ceļš, былая Dzilnas iela.

Meiju ceļš

 

На скрыжаваньні яе з вуліцай Satiksmes разьмешчаны сеткавы супэрмаркет Maxima, які за савецкім часам быў раённай прадуктовай крамай. Мой першы ў жыцьці самастойны паход у краму адбыўся якраз тут. Збоку ад крамы знаходзіўся пункт здачы шклотары. Малако і кефір у СССР прадаваліся ў спэцыяльных шкляных бутэльках, якія мы ставілі пад ракавіну ў кухонную шафу. Калі ўсё запаўнялася бутэлькамі, маім абавязкам было спакаваць іх у сумку ад Д-1-5У, пасьля чаго тата адвозіў іх на здачу.

Крама «на Дзілнас»

 

За крамай таксама знаходзіўся панэльны раён, а далей — вялікі пустка з балотам.

Раён на ўскраіне

 

Напачатку дзевяностых на месцы балота выкапалі возера, якое за яго круглую форму з востравам пасярэдзіне сталі называлі «Бублікам». Першапачаткова ўсе берагі былі пясчанымі, і мы хадзілі сюды купацца, але цяпер усё зарасло, а на востраве вырасьлі дрэвы. За возерам знаходзіўся гаражны масіў, дзе ў таты быў гараж. Гараж мама прадала ў галодным 1995 годзе, амаль усё грошы сышлі на ежу.

Круглае возера

 

У гэтым жа раёне, на самай ускраіне, стаіць дом, дзе мы зь сястрой жылі ў мамінай знаёмай зь верасьня 1996 па кастрычнік 1997 года, калі мама зьехала на заробкі ў ЗША. Менавіта гэты час апісваецца ў апавяданьні «Айк».

Meiju ceļš, 43

 

Тут пачыналіся нашы з Айком доўгія шпацыры.

Meiju ceļš, 43

 

Цяпер пройдземся ад нашага раёну ў бок цэнтру. На вуліцы Traktoristu цяпер добры асфальт (раней яна была ўся ў калдобінах), а вось стары дом у канцы вуліцы зьнесьлі.

Traktoristu iela

 

Па гэтай дарозе мы хадзілі ў садок, пачатковую школу і ў ліцэй. Дарога ішла праз цыґанскі раён, што было небясьпечна, бо цыґанскія дзеці былі непрадказальныя. Яны на нас і нападалі, і да нас прыставалі, адзін раз нават замкнулі ў нейкай занедбанцы. Цяпер на гэтай вуліцы пабудавалі новы дом (зьлева, раней тут была пустка), але ён усё яшчэ незаселен (а пабудавалі даўно, мяркуючы па ґуґлаўскім праглядзе вуліц).

Цыґанскі раён

 

Дарога ідзе паўз гарбарны завод, гістарычны прамысловы будынак.

Ganību iela

 

Гістарычную вуліцу я вам ужо паказваў. Тут таксама жылі цыґаны. Цікава, па якой лініі яе адрэстаўравалі — у рамках аднаўленьня гістарычных будынкаў, або ў рамках эўрадапамогі цыґанам?

Vecpilsētas iela

 

За ёй ужо побач галоўная вуліца, таму ўсё вельмі добраўпарадкавана.

Krišjāņa Barona iela

 

Іду добра знаёмай дарогай налева.

Krišjāņa Barona iela

 

Там знаходзіўся мой дзіцячы садок. Называўся ён «Зорачка», бо туды хадзілі ў асноўным дзеці вайскоўцаў (большасьць дзяцей з нашай вуліцы таксама хадзілі сюды). Цікава, што назва захавалася да гэтага часу — «Zvaigznīte» (пільныя чыноўнікі прамігалі акупацыйнасьць гэтай назвы) Са сваіх выхавальніц я больш-менш запомніў Алу Аляксандраўну, якая вяла ў нас у старэйшай групе — у яе быў нізкі голас, сама яна была вельмі суровая. Падчас прагулак я вельмі любіў гуляць, што я самалёт — запускаўся, капіюючы гукі пры запуску Ан-2, расстаўляў рукі, і бегаў па двары, і Алу Аляксандраўну гэта вельмі раздражняла. У першы кляс мы таксама пайшлі прама ў гэтым будынку разам з усёй нашай групай (кляс знаходзіўся на 2 паверсе правага крыла). Першую настаўніцу звалі Аксана Яраславаўна, яна была жонкай аднаго з ваенных лётчыкаў і жыла на нашай вуліцы. Неяк раз я прапусьціў школу і замест гэтага паехаў з бацькамі на парашутныя скачкі катацца на верталёце, а адным зь пілётаў выявіўся як раз яе муж, што адперыў мяне за прагул).

Дзіцячы сад «Зорачка»

 

Асноўны арыентыр — «вежа зь пеўнем» (пра царкву ўжо двойчы пісаў у папярэдніх апавяданьнях, паўтарацца ня буду).

Царква зь пеўнем

 

Далей — машзавод, які падвергнуўся рэканструкцыі і атрымаў новыя вокны. Раней на кожным паверсе ішло адно доўгае суцэльнае акно.

Машзавод

 

Уезд на завод.

Уезд на завод

 

Пяройдзем на галоўную вуліцу. У гэтым маґазыне на рагу за савецкім часам прадаваліся цацкі, таму месца заўсёды было запаветнай марай. Менавіта тут я купляў цацачных катоў, пра якіх гаворыцца ў аповедзе «З жыцьця гумовых вырабаў».

Былы магазын цацак

 

Праз дарогу ад яго была малочная крама. Там вечна была чарга, і я, пакуль чакаў маму, любіў разглядаць зімовыя ўзоры на вялікіх вокнах. Цяпер крама ператварылася ў казыно. Нечаканая трансфармацыя. У Латвіі няма забароны на азартныя гульні, таму ігральныя дамы можна сустрэць у кожным горадзе.

Былы малочны

 

Паднімемся вышэй па вуліцы.

Liela iela

 

У гэтым будынку была цырульня, дзе мяне стрыглі, а ў дзевяностыя сюды перамясьціліся цацкі. Мы часта заходзілі сюды, каб галоднымі вачыма паглядзець на канструктары «Lego», грошай на якія ў нас не было. Калі мама прадала гараж, яна за

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

купіла мне набор №6544, дзе трэба было зьбіраць касьмічны шатл і самалёт-носьбіт. Вось ужо сьвята было — не перадаць! Блакітны жа марай быў набор №10159 «аэрапорт» — але ён каштаваў

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

— па тых часах гэтая сума для нас была проста астранамічнай. Калі мама зьехала на заробкі ў ЗША, яна яго ўсё ж ткі купіла і даслала. Пасьля гэтага аэрапорт стаяў на самым пачэсным месцы, займаючы палову стала. Ён у мяне да гэтага часу захаваўся, але ляжыць у скрынцы з 1999 году. Усё думаю, можна было б прадаць, бо калекцыянэраў рэтра-набораў шмат, але неяк шкада. Ці можа стаць легохабістам? Бо ёсьць жа дарослыя мужыкі, якія цэлыя гарады зьбіраюць.

Магазін цацак

 

Крыху далей — дубовы сквэр. Міма дуба я ў 6 і 8 класах хадзіў у ліцэй. Цяпер тут зьявілася вялікая скульптура лася — гэтая жывёла намаляваная на гербе Елґавы. На заднім пляне справа ад дуба бачна будынак царквы пяцідзесятнікаў. Будаваць яго пачалі яшчэ за савецкім часам, таму невядома, што там плянавалася першапачаткова. У клясе 3 ці 4 класе мы неяк раз па шляху са школы на гэтую будоўлю залезьлі, усё аблазілі, а потым зьявіўся вартаўнік. Ване ўдалося ўцячы, а мяне злавілі. Спачатку абяцалі кары нябесныя, але празь нейкі час правялі выхаваўчую гутарку і адпусьцілі.

Дубовы сквэр

 

Побач зь ім знаходзіцца Елґаўская мастацкая школа. У 6 клясе сюды хадзіў мой аднаклясьнік зь ліцэя Андрэй, а мне яна была па дарозе, таму мы часам са школы йшлі дасюль разам. Адна з рэчаў, пра якую я больш за ўсё ў жыцьці шкадую, гэта тое, што сюды не аддалі мяне. У дзяцінстве я вельмі любіў маляваць, за тыдзень змалёўваў цэлы альбом, дарослыя казалі, што ў мяне талент. Але аднаго таленту ніколі недастаткова, майстэрству трэба вучыцца сыстэмна. Нажаль, замест гэтага мяне аддалі ў басэйн. Плаваць я, вядома, навучыўся добра, але вось што ў гэтым толку? Плаваць можна і самастойна навучыцца. А спартовец зь мяне апынуўся нікуды ня варты — за ўсе 5 гадоў адзіным спартыўным дасягненьнем стала заняцьце 2 месца на дыстанцыі 50 мэтраў на сьпіне. Лепш бы я навучыўся маляваць. Бацькі, аддавайце дзяцей туды, куды яны самі цягнуцца, а не туды, куды цягнуліся вы.

Мастацкая школа

 

У хвіліне хады ад мастацкай школы — будынак, дзе знаходзілася наша 5-я пачатковая школа. Тут я вучыўся з 2 па 4 кляс (верасень 1990—травень 1993 году), у Аэліты Майсееўны Абушаевай. Цяпер у будынку разьмешчаная вячэрняя школа, а сам ён падвергнуўся рэканструкцыі і даволі моцна зьмяніўся з выгляду. Наш «б»-кляс знаходзіўся на 2 паверсе, у другім зьлева акне.

Былая пачатковая школа

 

На пляцоўцы каля будынку праходзілі ўрокі фізкультуры. Дарэчы, на фізры, нягледзячы на ​​заняткі спортам, я заўсёды паказваў найгоршыя вынікі ў клясе — падцягнуцца мог адзін раз, мячык кідаў так, што ўсе ржалі, і гэтак далей. Увогуле, падмурак для комплексаў быў закладзены ґрунтоўна. Ужо потым усьвядоміў, што проста ня выйшаў камплекцыяй — занадта тонкія косткі і мышцы не давалі дасягнуць прымальных вынікаў нават тады, калі некалькі гадоў амаль штодзень па 2 гадзіны займаўся ў качалцы. Ды й навогул, здаваць фізычныя нарматывы на адзнаку — гэта поўны кашмар, як і ўся савецкая школьная праграма фізкультуры. Вы ж памятаеце гэтыя ўрокі? «Раўняйся! Сьмірна! Таварыш настаўнік, 2 „б” кляс да ўроку фізкультуры гатовы! Напра-во! Крокам марш!» Каму патрэбная гэта ваеншчына? Каму патрэбныя гэтыя падцягваньня на ацэнку? Гэта толькі стварала комплексы ў дзяцей, якія ня выйшлі фізычнай сілай (якая, да таго ж, у большасьці выпадкаў у жыцьці нічога не дае). Не, фізкультура ў школе павінна быць абавязкова, але яна мусіць ненадакучліва прывучаць дзяцей да спорту і фітнэсу (што карысна!), а не выклікаць у іх пачуцьцё непаўнавартаснасьці і вучыць хадзіць строем.

Двор школы

 

Насупраць школы ў савецкі час знаходзіўся горваенкамат, пасьля распаду СССР туды пасялілася муніцыпальная паліцыя.

Паліцыя

 

Адсюль можна дайсьці і да нашай сярэдняй школы. У раёне, празь які туды трэба ісьці, жыў іншы татаў аднапалчанін, дзядзька Слава. Раней ягоная сям’я таксама жыла на Lidotāju, я сябраваў зь яго старэйшым сынам Сяргеем і часта бываў у іх у гасьцях. Але потым яны пераехалі сюды, з-за чаго мы зь Сяргеем практычна спынілі камунікаваць (дзіўна як у дзяцінстве пераезд на іншую вуліцу гэта сур’ёзьней, чым цяпер — пераезд на іншы кантынэнт. Яны даволі рана зьехалі ў Расею, і я іх з тых часоў ня бачыў. Наколькі ведаю, Сяргей, у адрозьненьне ад мяне, пайшоў па сьлядах бацькі і стаў лётчыкам.

Раён Asteru iela

 

Я і сам у гэтым раёне пасьпеў пажыць ў зьмешчаным насупраць доме (на фота), з кастрычніка 1997 па травень 1998 году.

Дом на Asteru

 

А вось і сярэдняя школа, у тыя часы «сярэдняя расейская школа №5». Тут я вучыўся ў 5 і другой палове 7 клясу. Зьлева ад школы ў савецкі час пачалі будаваць басэйн, але пасьля выхаду Латвіі з СССР будоўлю замарозілі, і гэты даўгабуд стаяў там усе дзевяностыя гады (мы туды часам заходзілі, а старшакласьнікі бегалі туды на кожнай перамене паліць). Як бачна, басэйну быць тут быў ня лёс, прыбудову зьнесьлі, так і ня скончыўшы.

Елґаўская 5 школа

 

Акрамя ўрокаў фізкультуры стадыён запомніўся тым, што мы тут праходзілі так званую «летнюю практыку». Гэтым эўфэмізмам у СССР называлі прымусовае бясплатнае выкананьне школьнікамі абавязкаў школьнага тэхперсанала пасьля заканчэньня навучальнага года (пераважна ўборка школы і яе тэрыторыі). І хоць Саюза на той час ужо некалькі гадоў як не было, школы працягвалі займацца гэтым па інэрцыі. У нашым выпадку «практыка» заключалася ў тым, што мы ўручную палолі стадыённы трэк. Як паказаў хуткі пошук, у сучаснай Расеі нічога не зьмянілася, школьнікаў па-ранейшаму прымушаюць задарма працаваць прыбіральшчыкі і дворнікамі, хоць заканадаўча гэта было прызнана незаконным яшчэ ў 1992 годзе. У Латвіі ж такое больш не практыкуецца. Праца гэта добра, але любая праца мае быць добраахвотнай і аплачванай.

Школьны стадыён

 

Адна з вуліц, па якіх ляжаў шлях у сярэднюю школу.

Дарога ў школу

 

Raiņa iela, 42 — гэты будынак калісьці выклікаў жах і страх, бо тут была гарадзкая дзіцячая бальніца. Самым страшным было наведваньне зубнога, да якога мяне павялі ў 7 год, пасьля выяўленьня першай дзіркі. Перада мной у кабінэце была нейкая маленькая дзяўчынка, якая верашчала так, нібы яе катавалі. Потым зайшоў я. Сьвердзел бормашыны быў абрынданы ў нейкай дрэні, што засталася пасьля дзяўчынкі, доктарка проста абцёрла яе пальцамі, пасьля чаго прынялася за мяне. Сьвердзел прыводзіўся ў дзеяньне рамянём, ніякай анэстэзіі не было. Калі ў дзевяностыя у ліцэй прыяжджалі амэрыканцы, адзін зь іх быў зубным лекарам. Агледзеўшы тагачаснае абсталяваньне, ён сказаў, што падобнае ў іх выкарыстоўвалася 50 гадоў таму... Іш, бездухоўныя, затое мы ў космас першыя паляцелі!

Драўляны будынак шпіталя добра адрэстаўравалі, праўда, сапсаваўшы шклопакетамі. Цяпер тут нейкі мэдцэнтр.

Былая дзіцячая бальніца

 

У суседнім доме была аптэка.

Былая аптэка

 

Цяпер адправімся ўніз па вуліцы палкаводца Оскара Калпака (pulkveža Oskara Kalpaka iela, раней — Slimnīcas, т. б. «Бальнічная»). Уздоўж вуліцы ідуць выкладзеныя пліткай тратуары (раней даводзілася хадзіць па ўзбоччы).

Дарога ў ліцэй

 

Гэты ўчастак у тыя часы ня быў заасфальтаваны.

Дарога ў ліцэй

 

У самым канцы вуліцы знаходзіцца Елґаўскі тэхнікум (у мінулым — Тэхнічны ліцэй, у савецкі час — прафтэхвучэльня №45). «Соракпятка» доўгі час мела благую славу, пакуль у васьмідзесятых гадах дырэктарам не прызначылі Аляксандра Гарадзінскага. Гарадзінскаму атрымалася пераўтварыць «крымінальную ПТВ» ва ўнікальную навучальную ўстанову, пра якую пісалі, і зь якой супрацоўнічалі прафэсары з Эўропы і Амэрыкі.

тэхнічны ліцэй

 

У 1990-х гадах Гарадзінскі арганізаваў пры ліцэі прыватную школу, якая атрымала назву Тэхналягічнага ліцэя. У гэтай школе мне выпаў гонар правучыцца ў 6 (1994—1995) і 8 (1996—1997) клясах. Гэта быў адзіны час, калі вучоба і наведваньне школы дастаўлялі мне задавальненьне, тут было шмат выдатных настаўнікаў (больш за ўсё запомніўся настаўнік гісторыі, Юрый Міхайлавіч Галіцкі), вельмі добрая атмасфэра, і, галоўнае, наватарская праграма навучаньня, мэтай якой было выхаваньне думаючай асобы. На жаль, у 1997 годзе Гарадзінскага зьнялі з пасады дырэктара Тэхліцея, і ён зьехаў жыць у ЗША. Пасьля гэтага прыватная школа, якая зьмяніла ўладальніка, за некалькі месяцаў скацілася ў поўны трэш. Многія настаўнікі памяняліся, узровень адукацыі ўпаў ніжэй за плінтус, як і агульная атмасфэра, паколькі сюды адразу ж панапрыходзіла ўсялякіх адмарожаных мажораў. Дзесьці ў нулявых школа зачынілася. Ну а тэхнікум стаіць на тым жа самым месцы. Будынак прайшоў інтэнсыўную рэнавацыю і атрымаў новыя прыбудовы.

Тэхнічны ліцэй

 

Прайсьці на тэрыторыю цяпер нельга, бо яна абгароджаная. Аўтамабільны ўезд ліквідавалі, ператварыўшы ў пешаходны праход, стаянка стала пляцоўкай.

Тэхнічны ліцэй

 

Насупраць, праз дарогу — цяперашняя Елґаўская 4 пачатковая школа, у тыя часы — 3 расейская сярэдняя школа. У гэтай школе я не вучыўся, але, тым ня менш, менавіта яна адыграла ў маім жыцьці вырашальную ролю. Паколькі ў ліцэі не было кампутаровага клясу, на інфарматыку мы хадзілі сюды. Тут я ўпершыню ў жыцьці сеў за кампутар — гэта было ў 1994 годзе, тады там яшчэ стаялі старыя савецкія БК-0010. Потым я стаў хадзіць туды на кампутарны гурток, і паступова ў гэтую справу ўцягнуўся. У дзяцінстве я марыў кіраваць самалётамі, потым быў упэўнены, што стану навукоўцам-біёлягам, а стаў у выніку айцішнікам.

Былая 3 сярэдняя школа

 

Ад школы можна даволі хутка дайсьці да гарадзкога вакзалу, зь якога мы часта езьдзілі на электрычках у Рыгу або Юрмалу.

Елґаўскі вакзал

 

Ля вакзалу знаходзіцца паветраны мост праз шляхі, за якім разьмяшчалася некалі адзіная праваслаўная царква гораду (туды я не дайшоў), у якой мама, натхніўшыся адраджаемай па тэлевізары духоўнасьцю, у раёне 1990 году вырашыла пахрысьціць нас у веру праваслаўную, а заадно і пахрысьціцца самой. У той вечар я невядома навошта сказаў сьвятару, што сястра ў мяне амэрыканка, бо любіць класьці ногі на стол. Як аказалася пасьля, гэтыя словы выявіліся прароцкімі — сястра сапраўды стала амэрыканкай.

Паветраны мост

 

Найвялікшая праваслаўная царква гораду — сабор Сымона і Ганны, міма якога я хадзіў у басэйн. Будынак некалькі дзесяцігодзьдзяў стаяў закінутым, у сярэдзіне дзевяностых яго пачалі аднаўляць. Напрыканцы 1997 — пачатку 1998 году я жыў у пажылой жанчыны, якая была вельмі рэлігійнай і ўвесь час хадзіла ў царкву. Праз нейкі час я пераняў ейны прыклад, і даволі хутка сам стаў такім — у 14 гад чалавек, з аднаго боку, даверлівы, зь іншага — катэгарычны, таму яго вельмі лёгка падсадзіць на якую заўгодна рэлігію або ідэалёгію. На працягу наступных некалькіх гадоў я быў вельмі рэлігійным — маліўся, пасьціўся і хадзіў у царкву, старанна ігнаруючы супярэчнасьці паміж рэлігіяй і здаровым сэнсам, якія мне падсоўвала рацыянальнае мысьленьне. Але потым яно ўсё ж такі перамагло, я стаў адыходзіць ад рэлігіі і ў рэшце рэшт стаў перакананым атэістам і матэрыялістам (гл. Шлюб і развод з рэлігіяй, частка 1 і частка 2). Зрэшты, пра сваю падлеткавую рэлігійнасьць не шкадую, такімі рэчамі лепш перахварэць ў маладосьці, чым у старасьці.

Праваслаўны сабор

 

У пары хвілін хады ад сабора — дом спорту Латвійскага сельскагаспадарчага унівэрсытэту. Сюды я з 2 па 5 клясы хадзіў у школу плаваньня, хоць, як ужо гаварылася вышэй, у спорце асаблівых посьпехаў не дасягнуў. Будынак пабудаваны па тым жа праекце, што і палац спорту «Спартак» у Белгарадзе, куды я таксама хадзіў (націсьніце на фота ніжэй, каб іх параўнаць), і гэта тады здавалася дзіўным (пра тое, як шмат было ў СССР тыпавой архітэктуры, я яшчэ ня ведаў).

Басэйн

 

У гэтым будынку раней разьмяшчаўся гарадзкі галоўпаштамт. Запомнілася гісторыя, як я там неяк купляў канвэрты — «man lūdzu divus kovērtus!» — сказаў я дзяўчыне ў акенцы. «Šeit ir jūsu divas aploksnes!», паправіла маю расейска-латыскую трасянку дзяўчына, але зрабіла гэта неяк добразычліва і з усьмешкай. Але мне ўсё роўна стала сорамна, хоць, здаецца, і няма чаго было саромецца.

Былы паштамт

 

Што яшчэ паказаць? Вось гарадзкі рынак. Тут я бываў кожныя выходныя — трэба было дапамагчы маме данесьці пакупкі.

Рынак

 

Унівэрмаг «Rosme» побач ані кропелькі не зьмяніўся, ды й сам рынак таксама. Такі астравок дзевяностых. Як ужо пісалася, тут на мяне ў гэты прыезд напаў нейкі асацыяльны тып.

Rosme

 

Каля рынку знаходзіцца ТЗЦ «Tonuss», пабудаваны ў 1980-я гады як спартова-аздараўленчы цэнтр. Сюды мы з татам хадзілі ў лазьню, тут жа праходзіў мой першы год заняткаў плаваньнем у трэнэра Віці Манішава, цяпер ужо нябожчыка. У дзевяностыя будынак быў пераабсталяваны пад гандаль, у нішу басэйна паставілі шапікі. У адным з такіх шапікаў я ўвясну 1997 году купіў картрыдж з гульнёй «Супэр Марыё 3».

Тонус

Гісторыя з гэтай гульнёй пачалася ў 1994 годзе, калі мама купіла мне гульнявую прыстаўку UFO (кітайскі клён Нінтэндо). Картрыдж я браў у хлопчыка з дома насупраць, і гэтая гульня мне проста небывала падабалася. Але потым яны зьехалі ў Расею, магчымасьць гуляць у Марыё 3 зьнікла. Дзе я толькі яе пасьля гэтага не шукаў! Маме, якая адпраўлялася на базар у Вільні, заўсёды давалася даручэньне знайсьці гэтую гульню, і заўсёды ёй не ўдавалася гэтага зрабіць. Я шукаў картрыдж ў Маскве, у Белгарадзе, але нідзе яго не было. І вось увясну 1997 году ён трапіўся мне ў шапіку «Тонуса», што гандляваў відэагульнямі. Картрыдж каштаваў цэлых

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

, але з гэтымі грашыма я разьвітаўся без шкадаваньня — пасьля некалькіх гадоў пошукаў я гатовы быў аддаць за яго ўсе тагачасныя зьберажэньні.

Вох, добра, стаміў я вас ужо гэтымі гісторыямі зь дзяцінства, трэба і меру ведаць. Найгалоўнейшае — што я адчуваў, калі хадзіў па гэтых месцах? Ды, шчыра кажучы, нічога асаблівага. Здаецца і знаёмае ўсё, але ўжо ня тое, чужое нейкае. Бо ў нейкае месца вярнуцца можна, а вось у нейкі час вярнуцца не атрымаецца ўжо ніколі.

Наш двор